Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не выключаюць аднаўленьня санкцыяў супраць беларускіх кампаній


Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тонэр

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тонэр

Рашэньне аб санкцыях у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў будзе прымацца з улікам шэрагу фактараў, асноўным зь якіх стануць вынікі парлямэнцкіх выбараў. Пра гэта заявіў у Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тонэр, паведамляе БелаПАН.

Учора ЗША працягнулі дзеяньне прынятага ў кастрычніку рашэньня пра частковае прыпыненьне санкцыяў супраць шэрагу беларускіх кампаній, працягнуўшы паслабленьне для абмежаваньняў супраць іх.

«Мы разглядаем гэта як стымул для ўраду Беларусі прыняць дадатковыя меры з пункту гледжаньня захаваньня правоў чалавека, свабоды СМІ, свабоды грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных выбараў, асабліва што тычыцца парлямэнцкіх выбараў 2016 году. Мы таксама разглядаем гэта як дапамогу ў падтрымцы эканамічнай незалежнасьці Беларусі, яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці», — заявіў Тонэр.

Сытуацыю з выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі прадстаўнік Дзярждэпартамэнту назваў «неадназначнай». Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што беларускі ўрад ужо дэманстраваў некаторыя крокі па ўрэгуляваньні дадзенай сытуацыі, на гэтым спыняцца рана.

«Сёньняшняе рашэньне зьяўляецца стымулам для беларускага ўраду, каб прыняць дадатковыя меры. Калі будзе прагрэс у гэтым кірунку, мы, безумоўна, зробім дадатковыя крокі. Калі не — застаецца варыянт аднаўленьня санкцыяў, калі спатрэбіцца», — заявіў Марк Тонэр.

Сэнатар Бэн Кардзін

Сэнатар Бэн Кардзін

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», сэнатар Бэн Кардзін зьвярнуўся зь лістом да памочніка дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд, якая курыруе ў Дзярждэпартамэнце пытаньні Беларусі, з заклікам да адміністрацыі «захаваць дзейную палітыку і не адмяняць санкцыі цалкам». На думку сэнатара, санкцыі павінны быць захаваныя як рычаг ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнка напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у верасьні 2016 году.

У сваім звароце да Вікторыі Нуланд сэнатар Кардзін адзначыў, што пры распрацоўцы патэнцыйных магчымасьцяў палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю ЗША «павінны бачыць сувымерны прагрэс у павазе правоў чалавека і вяршэнства права». Ён падкрэсьліў, што «адмена санкцыяў без сувымернага прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека да парлямэнцкіх выбараў у верасьні 2016 году пашле шкодны сыгнал ураду і шырокай беларускай грамадзкасьці».

XS
SM
MD
LG