Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Таджыкістану забаранілі імёны на «расейскі манер»


Новы закон забараняе выкарыстоўваць імёны з расейскімі канчаткамі «оў», «ова», «овіч» і «оўна».

Органы рэгістрацыі Таджыкістану перастануць рэгістраваць імёны з расейскімі канчаткамі «оў», «ова», «овіч» і «оўна». Рашэньне прынялі пасьля ўнясеньня паправак у закон аб Рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, распавёў Свабодзе Джалалідзін Рахімаў, намесьнік кіраўніка ЗАГС.

«Паводле гэтага закону прозьвішчы будуць фармавацца пры дапамозе таджыкскіх канчаткаў „зад“, „зада“, „ӣ“, „іён“, „фар“. Гэта карэнныя таджыкскія канчаткі. Напрыклад, Карымзад, або Карымзада. Але канчатак „зад“ не зьяўляецца прымусовым, грамадзяне могуць выбраць для свайго прозьвішча такія канчаткі, як «пур», - дадаў ён.

Па словах Рахімава, жыхары з «расейскімі» імёнамі і прозьвішчамі не абавязаныя іх мяняць. Аднак пры неабходнай зьмене дакумэнтаў, да прозьвішчаў будуць дадаваць таджыкскія канчаткі незалежна ад жаданьня чалавека. Нованароджаных таксама будуць называць выключна таджыкскімі імёнамі.

«Мы тлумачым, што мэта — таджыкізацыя прозьвішчаў, яны (людзі) разумеюць. Калі сытуацыя ня зьменіцца, то праз 10 гадоў нашы дзеці падзеляцца на дзьве групы, адна будзе ганарыцца сваімі таджыкскімі імёнамі, іншая — будзе насіць чужыя. Мы павінны мець нацыянальныя і патрыятычныя пачуцьці », - заявіў чыноўнік.

Мінюст Таджыкістана яшчэ ў красавіку 2015 году выступіў з ініцыятывай унесьці зьмены ў закон рэспублікі «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану».

Да яго распрацавалі адзіны рэестар таджыкскіх імёнаў. Этнічным таджыкам забаранілі называць дзяцей імёнамі, «чужымі нацыянальнай культуры»: назвамі прадметаў, прадуктаў, жывёл і птушак, што прыніжаюць гонар і годнасьць чалавека. Пад забарону таксама трапілі арабскія імёны і імёны якія падзяляюць людзей на касты, напрыклад, «мула», «шайх», «тура». За прадстаўнікамі не карэнных этнасаў пакінулі права называць дзяцей па сваім жаданьні.

***

Прэзыдэнт Таджыкістана яшчэ вясной 2007 года заклікаў скасаваць раесйскія канчаткі. Тады ж Эмамалі Рахмонаў зьмяніў прозьвішча на Рахмон. Прыклад прэзыдэнта паўтарылі шматлікія чыноўнікі.

Аднак трэнд пратрымаўся нядоўга. З-за нацыянальных імёнаў таджыкі адчувалі праблемы ў расейскіх аэрапортах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG