Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саратаве рэктар «абараніў» Расею ад «замежнага ўплыву»


Саратаў: рэктар мясцовага ўнівэрсытэту лічыць, што праблемы Расеі — ад ЗША і Ватыкану

Саратаў: рэктар мясцовага ўнівэрсытэту лічыць, што праблемы Расеі — ад ЗША і Ватыкану

Аляксей Чумачэнка выступіў супраць Сусьветнага дня моладзі ў польскім Кракаве і «тлятворнага ўплыву» Захаду.

Рэктар Саратаўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксей Чумачэнка зьвярнуўся да кіраўнікоў структурнага падразьдзяленьня ВНУ з просьбай прыняць меры, каб абмежаваць зносіны студэнтаў і супрацоўнікаў з замежнымі грамадзянамі. Адпаведны дакумэнт за подпісам рэктара апублікавала ІА «Вэрсія-Саратаў».

У якасьці прыкладу непажаданых кантактаў рэктар прыводзіць маючы адбыцца візыт фэдэральнага судзьдзі Заходняй акругі штату Аклахома ЗША Стывэна Фраёта і супрацоўніка амбасады ЗША ў Маскве. «Ёсьць падставы меркаваць, што маючы адбыцца візыт можа быць выкарыстаны для ўстанаўленьня кантактаў і ўключэньня ў сваю арбіту ўплыву пэрспэктыўных выкладчыкаў і выпускнікоў юрыдычных спэцыяльнасьцяў», — адзначае рэктар саратаўскае ВНУ.

Акрамя гэтага, Аляксей Чумачэнка лiчыць непажаданым ўдзел саратаўскіх студэнтаў у Сусьветным дні моладзі, які адбудзецца ў Кракаве ў канцы чэрвеня 2016 году. Мерапрыемства, арганізаванае, паводле зьвестак рэктара СГУ, Рымска-каталіцкай царквой, «можа быць выкарыстана з мэтай стварэньня пазыцый ўплыву і распаўсюджваньня празаходніх каштоўнасьцяў, а таксама тыражаваньня антырасейскіх меркаваньняў сярод моладзі». Рэктар просіць сваіх падначаленых паведамляць ва Ўпраўленьне арганізацыі выхаваўчай працы са студэнтамі СГУ (ці ва Упраўленьне міжнароднага супрацоўніцтва і інтэрнацыяналізацыі), калі стане вядома аб жаданьні студэнтаў прыняць удзел у мерапрыемстве ў Кракаве.

Ліст быў напісаны рэктарам па даручэньні віцэ-губэрнатара Саратаўскай вобласьці Дзяніса Фадзеева, які вырашыў давесьці да ведама выкладчыкаў і супрацоўнікаў клясычнага ўнівэрсытэту пра заяву Ўладзіміра Пуціна аб «пагрозах нацыянальнай бясьпецы», якую ён зрабіў на пасяджэньні калегіі ФСБ РФ 26 лютага 2016 году. Пуцін тады адзначыў, што «спробы зьнешняга ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычныя працэсы з выкарыстаньнем нацыяналістычных, ксэнафобскіх, радыкальных лёзунгаў, накіраваныя на раскол нашага грамадзтва».

Саратаўскае інфармацыйнае агенцтва адзначае, што дакумэнт падпісаны рэктарам СГУ, аднак ня мае выходнага нумару, а значыць, не ўваходзіць у сыстэму дакумэнтазвароту.

У адказ на запыт аб сапраўднасьці ліста прарэктар СГУ па вучэбна-мэтадычнай рабоце Алена Еліна пацьвердзіла, што такі зварот рэктара быў разасланы кіраўнікам структурных падразьдзяленьняў ВНУ. «Мы падтрымліваем палітыку прэзыдэнта Расеі і лічым, што тыражаваньне антырасейскіх ацэнак сярод моладзі зьяўляецца адной з пагроз нацыянальнай бясьпецы», — адзначыла прарэктарка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG