Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нерухомасьць Сяргея Аксёнава была арыштаваная за 5 месяцаў да анэксіі Крыму


Уся нерухомасьць прызначанага Масквой кіраўніка анэксаванага Расеяй Крыму Сяргея Аксёнава знаходзіцца пад арыштам і забаронай на адчужэньне з кастрычніка 2013 года.

Пра гэта сьведчыць выпіска з дзяржаўнага рэестра маёмасных правоў нерухомай маёмасьці, атрыманая крымскім журналістам Сяргеем Макрушыным.

«Гэта выпіска з дзяржаўнага рэестра маёмасных правоў, я купіў гэтую выпіску. Я афіцыйна набыў гэты дакумэнт, гэта даступна любому грамадзяніну Ўкраіны, па сутнасьці, гэта адкрыты рэестар », - распавёў сайту «Крым.Реалии» Сяргей Макрушын.



У выпісцы ёсьць інфармацыя пра тое, дзе, кім і па якой з пастановаў, паводле якога рашэньня накладзены арышт на маёмасьць Сяргея Аксёнава. Таксама ў дакумэнце ўказана, што такія абмежаваньні накладзеныя на ўсю нерухомую маёмасьць, што можа сьведчыць аб існаваньні крэдытных абавязальніцтваў Аксёнава перад банкамі.

«Мяркуючы па ўсім ў яго былі нейкія крэдыты, але гэта яшчэ трэба будзе высьветліць, канкрэтна за што маёмасьць арыштаваная. Гэта вялікі расьследавальны праект, над якім я пачаў працу», — дадаў журналіст.

Камэнтары Сяргея Аксёнава з гэтай нагоды адсутнічаюць.

22 сьнежня 2015 года Дзярждума Расеі прыняла законапраект, які дазваляе спаганяць з крымчанаў запазыкі перад украінскімі банкамі.

Дакумэнт дазваляе юрыдычным асобам, створаным паводле заканадаўства Расеі, патрабаваць ад жыхароў Крыму і Севастопаля запазыкі, якія былі перад украінскімі банкамі па стане на 18 сакавіка 2014 года. Запазыкі прапануецца спаганяць без працэнтаў і пені.

Пагашэньне запазычанасьці будзе ажыцьцяўляцца толькі ў расейскіх рублях, сказана ў законе. Прадугледжваецца абавязковая дасудовая працэдура ўрэгуляваньня спрэчкі паміж пазычальнікамі і крэдыторамі.

Пры канцы студзеня расейскі кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што расейскія Дзяржсавет і Саўмін Крыму падрыхтавалі ўзгодненыя прапановы па ўнясеньню зьмяненьняў у закон аб спагнаньні з крымчан крэдытнай запазычанасьці перад украінскімі банкамі, прыняты Дзярждумай Расеі ў канцы мінулага года. Сяргей Аксёнаў заклікаў дэпутатаў Дзярждумы пры абмеркаваньні новых заканадаўчых ініцыятыў «не забываць пра інтарэсы крымчан у частцы цывілізаванага ўрэгуляваньня праблемы запазыкаў».

Разам з Сяргеем Аксёнавым ў падобным скандале засьвяціўся і сьпікер падкантрольнага Крамлю парлямэнту Крыму Ўладзімер Канстанцінаў. Сума запазыкаў ТАА «Фірма» Кансоль ЛТД«, што зьвязана зь ім, і афіляваных зь ёй структураў на момант акупацыі Крыму Расеяй перад крэдыторамі-банкамі пераваліла за мільярд грыўняў, што называлася адной з магчымых прычынаў дзяржаўнай здрады Ўладзімера Канстанцінава.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 года пачаткам часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 года прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захад ўвёў шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвыспы і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG