Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарачая джазавая сямёрка беларусаў


Павел Аракелян
Павел Аракелян

Саксафаніст і кампазытар Павел Аракелян у Міжнародны дзень джазу піша пра сваіх улюбёных беларускіх джазавых музыкаў.

Павел Аракелян

Вітаю, вельцашаноўнае панства, да Міжнароднага дню джазу хацелася б зьвярнуць вашую ўвагу на сучасных беларускіх джазмэнаў, якія гэтай ўвагі, безумоўна, вартыя!

Адразу акрэсьлю, што гэта толькі мае асабістае меркаваньне, ды й некалькі пазіцыяў замала для таго, каб распавесьці пра ўсіх годных і добрых музыкаў, але ж паспрабую:

1. Нумар адзін для мяне ды й ня толькі для мяне, гэта першы джазмэн, які атрымаў званьне заслужанага артыста Беларусі, саліст дзяржаўнага канцэртнага аркестру, трубач Валер Шчарыца — музыка, чый уплыў на беларускі джаз складана пераацаніць, музыка сапраўды міжнароднага ўзроўню з імем якога зьвязана шмат легендаў. Вы й самі можаце ацаніць яго маэстарства нават па гэтым старым запісу.

2. Піяніст, клявішнік Зьміцер Хаменка, які цяпер працуе па кантракце ў Марока — экспрэсія, своеасаблівая манэра выкананьня, глыбокае пачуцьце музыкі і ўсё гэта — Зьміцер, граць разам з якім гэта кайф, які цяжка перадаць словамі! А вынік нашай сумеснай працы вы можаце паглядзець тут.

3. Бубнач Алесь Сапега, які цяпер таксама працуе ў Марока сумесна са Зьмітром Хаменкам. Пан Сапега ня толькі клясны бубнач, але й вядомы настаўнік, які ўзгадаваў плеяду маладых музыкаў найвышэйшага ўзроўню. Сталы ўдзельнік гурту «Apple Tea», дзе разам з басістам Ігарам Сацэвічам ён стварае самую сыграную рытм-сэкцыю ва ўсей Беларусі.

4. Саксафаніст Віталь Ямуцееў таксама сапраўдная легенда беларускага джазу, настаўнік, мультыінструмэнталіст, які акрамя таго, што ўдзельнічае ў шматлікіх праектах, такіх як «Apple Tea», яшчэ і сам зьяўляецца аўтарам маштабных сімфа-джазавых праграмаў, якія я настойліва раю наведаць, ці хаця б прагледзець па спасылцы.

5. Клявішнік ды арганіст Канстанцін Гарачы напэўна самы вядомы сэсійны музыка ва ўсей Беларусі, але акрамя гэтага ён проста шыкоўны, экспрэсіўны ды адчынены для арыгінальных ідэяў джазмэн новай фармацыі. Усе, што робіць Канстанцін, гэта заўсёды ўзор якасьці ды прафэсіяналізму.

6. Саксафаніст Аляксей Малахаў, які цяпер жыве й пасьпяхова працуе ў Нямеччыне, яшчэ да ад’езду быў адным з самых моцных саксафаністаў Беларусі. Але ж пасьля навучаньня й працы ў Германіі яго стыль моцна зьмяніўся і акрамя былой самабытнасьці ўзбагаціўся эўрапейскім гучаньнем і агулам ператварыўся ў тое, што музыкі называюць «свой саўнд». На гэтым відэа вы можаце пачуць яго на канцэрце ў Менску з Канстанцінам Гарачым, Цімафеем Біруковым ды Віталём Золатавым.

7. Бубнач Андрэй Маўрын, удзельнік прэзыдэнцкага аркестру РБ, але Андрэя, напэўна, ведае кожны беларускі музыка, як удзельніка ўсіх магчымых праектаў, ад джазу да поп-музыкі. Пры гэтым Андрэй зьяўляецца неверагодным выканаўцам, чыё адчуваньне найтанчэйшых нюансаў ды музычный глыбіні робіць яго цудоўным партнэрам для ўвасабленьня любой ідэі. Дазвольце для прыкладу прывесьці спасылку на мой праект «Аўтсайдэры» з прыўкраснай Людмілай Крукоўскай на басу.

Я вас пазнаёміў толькі зь некалькімі з музыкаў, якія, на мой густ, зьяўляюцца сапраўды заўважнымі фігурамі на прасторы сучаснага беларускага джазу, але іх нашмат больш! Ну й чаго? А таго! На канцэрты хадзіце часьцей:)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG