Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі вайсковец забіў армянскую сям’ю ў Гюмры з-за «шуму»


Расейскі салдат тэрміновай службы Валерый Пермякоў, якога абвінавачваюць у забойстве армянскай сям’і ў студзені 2015 году, на пытаньне, ці ён забіў членаў сям’і Авецісян, адказаў станоўча. Ён сказаў, што зрабіў гэта з-за «шуму».

«Быў шум, дзеці плакалі, а ў двары брахалі сабакі. Забіў, каб гэты шум спыніўся», — сказаў Пермякоў.

На ўдакладняючыя пытаньні (ці рабіў ён гэта ў адзіночку і хто штурхнуў яго на гэты крок) ён адказаць адмовіўся.

Адвакат Мігран Пагасян спытаў, што б сказаў Пермякоў, калі б ён даведаўся, што хтосьці забіў семярых чалавек. Той адказаў: «Сказаў бы, што ён псыхічна хворы, але я не такі».

На пытаньне свайго абаронцы Эдуарда Агаджаняна, ці рабіўся на яго ціск падчас дачы паказаньняў, Пермякоў адказаў адмоўна.

На пасяджэньні 29 красавіка скончылася абвяшчэньне папярэдніх паказаньняў Пермякова.

Салдата абвінавачваюць у тым, што 12 студзеня 2015 году ён пакінуў 102-ю расейскую вайсковую базу ў Гюмры, Армэнія, і забіў сям’ю зь сямі чалавек, у тым ліку двухгадовую дзяўчынку і паўгадовае дзіця, якое памерла ад атрыманых траўмаў праз тыдзень. Пермякова затрымалі пры спробе перасекчы мяжу з Турэччынай.

У жніўні мінулага году пяты расійскі гарнізонны вайсковы суд прызнаў Пермякова вінаватым у дэзэрцірстве са зброяй, крадзяжы і незаконным нашэньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. Расейскі суд прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму.

Справа па артыкуле «Забойства» была выдзелена ў асобную вытворчасьць і перададзена армянскаму боку.

Пермякову інкрымінуецца «забойства двух і болей асобаў, учыненае з асаблівай жорсткасьцю і спалучанае з разбоем», «разбой, зроблены з незаконным пранікненьнем у жытло, сховішча ці памяшканьне і з ужываньнем зброі ці іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці зброі» і «спроба незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы».

XS
SM
MD
LG