Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая ў Беларусі «шокавая тэрапія» ў эканоміцы?


Ці патрэбны Беларусі свой Бальцаровіч? Хто б мог ім стаць? Чаму Бальцаровіч прынцыпова не ўжывае тэрмін «шокавая тэрапія»?

Абмяркоўваюць Ян Максімюк, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш.

Максімюк: На мінулым тыдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў Лешака Бальцаровіча — архітэктара эканамічных рэформаў у Польшчы на пачатку 1990-х — сваім прадстаўніком у Кабінэце міністраў Украіны і стратэгічным дарадцам у справе рэфармаваньня ўкраінскай эканомікі. Некаторыя кажуць, што Парашэнка зрабіў гэта ў першую чаргу дзеля піяру, каб задобрыць замежных крэдытораў Украіны. Маўляў, прозьвішча Лешака Бальцаровіча, якое назаўсёды зьвязанае з пасьпяховай эканамічнай трансфармацыяй Польшчы ў посткамуністычны пэрыяд, павінна гарантаваць вяртаньне даверу заходніх фондаў і інвэстараў да ўкраінскіх уладаў, якія колькі ўжо часу запэўніваюць, што Ўкраіна сапраўды хоча рэфармаваць сваю эканоміку ў бок рынкавай, з такімі, як на Захадзе, правіламі эканамічных паводзін.

Гэты сёньняшні намер — цяжка пакуль сказаць, сапраўдны ён ці толькі піяр-ход? — узмоцнены тым, што ў Кабінэце міністраў Украіны знайшоўся яшчэ адзін вядомы эўрапейскі рэфарматар: Іван Міклаш, былы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Славаччыны, які ў сваёй краіне адыграў падобную ж ролю, як Лешак Бальцаровіч у Польшчы. Цяжка прадказваць, ці паслухаюцца ўкраінцы Бальцаровіча і Міклаша, але варта зноў прыгледзецца да досьведу эканамічнай трансфармацыі, якой кіравалі згаданыя мною сярэднеэўрапейскія палітыкі.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў Лешака Бальцаровіча сваім прадстаўніком у Кабінэце міністраў Украіны і стратэгічным дарадцам у справе рэфармаваньня ўкраінскай эканомікі. Некаторыя кажуць, што Парашэнка зрабіў гэта ў першую чаргу дзеля піяру

Я хачу коратка прадставіць досьвед гэтак званага «пляну Бальцаровіча», паколькі адчуваў яго наступствы, так сказаць, на ўласнай скуры, жывучы ў першай палове 1990-х у Польшчы. Пра славацкі досьвед эканамічнай трансфармацыі — пра які я дазнаваўся і ад самога Івана Міклаша, у інтэрвію, якое ён мне даў у 2011 годзе — магчыма, будзе нагода пагаварыць іншым разам.

Гэтак званы «плян Бальцаровіча», які потым атрымаў народную назву «шокавая тэрапія», пачаўся з таго, што пад канец 1989 году польскі парлямэнт прыняў гэтак званы «пакет Бальцаровіча» — 10 законаў, галоўным заданьнем якіх было здушыць вельмі высокую інфляцыю (640% у 1989 годзе) і падрыхтаваць грунт для пераходу эканомікі, якой кіравала дзяржава, на рынкавы шлях. Няма часу гаварыць пра ўсе тыя законы, я згадаю толькі некаторыя зь іх. Адзін з законаў даваў магчымасьць праводзіць працэдуру банкруцтва ў адносінах да нерэнтабэльнага прадпрыемства. Іншы абмяжоўваў фінансаваньне цэнтральным банкам дзяржаўнага дэфіцыту і друкаваньне грошай. Яшчэ адзін уводзіў адмысловы падатак, заданьнем якога было стрымаць рост заробкаў. Былі яшчэ два важныя законы — адзін зь іх фармальна санкцыянаваў беспрацоўе, а другі ліквідаваў дзяржаўную манаполію ў замежным гандлі. Трэба выразна сказаць, што гэтыя законы былі прынятыя ў значнай ступені пад уплывам патрабаваньняў заходніх крэдытораў Польшчы — як умова рэдукцыі замежнага доўгу краіны, які «назапасілі» камуністы за мінулыя два дзесяцігодзьдзі.

Сваёй асноўнай мэты Лешак Бальцаровіч дасягнуў — інфляцыя ў Польшчы зьменшылася: з 640% у 1989 да 60% у 1991 годзе, пад канец якога Бальцаровіч сышоў з ураду. І Бальцаровіч адразу ліквідаваў дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. Фактычна 1990 год Польшча скончыла зь бюджэтным прафіцытам.

Наступствам гэтых жорсткіх мераў бюджэтнай дысцыпліны і ашчаднасьці стала значнае пагаршэньне фінансавай сытуацыі большай часткі грамадзтва, якая працавала на нерэнтабэльных прадпрыемствах прамысловага і сельскагаспадарчага сэктару, ну і рост беспрацоўя. Ніхто не гаварыў пра беспрацоўе ў камуністычны пэрыяд. А тут раптам, пасьля фактычна году ажыцьцяўленьня «шокавай тэрапіі», беспрацоўе ў Польшчы стала вымярацца двухзначнай лічбай — у 1992 годзе яно было большае за 14%. Бальцаровіч стаў у Польшчы палітыкам вельмі непапулярным і сышоў з ураду пад канец 1991 году. Ён вярнуўся ва ўрад у 1997-м, хацеў правесьці наступную «шокавую тэрапію», гэтым разам рэфармуючы сыстэму падаткаабкладаньня, але ні грамадзкая атмасфэра, ні ўрадавая кааліцыя не спрыялі новай «эканамічнай рэвалюцыі» ў Польшчы. Сёньня сыстэма падаткаабкладаньня ў Польшчы амаль дакладна такая, якой яе хацеў бачыць Бальцаровіч пад канец мінулага стагодзьдзя, толькі што была яна ўведзеная не адразу, а паступова.

Крытыкі эканамічна-фінансавай палітыкі Бальцаровіча зьвярталі ўвагу, што такая імгненная эканамічная трансфармацыя, якой ён кіраваў, прывяла да непатрэбнага банкруцтва вялікай колькасьці польскіх прадпрыемстваў

Крытыкі эканамічна-фінансавай палітыкі Бальцаровіча зьвярталі ўвагу, што такая імгненная эканамічная трансфармацыя, якой ён кіраваў, прывяла да непатрэбнага банкруцтва вялікай колькасьці польскіх прадпрыемстваў, якія дзяржава магла б уратаваць, калі б не забрала сваёй падтрымкі. Наступствам гэтага, сьцьвярджаюць крытыкі, было тое, што Польшчу залілі імпартаваныя вырабы і што тыя прадпрыемствы, якія засталіся, былі прададзеныя амаль за бесцань заходнім інвэстарам.

Наколькі гэтая крытыка апраўданая, я не бяруся вызначаць, бо не эканаміст. Але пры гэтай нагодзе хачу зьвярнуць увагу на, як здаецца, унівэрсальную рысу эканамічнай трансфармацыі і перабудовы ў Сярэдняй Эўропе — у гэтым працэсе заўсёды выступае канфлікт паміж палітычным імпэратывам стымуляцыі эканамічнага росту і грамадзкімі коштамі такой стымуляцыі. На жаль, наш сьвет так пабудаваны, што далёка ня ўсе могуць быць капіталістамі і ўладальнікамі кампаніяў, і большасьць выбарцаў у кожнай краіне — гэта найманая працоўная сіла. І кошты эканамічнай трансфармацыі наагул мусіць плаціць гэтая найманая сіла. У Польшчы пад канец мінулага стагодзьдзя адным з найбольш вядомых палітычных лёзунгаў была фраза «Бальцаровіч мусіць сысьці», якую пусьціў у абыходак лідэр папулісцкай партыі «Самаабарона» Анджэй Лепэр. Бальцаровіч фактычна сышоў у 2007 годзе, калі перастаў быць кіраўніком Цэнтральнага банку, і з таго часу не адыгрываў ніякай істотнай ролі ў польскай палітыцы. Цяпер можа адыграць істотную ролю ва ўкраінскай.

Калегі, а вас я хацеў бы запытаць пра ролю, якую мог бы адыграць чалавек кшталту Лешака Бальцаровіча ў беларускай палітыцы. Ці наагул чалавек з такой роляй патрэбны ў Беларусі? Інакш кажучы, ці магчымая ў Беларусі «шокавая тэрапія» ў эканоміцы?

Глод: Спадзяваньні на тое, што ў Беларусі можа зьявіцца свой Лешак Бальцаровіч, рэальна існавалі. Мабыць, мала хто памятае, але пры Кебічу такім рэфарматарам выглядаў Міхаіл Мясьніковіч. Ён быў тады першым віцэ-прэм’ерам, вёў перамовы з МВФ і Сусьветным банкам і наагул меў імідж галоўнага беларускага рэфарматара. Цяперашняга прэм’ера Андрэя Кабякова напрыканцы 90-х называлі беларускім Чубайсам. Імідж рэфарматараў маюць цяперашні кіраўнік Беларускага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сяргей Румас і дзейны першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі.

Лукашэнка сабраў да сябе ўрад, кіраўніцтва Нацбанку і запытаўся: хто з вас можа цягам трох хвілін патлумачыць, што такое рынкавая эканоміка? Усе прамаўчалі

Усе гэтыя людзі, на мой погляд, маглі б стаць беларускімі Бальцаровічамі, магчыма, у іх нешта і атрымалася б. Але чаму так ня сталася? Тут да месца распавесьці адну гісторыю, якую мне распавядаў першы пры Лукашэнку кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір.

