Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 красавіка: Міжнародны дзень джазу, велакарнавал, юбілей Уладзімера Цэсьлера


Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліць Велікоднае богаслужэньне ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Пачатак а 23:45.

Другі гарадзкі велапарад пройдзе ў Менску па маршруце парк Перамогі — «Менск-Арэна» — парк Перамогі. Месца збору — уваход у Парк Перамогі (перакрыжаваньне пр. Пераможцаў і пр. Машэрава). Пачатак у 13:30 — збор, у 15:00 — велапарад. Менскі веракарнавал пройдзе сёлета пад беларускамоўным слоганам «З колерам! З гонарам! З роварам!»

Прэзэнтацыя другога выпуску дзіцячага літаратурна-забаўляльнага альманаха «Гарбузік». Месца правядзеньня — Прастора «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9). Пачатак у 13:00.

Ёсьць нагода:

У праваслаўных — Вялікая субота.

У юдэяў — апошні дзень габрэйскага сьвята Песах.

У паганцаў — Вальпургіева ноч (Ноч вядзьмарак).

Міжнародны дзень джазу. Заснаваны ЮНЕСКА ў 2011 годзе з ініцыятывы ЗША. Ініцыятары аргумэнтавалі, што джаз, паходжаньнем амэрыканская форма мастацтва, уяўляе сабой «унівэрсальную музыку свабоды і творчасьці».​


Дзень у гісторыі:

1961 — у Менску адбылося вясельле Марыны Прусаковай і Лі Гарві Освальда, які праз два гады будзе абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта Кенэдзі.

1975 — закончылася вайна ў Віетнаме, сёньня ў гэтай краіне дзяржаўнае сьвята. У ЗША 30 красавіка адзначаецца дзень вэтэранаў вайны ў Віетнаме.

1992 — у Жэнэве было абвешчана, што тэхналёгія Сусьветнай павуціны, ці World Wide Web, цяпер больш вядомай як інтэрнэт, будзе для ўсіх бясплатнай.

1997 — адбыўся першы замах на таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона. У часе, калі ён прыехаў у Хаджэнт на сьвяткаваньне юбілею мясцовага ўнівэрсытэту, у яго кінулі гранату. Рахмон быў лёгка паранены ў нагу, ахова адкрыла агонь па людзях, былі забітыя і параненыя.

У гэты дзень нарадзіліся:

1881 — беларускі паэт Янка Журба.

Уладзімер Цэсьлер

Уладзімер Цэсьлер

1951 — беларускі мастак, дызайнэр Уладзімер Цэсьлер.

1883 — чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак, аўтар прыгодаў славутага салдата Швэйка.

У гэты дзень памерлі:

1945 — калі пачаўся штурм Рэйхстагу, пакончыў жыцьцё самагубствам Адольф Гітлер.

2011 — памёр аргэнтынскі пісьменьнік Эрнэста Сабата.

Цытата на памяць:

Вакол клубіцца ўжо туман,
Дубровы трушчыць ураган,
Лапоча сыч, як утрапёны.
Ты чуеш? — Крышацца калоны
Палацаў, гай гудзе зялёны,
Скрыгоча сучча і галлё.
І стогны волатаў-камлёў,
І енкі дзікія карэння.
І лямант-гвалт жывых стварэнняў,
І векавечныя кражы
Трашчаць, бы ссохлыя лаўжы;
І валіцца каменне ўпокат,
Пад сковыт дзікі і пад ёкат,
І ў прорвах заягліў, завіскаў
Шалёны продзімень вятрыскаў.
Чуеш крык — далей, бліжэй?
Чуеш енк — вышэй, ніжэй?
Там на схілах дзікіх гор
Заспяваў вядзьмарскі хор.

Фаўст. Ноч Вальпургіі (пераклад Васіля Сёмухі)

XS
SM
MD
LG