Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму яна пройдзе ў мёртвы летні сэзон? Ці зьявяцца падчас выбараў новыя твары? Чаму ўлады ад кампаніі да кампаніі прынцыпова не зьмяняюць выбарчае заканадаўства?

Абмяркоўваюць Ігар Ільяш, Ян Максімюк, Уладзімер Глод.

Ільяш: 27 красавіка старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам, што Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся з датай 11 верасьня для правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Афіцыйны старт выбарчай кампаніі плянуецца даць 7 чэрвеня. І хоць гэтая заява ня мае юрыдычнай сілы, малаверагодна, што агучаныя тэрміны будуць карэктавацца.

Ужо сама дата галасаваньня наводзіць на думкі пра характар будучай кампаніі. Чатыры папярэднія парлямэнцкія кампаніі таксама выпадалі на восень (верасень-кастрычнік), аднак яшчэ ніколі выбары не прызначаліся на такі раньні тэрмін. Дата 11 верасьня азначае, што выбарчая кампанія практычна ўся цалкам пройдзе летам — мёртвы сэзон у палітычным пляне. Безумоўна, для парлямэнцкіх выбараў гэта не настолькі адчувальная акалічнасьць, як для прэзыдэнцкіх (вядома, у дэпутаты можна вылучацца ня толькі праз збор подпісаў), але ўсё роўна магчымасьці для працы з электаратам будуць моцна абмежаваныя.

Дата 11 верасьня азначае, што выбарчая кампанія практычна ўся цалкам пройдзе летам — мёртвы сэзон у палітычным плян

Зрэшты, у сучасных умовах парлямэнцкая кампанія ў Беларусі электаральнага ажыятажу выклікаць у любым выпадку ня можа — з прычыны практычна нулявога ўплыву Палаты прадстаўнікоў на палітычнае жыцьцё краіны. На парлямэнцкіх выбарах пытаньне ўлады ў Беларусі не вырашаецца, і гэта, мне здаецца, разумеюць усе. Да таго ж для большасьці насельніцтва Палата прадстаўнікоў — гэта наагул фантомны орган, пра дзейнасьць і склад якога яны практычна нічога ня ведаюць.

Экспэрты апошнім часам шмат разважалі пра тое, ці пусьцяць у новую Палату прадстаўнікоў хаця б некалькіх апазыцыянэраў — маўляў, гэта б цалкам упісвалася ў так званую палітыку лібэралізацыі, спрыяла б наладжваньню стасункаў з Захадам, але пры гэтым ніяк не нашкодзіла б уладам. Аднак, на мой погляд, Лукашэнка за апошні месяц зрабіў шэраг заяваў, зь якіх можна адназначна выснаваць, што на гэты крок ён ня пойдзе. Яшчэ ў красавіку ён выказаўся ў тым ключы, што парлямэнт — справа сур’ёзная і гуляць у нейкую «незразумелую дэмакратыю» ён сэнсу ня бачыць. Падобную думку Лукашэнка выказаў і ў сваім звароце да Нацыянальнага сходу, калі заявіў, што выбары — гэта іспыт палітычнай культуры нашага грамадзтва, але спадзявацца на тое, што ў нас людзі да гэтага гатовыя, — нельга.

Сама па сабе апазыцыя падыходзіць да выбараў традыцыйна расколатай, хоць трэба прызнаць: некаторыя спробы аб’яднацца, ну ці хаця б дамовіцца аб каардынацыі сваіх дзеяньняў, усё ж такі робяцца

Ня думаю, што нейкія ілюзіі наконт сваіх пэрспэктываў мае і апазыцыя. Сама па сабе апазыцыя падыходзіць да выбараў традыцыйна расколатай, хоць трэба прызнаць: некаторыя спробы аб’яднацца, ну ці хаця б дамовіцца аб каардынацыі сваіх дзеяньняў, усё ж такі робяцца. Ці будуць гэтыя спробы хоць часткова пасьпяховымі або цалкам правальнымі, — на мой погляд, у гэтым, мабыць, галоўная інтрыга парлямэнцкай кампаніі. І вырашэньне гэтага пытаньня шмат у чым прадвызначыць разьвіцьцё апазыцыі на некалькі гадоў наперад.

Аднак гэта ўсё роўна ніяк не паўплывае на сам характар кампаніі, якая можа аказацца ня толькі самай сумнай, але і самай малазаўважнай у гісторыі сучаснай Беларусі. А на ваш погляд, калегі, якія інтрыгі тоіць у сабе будучая парлямэнцкая кампанія і чым гэтая кампанія будзе адрозьнівацца ад папярэдніх?

Максімюк: Я пагаджаюся зь Ігарам, што гэтая выбарчая кампанія можа стаць самай сумнай. Але для мяне інтрыга бачыцца ня ў тым, будзе ці ня будзе апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах (відавочна, што будзе), і ня ў тым, ці будзе яна аб’яднанай або разьяднанай.

Неактуальным мне бачыцца цяпер і пытаньне пра тое, ці пусьціць Лукашэнка некалькі апазыцыянэраў у Палату, ці не. Яно мела сэнс, калі апазыцыя яшчэ спадзявалася, што Захад, найперш Эўразьвяз, націсьне на Лукашэнку.

Неактуальным мне бачыцца цяпер і пытаньне пра тое, ці пусьціць Лукашэнка некалькі апазыцыянэраў у Палату, ці не. Яно мела сэнс, калі апазыцыя яшчэ спадзявалася, што Захад, найперш Эўразьвяз, націсьне на Лукашэнку. І спадзявалася, што наяўнасьць апазыцыі ў парлямэнце будзе ўплываць на адносіны Менску і Брусэля. І думала, што беларускі кіраўнік «прагнецца» перад Эўразьвязам. Пасьля таго як Брусэль зьняў санкцыі з бальшыні беларускіх чыноўнікаў, пытаньне пра тое, ці прапусьцяць каго зь вядомых апазыцыянэраў у Палату прадстаўнікоў, ці не, губляе сваю значнасьць.

Для мяне самае цікавае ў гэтай палітычнай кампаніі — ці зьявяцца ў шэрагах дэмакратычных сілаў новыя, сьвежыя твары? Я маю на ўвазе найперш маладых людзей з палітычнымі амбіцыямі, якім цяпер 25–30 гадоў, якія нарадзіліся фактычна на зломе камуністычнай эпохі або нават ужо ў незалежнай Беларусі. І якія абсалютна не абцяжараныя мінулым, як, напрыклад, Мікола Статкевіч ці Анатоль Лябедзька.

Вось калі зьявяцца такія маладыя людзі, якія зусім не абавязкова будуць прыпісваць сябе да нейкай палітычнай партыі, тады і зьявіцца інтрыга. Як яна была на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах, калі зьявілася Тацяна Караткевіч. Вядома, ніхто не разьлічваў, што яна скончыць кампанію посьпехам, але каб не Тацяна Караткевіч, то ніякай інтрыгі ў гэтых выбарах не было б.

Глод: Я хачу пагадзіцца зь Янам Максімюком у тым, што зьяўленьне сьвежых твараў можа сапраўды стаць галоўнай інтрыгай восеньскіх выбараў. І хачу нагадаць, што так званыя правацэнтрысты (а гэта АГП, БХД і рух «За свабоду») ужо падрыхтавалі свой сьпіс патэнцыйных кандыдатаў. Траціна зь іх — гэта людзі ва ўзросьце да 35 гадоў.

А ў цэлым я ўпэўнены, што сёлетняя парлямэнцкая кампанія прынцыпова ня будзе адрозьнівацца ад папярэдніх. Дадаткова ў гэтым меркаваньні мяне пераканалі словы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 27 красавіка. Ён сказаў, што мы і сёлета правядзем выбары, як заўжды, дэмакратычна. Тут галоўныя словы — «як заўжды». Гэта азначае, што і на сёлетніх выбарах апазыцыі ў выбарчых камісіях традыцыйна амаль ня будзе, што, зноў жа традыцыйна, незалежныя назіральнікі ня змогуць прасачыць, як рэальна галасавалі выбарцы.

Можна казаць, што і іншыя важныя этапы выбарчай кампаніі пройдуць «як заўсёды». Але я канцэнтруюся толькі на дзьвюх рэчах — фармаваньні выбарчых камісіяў і падліку бюлетэняў. Гэта таму, што галоўныя прапановы БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ тычацца менавіта зьмены практыкі фармаваньня выбарчых камісіяў і празрыстага, сумленнага падліку галасоў.

Але ж і цяпер у заканадаўстве нічога не зьмянілася: Цэнтравыбаркам — ня той орган, чые рашэньні выканкамы абавязаныя выконваць

Улады робяць выгляд, што ў краіне ідзе зьмяненьне практыкі прымяненьня выбарчага заканадаўства. Напрыклад, Цэнтральная выбарчая камісія заяўляе, што сёлета яна выдасьць мэтадычныя рэкамэндацыі і падрыхтуе пастанову, якія нібыта будуць абавязковымі для выканкамаў. Гэта вельмі важна, бо менавіта выканкамы і фармуюць склад выбарчых камісіяў. Але ж раней і тая ж Лідзія Ярмошына, і яе нязьменны памочнік Мікалай Лазавік заўжды скардзіліся нам, журналістам: у нас няма юрыдычных правоў абавязаць выканкамы фармаваць плюралістычныя выбарчыя камісіі. Мы можам ня болей чым толькі парэкамэндаваць. Але ж і цяпер у заканадаўстве нічога не зьмянілася: Цэнтравыбаркам — ня той орган, чые рашэньні выканкамы абавязаныя выконваць. І таму абраньня чальцоў камісіяў праз рэальны конкурс зноў ня будзе. Так, у некаторых выпадках прэтэндэнтаў рэальна будзе шмат. Але зноў жа, як заўсёды, у камісіі чамусьці трапяць не апазыцыянэры, а правераныя не адзін раз прадстаўнікі вэтэранскіх, прафсаюзных, жаночых арганізацыяў ды БРСМ.

Каб дзяржаўныя органы, якія абслугоўваюць дзейную ўладу і не жадаюць яе зьмены, не маглі ўсталёўваць свае правілы гульні ў выбарчай гонцы, гэтыя правілы павінны быць вельмі выразна акрэсьленыя і сфармуляваныя. Значыць, іх трэба прапісаць заканадаўча — напрыклад, у абавязковым парадку ўключаць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партыяў, якія заявілі пра ўдзел у выбарах. Тады выканкамы нікуды б ня дзеліся: у кожным выбаркаме гарантавана прысутнічалі б 3–5 апазыцыянэраў.

Пра гэта гаворыцца перад кожнай выбарчай кампаніяй. Але ж правілы гульні так і не зьмяняюцца. Па-ранейшаму выбарчыя камісіі дзейнічаюць не ў адпаведнасьці з законам — адкрыта і галосна, іх дзейнасьць праходзіць закрыта і негалосна. І ніхто ня ведае, чым займаецца выбарчая камісія, якія рашэньні і на падставе чаго прымае.

А што тычыцца пытаньня Ігара Ільяша наконт таго, ці пусьцяць улады апазыцыянэраў у Палату прадстаўнікоў, то я думаю, што ня пусьцяць. Улады адчуваюць сябе пакуль даволі ўпэўнена, і ім няма патрэбы пускаць апазыцыю ў парлямэнт, тым больш зь ёй узаемадзейнічаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG