Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начныя ваўкі» прыбылі ў Менск — актывісты БРСМ сустракалі іх з кветкамі


Прадстаўнікі пракрамлёўскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі». У цэнтры - Аляксандар Залдастанаў

Прадстаўнікі пракрамлёўскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі». У цэнтры - Аляксандар Залдастанаў

Прадстаўнікі пракрамлёўскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» прыбылі ў Менск і ля Кургана Cлавы зладзілі імправізаваны мітынг-рэквіем.

Калёна «Начных ваўкоў» у складзе прыкладна 50 матацыклістаў прыехала да Кургана Cлавы ў Менску. Да матацыклаў былі прымацаваныя сьцягі Расеі, СССР і сымболіка «Начных ваўкоў». На некалькіх матацыклах бачныя сьцягі Рэспублікі Беларусь. Узначальвае калёну Аляксандар Залдастанаў — прыяцель прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і заснавальнік байк-клюбу. Сустракалі іх каля 20 актывістаў БРСМ са сьцягамі і кветкамі.

Байкеры ўсклалі кветкі да Кургана Cлавы і зладзілі імправізаваны мітынг-рэквіем. Залдастанаў выступіў з прамовай, заявіў, што 9 траўня — сьвятая для ўсіх дата, і яны хочуць сустрэць яе на месцы капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны. Пасьля прамовы пачалося калектыўнае фатаграфаваньне. Далей байкеры плянуюць ехаць у мэмарыял у Хатыні.

Прадстаўнікі байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» зьбіраюцца правесьці мотапрабег да Бэрліну, іх і маршрут ляжыць празь Беларусь. Раніцай 1 траўня яны правядуць прэс-канфэрэнцыю ў Берасьці ў консульстве Расеі. Пасьля гэтага яны зьбіраюцца разам паехаць да памежнага пераходу «Варшаўскі мост». Летась іх маршрут на гэтым і спыніўся. Сёлета таксама могуць узьнікнуць цяжкасьці, бо Польшча ўжо абвясьціла, што не зьбіраецца прапускаць расейскіх байкераў на сваю тэрыторыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG