Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмяркуюць вызваленьне палонных на Данбасе


29 красавіка ў Менску адбудзецца чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы.

«20 красавіка ўсе бакі дамовіліся, што да Вялікадня — аднаго з самых важных праваслаўных сьвятаў — будзе спынены агонь і вызваленыя закладнікі. Вызваленьне закладнікаў сарванае. Тэст на міласэрнасьць і гуманізм пракрамлёўскія баевікі не здалі. Сёньня, напярэдадні вялікіх сьвятаў, заклікаем спыніць агонь, адмовіцца ад правакацый, для захаваньня жыцьцяў ваенных і грамадзянскага насельніцтва. Гэта тэст на чалавечнасьць», — напісала ў фэйсбуку першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады, прадстаўніца Ўкраіны на менскіх перамовах па Данбасе Ірына Герашчанка.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка таксама лічыць, што Велікодныя сьвяты стануць тэстам для Расеі што да яе прыналежнасьці да хрысьціянскай цывілізацыі:

«У гэтым годзе Вялікдзень стане тэстам для Расеі на яе прыналежнасьць да хрысьціянскай цывілізацыі. Каб прайсьці гэты тэст, Расея і яе марыянэткі павінны безумоўна спыніць агонь хоць бы на Вялікдзень.

Калі гэта будзе зроблена, я са свайго боку гатовы гарантаваць захаваньне рэжыму спыненьня агню з украінскага боку, з надзеяй, што ён набудзе пастаянны характар, не абмежаваны ў часе», — напісаў Пятро Парашэнка ў фэйсбуку.

Напярэдадні прадстаўнік Украіны ў трохбаковай перамоўнай групе па Данбасе Леанід Кучма сустрэўся з прадстаўніком Украіны ў гуманітарнай падгрупе Ірынай Герашчанкай.

Падчас размовы гаворка ішла пра ключавыя гуманітарныя аспэкты пасяджэньня 29 красавіка.

«Вельмі востра стаіць пытаньне зрыву вызваленьня закладнікаў. Нагадаю, 20 красавіка, падчас папярэдняга пасяджэньня Трохбаковай групы ў Менску, усе бакі падтрымалі ініцыятыву ўкраінскага боку і далі згоду на тое, каб такое вызваленьне адбылося перад Вялікаднем, — як жэст гуманізму і добрай волі. Аднак прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей не выканалі ўзятых на сябе абавязацельстваў.

Яшчэ адным важным пытаньнем зьяўляецца бясьпечная праца пунктаў пропуску на лініі судакрананьня ў дні велікодных сьвятаў. Мы настойваем: у жыхароў Данбасу павінна быць магчымасьць перасякаць гэтыя пункты бяз боязі за сваё жыцьцё і здароўе», — паведаміла прэс-сакратар Кучмы Дарка Аліфэр.

Некалькі дзён таму Ірына Герашчанка мела праблемы падчас уезду ў Беларусь. Як высьветлілася, на загад кампэтэнтных органаў Расейскай Фэдэрацыі, быў выдадзены загад не пускаць віцэ-сьпікера ў Беларусь. Пасьля звароту ў амбасаду Ўкраіны Герашчанка атрымала дазвол наведваць Беларусь — ён будзе дзейнічаць адзін месяц.

«Забарона на мой уезд у Рэспубліку Беларусь — гэта спробы трэцяга боку сарваць Менскі працэс. Але мы ўсьведамляем нашу адказнасьць перад украінскім грамадзтвам і ўкраінскай дзяржавай, і таму не дазволім сябе справакаваць», — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG