Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто лепш спрагназаваў эканамічны рост Беларусі — урад ці Сусьветны банк?


Сусьветны банк заявіў, што рэцэсія ў Беларусі працягнецца да 2018 году. Улады абяцаюць эканамічны рост ужо сёлета. Чый прагноз больш рэальны?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Ян Максімюк.

Глод: Сьціплы рост эканомікі Беларусі адновіцца толькі ў 2018 годзе. Гэта на год пазьней, чым чакалася. Такі прагноз зрабіў учора эканаміст Сусьветнага банку Кірыла Гайдук на брыфінгу ў Менску.

Папярэдні прагноз экспэрты гэтага ж банку рабілі ў кастрычніку мінулага году. Тады ў іх было болей аптымізму — яны меркавалі, што рост — няхай і нязначны, усяго на 1%, — пачнецца ў 2017 годзе. Цяперашні прагноз на наступны год той жа — 1%, але са знакам мінус. То бок мяркуецца, што адбудзецца ня рост, а падзеньне беларускай эканомікі.

Сусьветны банк прагназуе і тое, што гадавая інфляцыя па-ранейшаму застанецца двухзначнай, хоць і спадзяецца на яе паступовае зьніжэньне: 14% — у 2016 годзе, 13% — у 2017, 11,5% — у 2018-м. Банк прарочыць і дэфіцыт бягучага рахунку плацёжнага балянсу.

Экспэрты называюць галоўныя пагрозы для беларускай эканомікі — гэта падзеньне попыту на беларускія тавары ў Расеі, унутраныя структурныя праблемы ў эканоміцы Беларусі, вострая патрэба ў зьнешнім фінансаваньні.

Урадавыя аналітыкі ўпэўненыя, што рост эканомікі, хоць і зусім малы (0,3%), пачнецца ўжо сёлета. У 2017 годзе тэмпы павялічацца, у тым жа наступным годзе інфляцыя зьнізіцца да адназначнай лічбы, а дэфіцыт плацёжнага балянсу будзе дастаткова шпарка скарачацца.

Натуральна, узьнікае пытаньне: каму верыць? Шукаючы адказу, я пачынаў думаць так. Экспэрты Сусьветнага банку — людзі незалежныя. Яны ў сваім аналізе і прагнозе адштурхоўваюцца ад рэальнага стану эканомікі. Яны вывучаюць разнастайныя матэрыялы, трэнды, якасныя зьмяненьні і г.д. У сваіх высновах яны незалежныя, ім усё роўна, што скажа пра іхныя прагнозы Лукашэнка, Кабякоў ці яшчэ хто зь беларускіх кіраўнікоў.

Урадавыя экспэрты — людзі залежныя. Таму ім трэба пакласьці на стол кіраўніцтву аптымістычны прагноз. Начальства павінна бачыць пазытыўную будучыню, асабліва ў год выбараў

Урадавыя экспэрты — людзі залежныя. Таму ім трэба пакласьці на стол кіраўніцтву аптымістычны прагноз. Начальства павінна бачыць пазытыўную будучыню, асабліва ў год выбараў. А ўвосень жа парлямэнцкая кампанія.

Вось і выходзіць: у незалежных аналітыкаў прагноз пэсымістычны, у беларускіх — аптымістычны. Хоць, на думку недзяржаўных беларускіх эканамістаў, улады з усіх магчымых варыянтаў абралі найгоршы — паступовай агоніі.

Хачу запытацца ў вас, калегі: а каму вы давяраеце болей? І на якія зьмены мусяць пайсьці беларускія ўлады, каб іх аптымізм ператварыўся ў рэальнасьць?

Ільяш: Тое, што беларускія ўлады абяцаюць: падзеньне эканомікі хутка зьменіцца ростам, — гэта ня дзіўна. У прынцыпе, улады любой краіны імкнуцца супакоіць народ, прыменшыць маштабы крызісу і нешта паабяцаць. Тым больш гэта ўласьціва беларускім уладам, якія не баяцца, што праз дэмакратычныя мэханізмы яны будуць вымушаны адказваць перад народам за свае пустыя абяцаньні.

Тут самы час згадаць штогадовыя прагнозы ўраду па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны, якія штогод не выконваюцца — у пэўным сэнсе гэтыя прагнозы ўжо сталі палітычным анэкдотам

Тут самы час згадаць штогадовыя прагнозы ўраду па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны, якія штогод не выконваюцца — у пэўным сэнсе гэтыя прагнозы ўжо сталі палітычным анэкдотам. Таму ставіцца да абяцаньняў уладаў трэба, вядома, крытычна.

Прагноз Сусьветнага банку выклікае значна больш даверу. Хоць, на мой погляд, і яго можна лічыць аптымістычным, бо насамрэч ён будуецца на меркаваньні, што ў беларускіх уладаў «існуе гатоўнасьць праводзіць структурныя рэформы», як сказаў учора кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Менску Ян Чул Кім. То бок Сусьветны банк у пэўным сэнсе паверыў беларускім уладам. А вось асабіста ў мяне ўпэўненасьці ў гэтым няма, тым больш што сам Лукашэнка ня раз публічна выступаў супраць рэформаў — маўляў, усё гэта нам непатрэбна. Але насамрэч менавіта гэтыя вялікія, структурныя рынкавыя рэформы могуць прывесьці да росту эканомікі ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве. І Сусьветны банк (дый ня толькі ён) фактычна пра гэта і кажа.

Максімюк: Я стаўлюся да абодвух гэтых прагнозаў з аднолькавай доляй скептыцызму альбо даверу. Чаму? Таму што гэтыя прагнозы будуюцца на нейкіх сярэдніх парамэтрах, якія мае цяпер беларуская эканоміка. І яны ніяк не бяруць пад увагу нечаканыя рэчы. Але якія нечаканыя рэчы могуць быць зь беларускай эканомікай, у якой усё стабільна?

Нечаканасьці могуць быць у эканоміцы расейскай, да якой беларуская вельмі моцна прывязаная і праз рынкі збыту, і праз кошты расейскіх энэрганосьбітаў. І тут абодва прагнозы зыходзяць з таго, што прынцыповых зьменаў у коштах ня будзе, як ня будзе істотнай зьмены каньюнктуры на зьнешнім і на расейскім унутраным рынках.

Нечаканасьці могуць быць у эканоміцы расейскай, да якой беларуская вельмі моцна прывязаная і праз рынкі збыту, і праз кошты расейскіх энэрганосьбітаў

А цяпер наконт таго, што трэба зрабіць у беларускай эканоміцы, каб падобныя прагнозы былі больш рэальнымі. Трэба мець фінансавую дысцыпліну ў эканоміцы, якой пакуль няма. Трэба спыніць падтрымку нерэнтабэльных, стратных прадпрыемстваў. Трэба мець зразумелую і ясную працэдуру банкруцтва. Трэба перастаць фінансаваць дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту эмісіямі Нацыянальнага банку.

Калі гэта, дый многае іншае, зрабіць, то тады і можна будзе казаць, што ў нейкім сэнсе магчыма будзе рэальна прадбачыць, як будзе разьвівацца беларуская эканоміка і якія паказьнікі можна ёй даваць.

XS
SM
MD
LG