Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяцісотгоднасьць» першай кнігі Скарыны пачалі новым перакладам Новага Запавету


Новы Запавет быў перакладзены з грэцкай наноў, але толькі ўдасканальвае ранейшыя пераклады. Кніга неўзабаве зьявіцца ў шэрагу кнігарняў.

Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў межах кампаніі «Будзьма Беларусамі» 29 красавіка далі старт кампаніі «Пяцісотгоднасьць», прысьвечанай выданьню Францішкам Скарынам першай друкаванай беларускай кнігі, «Псалтыра», 6 жніўня 1517 году. Каб годна адзначыць 500-годзьдзе гэтай падзеі, імпрэзы пачынаюць яшчэ ў 2016-м — і заклікаюць далучацца да кампаніі.

Першай падзеяй кампаніі стала прэзэнтацыя новага перакладу на беларускую мову Новага Запавету — збору з 27 кніг, які разам са Старым Запаветам утварае Біблію.

Няновы новы Новы Запавет

Новы пераклад «Новага запавету» са старажытнагрэцкай на беларускую (у клясычным правапісе) з 2011 году рабіў пастар і перакладчык Антоній Бокун. «Новы запавет» у ягоным перакладзе выдадзены накладам у 10 тысяч асобнікаў. Па словах перакладчыка Лявона Баршчэўскага (якія пацьвердзіў сам Бокун), новы пераклад мала адрозьніваецца ад папярэдніх, але ў многіх момантах удасканальвае іх.

Антоній Бокун

Антоній Бокун

Бокун жа кажа, што асноўнай мэтай перакладу было не ўдасканаленьне, а менавіта новае выданьне, бо дастаць Біблію і іншыя рэлігійныя кнігі па-беларуску ў Беларусі няпроста. Беларусь уваходзіць у 500-годзьдзе сьвяткаваньня беларускай Бібліі безь беларускай Бібліі — так сьцісла патлумачыў ён неабходнасьць новага выданьня.

Па-беларуску чытаюць 5% беларусаў. Будзе 6% — будзе посьпех

Кіраўнік Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская прывяла вынікі апытаньня 2014 году: 57% беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру прынамсі раз на месяц, 23% — прынамсі раз на год, а 18% — не чытаюць увогуле. 94% беларусаў аддаюць перавагу расейскай мове ў чытаньні, па-беларуску чытаюць толькі 5% беларусаў. Калі ж кампанія хоць на адсотак павялічыць колькасьць чытачоў беларускіх кніг, яе можна лічыць пасьпяховай, заўважыў вядоўца, літаратар Усевалад Сьцебурака.

Асноўныя прычыны таго, што па-беларуску не чытаюць, як пазначалі рэспандэнты, гэта недастатковае валоданьне беларускай мовай, малая колькасьць кніг любімых жанраў па-беларуску ды простая нязвыкласьць — адсутнасьць традыцыі чытаць па-беларуску. Пры гэтым рэспандэнты былі згодныя з тым, што трэба папулярызаваць беларускую літаратуру, для гэтага яны прапаноўвалі пераважна інфармацыйныя кампаніі, рэкляму, рэформу школы і сыстэмы адукацыі. Інфраструктура кніжных крамаў была на апошнім месцы сярод таго, што замінае чытаць па-беларуску.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч падкрэсьліў, што настолькі важная падзея, як выданьне беларускай кнігі ў 1517 годзе, дзяржава можа праігнараваць, як нядаўна праігнаравала 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы, 500-годзьдзе Аршанскай бітвы, 200-годзьдзе з нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, 100 год Максіма Танка і Аркадзя Куляшова. Сёлета, у «год культуры», практычна незаўважна прайшлі юбілеі Мележа, Шамякіна, Крапівы, Мулявіна. Зрэшты, згадаў Барыс Пятровіч, у савецкіх падручніках, па якіх вучыўся ён, было шмат інфармацыі пра «вялікага першадрукара» Івана Фёдарава і амаль ні слова пра Скарыну, шмат пра Лядовае пабоішча і амаль ні слова пра Грунвальд. Гэтым ён тлумачыць неабходнасьць грамадзкай кампаніі на 500-годзьдзе беларускай кнігі: «Каб ведалі, што ня нейкія Іваны бязродныя, як кажуць расейцы, а вялікая нацыя».

Чаму Скарына і чаму ў Празе?

Сярод іншых выступаў на прэзэнтацыі выбівалася паўгадзінная лекцыя пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Ён разважаў над тым, чаму абставіны склаліся так, што першая беларуская друкаваная кніга зьявілася менавіта там і менавіта тады, і была выдадзеная менавіта гэтым чалавекам.

Канвалют Бібліі Скарыны, фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Канвалют Бібліі Скарыны, фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Чаму Скарына? Арлоў згадвае, што Скарына з гонарам называў сябе «сынам Полацку» — месца пачатку «беларускага сьвету» і «нацыянальнага космасу», горада, які ў часы Скарыны культурным патэнцыялам пераўзыходзіў сталіцу Вільню. У Полацку Мацей Дзясяты за 10 год да кнігі Скарыны перапісаў першы на беларускіх землях поўны збор біблійных кніг, і Арлоў не сумняецца, што Скарына пра тое ведаў і тым мог натхніцца.

Чаму Прага? Скарына прыехаў у Прагу з італьянскай Падуі, дзе першым з усходніх славянаў атрымаў ступень доктара мэдыцыны. Арлоў мяркуе, справа ня толькі ў тым, што ў Празе ўжо былі некалькі друкарняў і свая друкаваная Біблія. Ён бачыць такую лёгіку Скарыны. У Карлавым унівэрсытэце вучыліся многія дзясяткі, калі ня сотні беларусаў-літвінаў (і сярод іх Ян Літвін, які заснаваў у 1480 годзе друкарню ў Лёндане). У 1410 годзе на Грунвальдзкім полі чэхі былі пабрацімамі літвінаў, пра што мусіў ведаць Скарына. Пазьней, калі пачаліся гусіцкія войны, чэхі запрашалі Вітаўта стаць чэскім каралём, ды Вітаўт адаслаў на дапамогу гусітам свайго пляменьніка Жыгімонта Карыбутавіча (той каранаваўся ў Празе ў 1422 годзе). У 1514 годзе перамогу нашых продкаў у бітве пад Воршай тры дні сьвяткавалі ў Празе — у тых урачыстасьцях мог бы браць удзел і сам Скарына. Магчыма, усё гэта разам сталася прычынай таго, што менавіта ў Празе выйшла Біблія Скарыны.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

І выйшла беларуская друкаваная кніга, беларускі пераклад Бібліі, раней за Біблію Марціна Лютэра, за польскую, францускую і ангельскую Біблію. Скарынаў Псалтыр зьявіўся за 30 гадоў да першай друкаванай кнігі на літоўскай мове, за 47 гадоў да расейскай. У часы Скарыны ў Масковіі не было кнігадруку, Скарына спрабаваў і там пашырыць справу кнігавыданьня, прывез свае кнігі ў Маскву, ды тыя кнігі склалі ў вогнішча. Скарына вярнуўся на радзіму — Арлоў тлумачыць гэта безданьню між культурнымі ўзроўнямі Вялікага княства і Масковіі. Івану Фёдараву пашчасьціла больш — ды, як згадвае Арлоў, Фёдараў насамрэч Федаровіч зь беларускага шляхецкага роду гербу «Шранява».

Сваю лекцыю Арлоў завяршыў ідэяй зьвярнуцца да ўладаў з прапановай зьмены даты сьвяткаваньня Дня друку — з 5 траўня, калі пачала выходзіць бальшавіцкая «Праўда», на 6 жніўня, калі выйшла першая беларуская друкаваная кніга:

«Мне думаецца, нашая ўлада ўжо сасьпявае для таго, каб, можа быць у год культуры ці ў наступны год 500-годзьдзя нашага друку, зрабіць такі крок, такія зьмены нашага календару».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG