Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 29 красавіка: чытаньне «Чарнобыльскай малітвы», старт кампаніі «Пяцісотгоднасьць»


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Падзеі і даты дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня

Рада Эўропы правядзе ў Менску канфэрэнцыю на тэму прафэсійнай падрыхтоўкі судзьдзяў і пракурораў. («Прэзыдэнт-гатэль», вул. Кірава, 18. Пачатак а 9-й).

У Купалаўскім тэатры пройдзе чытаньне ўрыўкаў з кнігі Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва» ( тэатральнае кафэ «Аўстэрыя Уршуля», пачатак а 19-й).

Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» абвяшчаюць кампанію «Пяцісотгоднасьць», прысьвечаную юбілею беларускага друку. (Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3, пачатак а 18-й).

У Курапатах пройдзе цырымонія асьвячэньня крыжа памяці Вацлава Ластоўскага. Крыж вышынёй 5м стварылі з дубу на добраахвотныя ахвяраваньні мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юры Камандзірчык. (Урочышча Курапаты, пачатак а 14-й).

У сталіцы — адкрыцьцё сэзону фантанаў. Адноўленым адкрыецца ў прыватнасьці адзін са старэйшых фантанаў —"Хлопчык зь лебедзем" у Аляксандраўскім сквэры.

У гісторыі

1770 — Джэймс Кук упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

1918 — Цэнтральная Рада Ўкраіны прыняла канстытуцыю Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, якая так і не набыла моц. Нямецкія войскі акупавалі Ўкраіну, на патрабаваньне нямецкай акупацыйнай улады Цэнтральная Рада была распушчаная, ліквідаваная Ўкраінская Народная Рэспубліка і ўтвораны гетманат Паўла Скарападзкага.

1945 — войскі саюзьнікаў вызвалілі вязьняў канцлягеру Дахаў.

1975 — у часе віетнамскай вайны пачалася эвакуацыі амэрыканскага пэрсаналу з Сайгону.

1996 — выйшаў у сьвет першы нумар Беларускай энцыкляпэдыі.

1997 — Створана Арганізацыя па забароне хімічнай зброі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1884 — Самуіл Агурскі, беларускі і габрэйскі гісторык.

1899 — Дзюк Элінгтан, амэрыканскі кампазытар.

1921 — Мікола Ермаловіч, беларускі гісторык, літаратуразнаўца, адзін з заснавальнікаў новай беларускай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Галоўныя публікацыі: «Па сьлядах аднаго міту» (1989); «Старажытная Беларусь: Полацкі і Наваградзкі пэрыяды» (1990); «Старажытная Беларусь: Віленскі пэрыяд» (1994); «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000).

1940 — Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

У гэты дзень памерлі:

1924 — Міхаіл Пліс, беларускі праваслаўны сьвятар і грамадзкі дзяяч.

1931 — Яўхім Карскі, філёляг-славіст, мовазнаўца, фальклярыст, этнограф, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

1980 — Альфрэд Гічкок, амэрыканскі кінарэжысэр, клясык фільмаў жахаў.

2002 — Ігар Гермянчук, грамадзка-палітычны дзяяч, галоўны рэдактар газэты «Свабода» ў 1991–1997 гадах.

Цытата

Годзе крыўд і прыніжэньняў,
Годзе кпінаў і пагард!
Беларусь! У наступленьне!
І ні кроку больш назад!
Помніць больш за ўсё павінен
Беларускі край сьвяты,
Што калі сягоньня згінеш —
Не ўваскрэсьнеш болей ты!
Годзе нам чужацкі лад!
Годзе страху нам зьнікненьня!
Беларусь! У наступленьне!
І ні кроку больш назад!

Зь верша Міколы Ермаловіча «Беларусь, у наступленьне».

XS
SM
MD
LG