Лукашэнка сабраў да сябе ўрад, кіраўніцтва Нацбанку і запытаўся: хто з вас можа цягам трох хвілін патлумачыць, што такое рынкавая эканоміка? Усе прамаўчалі, бо як усяго за тры хвіліны гэта патлумачыш? Тады Лукашэнка канстатаваў: маўчыце, значыць, ня ведаеце. Таму будзем будаваць тое, што кожны з вас добра ведае — сацыяльную дзяржаву.

Вось з таго часу ў Беларусі і будуюць сацыяльную дзяржаву. Але яна і тады, і цяпер была ўмоўна сацыяльная дзяржава. Гэта ў Нямеччыне існуе моцная рынкавая эканоміка, і за кошт яе дасягненьняў можна падтрымліваць незабясьпечаныя пласты насельніцтва. У Беларусі ж рынкавай эканомікі ніколі не было. Але рэжым быў здольны некаторы час даваць ільготы і зьніжкі за кошт вялікіх расійскіх датацыяў. І гэта стварала ілюзію сацыяльнай краіны. Цяпер жа на падтрымку ілюзіі грошай не хапае. І пачынаецца банальная абдзіралаўка насельніцтва.

Цяпер непасрэдна пра Бальцаровіча. Я памятаю, што слухаў ягоны выступ у Менску. Пакапаўся ў сваіх старых блякнотах і знайшоў, што польскі эканаміст быў у нас два гады таму — 16 красавіка 2014 году.

І вось тры рэчы, на якія я тады зьвярнуў увагу:

Першая: самая вялікая небясьпека — у адсутнасьці рэформаў.

Другая: сам Бальцаровіч тэрмін «шокавая тэрапія» ніколі не ўжывае, бо людзі яго баяцца.

Трэцяя: плян Бальцаровіча можна ўжываць і для беларускай эканомікі:

«З эканомікай як з сухотамі: лекі не зьмяняюцца ў залежнасьці ад нацыянальнасьці хворага».

Так, на маю думку, плян Бальцаровіча можна было б ужыць у Беларусі і сёньня. Але Лукашэнка на гэта згоды ня дасьць.

Ільяш: Я думаю, што калі мы разважаем наконт пэрспэктываў шокавай тэрапіі ды наагул вялікіх і цяжкіх рэформаў, мы павінны разумець адну простую рэч. Ніводзін народ, ніводнае грамадзтва ня хоча шокавай тэрапіі самой па сабе. Абсалютная большасьць людзей у любой краіне хоча жыць добра ўжо сёньня і ня хоча ахвяраваць чымсьці нават на кароткі час. Гэта абсалютна натуральна, і гэта ніяк не залежыць ад палітычнай культуры ці традыцыяў.

З радасьцю ідуць на ахвяры толькі ў таталітарных грамадзтвах, наскрозь атручаных прапагандай. Таму шокавая тэрапія заўсёды выклікае незадавальненьне і нават масавыя пратэсты найбольш пакрыўджанай часткі грамадзтва

З радасьцю ідуць на ахвяры толькі ў таталітарных грамадзтвах, наскрозь атручаных прапагандай. Таму шокавая тэрапія заўсёды выклікае незадавальненьне і нават масавыя пратэсты найбольш пакрыўджанай часткі грамадзтва. Што тут казаць пра досьвед посткамуністычных ці постсавецкіх краін, калі нават у Вялікай Брытаніі ў 80-я гады жорсткая эканамічная палітыка Маргарэт Тэтчэр (якая ў выніку аказалася вельмі пасьпяховай) выклікала масавыя пратэсты і катастрафічнае падзеньне рэйтынгу ўраду.

Але калі мы прызнаем, што людзі хочуць жыць добра ўжо сёньня і ня хочуць ісьці на нейкія ахвяры, то мы павінны разумець і тое, што абсалютна ўсе хочуць жыць заўтра лепш, чым жывуць сёньня. То бок запыт на вынік шокавай тэрапіі (і вынік, вядома, пасьпяховы) заўсёды ёсьць. Таму пры любых рэформах, бадай, галоўную ролю адыгрывае палітычная воля і палітычныя здольнасьці кіраўніцтва краіны. Палітычныя эліты ў тым ліку павінны дапамагчы грамадзтву знайсьці той самы балянс паміж жаданьнем жыць лепш і жаданьнем моцна сябе не абмяжоўваць.

Што тычыцца палітычнай волі праводзіць рэформы, то ў Лукашэнкі відавочна яе няма — ён сваё стаўленьне да гэтага пытаньня выказваў ужо ня раз. Людзі, якія прыйдуць на зьмену цяперашняй уладзе, будуць, відаць, проста вымушаныя скарыстаць з шокавай тэрапіі, і вось тут чалавек кшталту Бальцаровіча (гатовы на рашучыя крокі ў эканоміцы) нам, безумоўна, спатрэбіцца. А вось ужо наколькі пасьпяховымі будуць тыя рэформы — гэта залежыць ад вялікага комплексу фактараў, у тым ліку такіх, як палітычныя і прафэсійныя здольнасьці рэфарматараў.

XS
SM
MD
LG