Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Уладу трэба мяняць: гэтыя словы проста лунаюць у паветры...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Беларуская рэчаіснасьць імкліва мяняецца, і зьмены гэтыя найчасьцей — ня ў лепшы бок. Менавіта такія назіраньні і высновы ўтрымліваюцца ў многіх лістах, якія мы атрымліваем у гэтыя красавіцкія дні.

Пачну сёньняшнюю размову з кароткага ліста на гэту тэму, які даслаў Дзьмітры Крот зь Менску. Слухач піша:

«За апошні месяц мой заробак на заводзе склаў крыху больш за два мільёны рублёў. Гэта, практычна, сто даляраў. Я ў гэтай сувязі ўвесь час згадваю, як Лукашэнка ў 2010 годзе на адным са сваіх чарговых так званых «усебеларускіх сходаў» абяцаў, што да 2015 году сярэдні заробак беларусаў наблізіцца да тысячы даляраў у эквіваленце. Ці ж ня зьдзек? А галоўнае, чаму ён не папрасіў прабачэньня за тое, што так нахабна падмануў свой народ? Можа, усё ж дачакаемся прабачэньняў? Кажуць, што сёлета зноў будуць праводзіць гэты «усебеларускі сход».

Сапраўды, чарговы сход, які як дзьве кроплі вады падобны да зьездаў КПСС, павінен адбыцца сёлета. На ім, як і раней, улада зьбіраецца зацьвердзіць сваю чарговую праграму на чарговую пяцігодку. Прычым праграма, як паабяцаў 26 красавіка Лукашэнка, будзе «абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай». Пад манілаўшчынай, трэба разумець, ён меў на ўвазе якраз тое колішняе абяцаньне пра тысячу даляраў. Не сумняюся, што дэлегаты ўсе як адзін дружна паднімуць рукі за гэту новую «рэалістычную» праграму. Абсалютна гэтак жа, як пяць год таму яны галасавалі і за тую «манілаўшчыну».

Пра неабходнасьць палітычных пераменаў у краіне разважае ў сваім лісьце на Свабоду Вольга Куксо з Барысава. Слухачка піша:

«Па размовах са знаёмымі, сябрамі, калегамі бачу: людзі сасьпелі да пераменаў. Пра тое, што жыць так далей нельга, кажуць нават тыя, хто ў мінулым лічыліся самымі зацятымі «лукашыстамі». Працы няма, заробкі і пэнсіі зьніжаюцца, эканоміка не расьце.... Хто ў гэтым вінаваты? Уладу трэба мяняць: гэтыя словы проста лунаюць у паветры. Цяпер вось і зручная магчымасьць набліжаецца: хутка ж парлямэнцкія выбары. Але ж ці выкарыстае гэту магчымасьць апазыцыя? Нешта ў мяне вялікія сумневы.... Зноў усё прамаргаюць, як заўсёды».

Мяркуеце, спадарыня Вольга, што дамагацца пераменаў — гэта справа толькі апазыцыі? Лукашэнка ўжо заявіў: парлямэнцкія выбары павінны прайсьці «як заўсёды». Гэта значыць, па старой завядзёнцы, арганізаваныя прызначанымі ўладай камісіямі, без незалежнага назіраньня і з загадзя вядомым вынікам. Пакуль само грамадзтва (ці, прынамсі, значная яго частка) не запратэстуе супраць гэтага, не запатрабуе сумленных і справядлівых выбараў замест прафанацыі і хлусьні — ніякая апазыцыя (а тым больш такая, як у Беларусі — малалікая і запалоханая) нічога ня зробіць.

Наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў працягвае аналізаваць магчымасьць і верагоднасьць зьмены геапалітычнага курсу Беларусі. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«Цяпер у Лукашэнкі зьявіліся асабліва актыўныя запыты на фінска-польска-балтыйскія мадэлі самасьційнага існаваньня, незалежнага ад Пуціна і Расеі. Тут можна і Дзьмітрыева з Караткевіч у саюзьнікі завабіць. Бо сытуацыя, сапраўды, патавая: далучыцца да Эўразьвязу немагчыма (Лукашэнку туды і ня хочацца); ператварацца ў Менскую фэдэральную акругу — таксама неахвота; аддаваць уладу Статкевічу ды іншым апазыцыянэрам — ну дзе ж такое бачана... Хочацца толькі аднаго: цараваць пажыцьцёва, як і дваццаць два гады дагэтуль.

...Папрокі старой апазыцыі на адрас Дзьмітрыева і руху „Гавары праўду“ нейкія зусім дзіўныя і нелягічныя. Так, „Гавары праўду“ спрабуе ў сёньняшніх рэальных умовах ажыцьцяўляць мэтодыку малых спраў, асобных крокаў. Можа, наверсе нешта з гэтага ацэняць ды ўхваляць. Канечне, крытыкаваць „праўдыстаў“ лёгка. Але як старая апазыцыя рэалізуе свае бескампрамісныя сцэнары — мы ведаем: правалаў за апошнія дзесяцігодзьдзі пабачылі нямала. Так, агульны тып функцыі „Гавары праўду“ міжволі схіляе да роздуму пра магчымую „руку спэцслужбаў Лукашэнкі“. Але на каго ці на што яшчэ спадзявацца? Надзеі на інтэрнэтную рэвалюцыю моладзі праваліліся. Гэтак жа наіўна разьлічваць на тое, што Захад сваімі санкцыямі пераможа Расею, а тая разваліцца на дробныя дзяржавы...».

Падазрэньні і папрокі адзін да аднаго ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі — даўняя і шырока распаўсюджаная ў апазыцыйным асяродзьдзі завядзёнка. Цяжка адмаўляць той факт, што спэцслужбы выяўляюць цікавасьць да апазыцыі і спрабуюць уплываць на яе. Але зводзіць толькі да гэтага прычыны ўсіх шматлікіх паразаў і няўдачаў наўрад ці варта. Перамагае толькі той, хто дзейнічае, актыўна працуе, сам здабывае сабе грамадзкую падтрымку. Якраз гэта — самае слабое месца многіх апазыцыйных партый і рухаў у Беларусі.

________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск−5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG