Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча


Гісторык Мікола Ермаловіч. Мастак Кастусь Харашэвіч (фрагмэнт карціны)

Гісторык Мікола Ермаловіч. Мастак Кастусь Харашэвіч (фрагмэнт карціны)

29 красавіка гісторыку Міколу Ермаловічу споўнілася б 95 гадоў.

Ларыса Геніюш казала Міколу Ермаловічу, што напісанае ім «на вагу золата па сваёй аб’ектыўнасьці і сумленным дасьледаваньні першакрыніцаў (...) Богу дзякаваць, што Вы можаце казаць праўду (...) Я вельмі рада, што праца Ваша прадаўжаецца. Ёй няма цаны! Бо вартаснае ўсё, што будуецца на фактах, на рэчаіснасьці... Хопіць ужо мітаў!»

Чалавек, які вярнуў нам гонар за Вялікае Княства Літоўскае, які, па сутнасьці, вярнуў нам НАШУ ГІСТОРЫЮ — герой новых 20 нечаканых фактаў.

1) Ставіўся да Леніна амаль гэтак жа, як і Антон Луцкевіч, які называў Леніна «геніяльным грамадзкім будаўніком»:

Мікола Ермаловіч

Мікола Ермаловіч

«Мною напісаны і апублікаваны шэраг прац, такіх, як кніжка „Дарагое беларусам імя“ [яго першая апублікаваная кніга. — В. Дэ Эм], артыкулы „Ленінскі летапіс Беларусі“, „У сьвятле неўміручых ідэй“, „Ленінскае бачаньне Беларусі“, „Ленін і Беларусь“». Ермаловіч быў аўтарам верша «Роздум ля помніка Леніну»:

Ён толькі між людзей меў шчасьце
І дыхаў поўнымі грудзьмі.
Хто мог яго так абакрасьці,
Высока ўзьняўшы над людзьмі.
Асілка, волата такога
Ніколі сьмерці не узяць,
Дык хто пасьмеў яго, жывога,
Ў граніце, бронзе пахаваць?

2) Яго «саюзьнікамі і аднадумцамі» былі Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс:

«...я прывёў раней невядомыя выказваньні К. Маркса і Ф. Энгельса пра Беларусь (...) Ф. Энгельс, разглядаючы нацыянальны склад Вялікага Княства Літоўскага і адзначыўшы наяўнасьць у ім як галоўных народнасьцяў літоўцаў, беларусаў і маларосаў (украінцаў), нічога не гаворыць аб захопе літоўцамі беларускіх і ўкраінскіх земляў і адзначае, што „ва ўладаньні саміх літоўцаў“ былі паўночныя правінцыі Прыбалтыкі (...) г.зн. толькі ўласна літоўскія землі (...) К. Маркс (...) глядзеў на Вялікае Княства Літоўскае як на славянскую рускую дзяржаву...»

Мікола Ўлашчык

Мікола Ўлашчык

3) Быў пакрыўджаны на Міколу Ўлашчыка:

«Маіх канцэпцый ён не прызнаваў. Я гутарыў зь ім, чытаў усё ягонае, ён усюды пісаў «Міндаўгас», «Вітаўтас»; «...сябры зрабілі спробу надрукаваць маю працу „Па сьлядах аднаго міта“, напісаную яшчэ ў 1968 годзе. (...) яе крэсьліў М. Улашчык, бо ўбачыў у ёй толькі домыслы. (...) Ніводнага аргумэнта супраць мяне ён ня мог прывесьці. Застаецца толькі меркаваць, што яму было непрыемна ўбачыць, як тое, што ён змог зрабіць сам, было зроблена іншым...»; «...я занёс сваю кнігу ў „Полымя“, у часопісе яе хацелі надрукаваць. Ды прачыталі і спалохаліся: ай, кажуць, занясіце лепш у Акадэмію. Я занёс Глебку. Глебка паглядзеў: „Вы ведаеце, лепш Улашчыку пашліце...“ Я завёз Улашчыку, ён пачаў цягнуць, цямніць, намякаць, што я ня ўсё даказаў і г.д. Так яна і не пабачыла сьвету».

4) Адам Мальдзіс лічыў, што Мікола Ермаловіч стварае міты:

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс

«У свой час „жару“ ў беларуска-літоўскія адносіны паддаў Мікола Ермаловіч. Я яго вельмі паважаю, але ён змагаўся з аднымі мітамі, а ствараў другія: зрынуў міт пра тое, што Літва заваявала Беларусь, але культываваў іншы — пра тое, што мы былі заваёўнікамі літоўскіх земляў. Мой сябар Уладзімір Караткевіч казаў, што чалавек павінен абрастаць мітамі, як карабель ракушкамі. І на першым этапе нацыянальна-творчых працэсаў, як было ў нас на пачатку 90-х, міт сапраўды быў неабходны. Але гэта толькі часовая патрэба».

Мэдаль: Мікола Ермаловіч

Мэдаль: Мікола Ермаловіч

5) Раіў не сьпяшацца з прызнаньнем незалежнасьці Літвы

Калі Літоўская ССР заявіла аб сваім выхадзе са складу СССР, то, выступаючы ў Палацы культуры прафсаюзаў на X зьезьдзе СП Беларусі, раіў літаратарам не сьпяшацца падтрымліваць гэтае імкненьне.

6) Запэцкаў у балоце Сталіна:

«У 1937 годзе выключылі мяне з 10-й клясы (...) Ішоў я са школы і вучыў з кніжкі „Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну“, адрывак задалі. Спатыкнуўся, кніжка ўпала ў балота, запэцкалася. Я падняў, абцёр і далей іду, чытаю. Назаўтра выклікае дырэктар: „Ты как посмел письмо великому Сталину в грязь бросить? Чтоб ноги твоей здесь не было!“ Данесьлі пра гэта свае пацаны, што ішлі разам».

Сэрыя "Беларускі кнігазбор". Мікола Ермаловіч

Сэрыя "Беларускі кнігазбор". Мікола Ермаловіч

7) «Гісторыя БССР» выклікала ў яго лаянку

У лісьце да Зоські Верас Мікола Ермаловіч пісаў: «У І томе „Гісторыі БССР“ уся гісторыя Вялікага Княства Літоўскага аддадзена літоўцам, і наамгул гэта ўнікальная, адзіная, відаць, у сьвеце „Гісторыя“, якая ўсімі спосабамі імкнецца прынізіць гісторыю свайго народа. Чытаў і ўвесь час лаяўся ў адрас аўтараў самымі брыдкімі словамі, хоць іх у жыцьці амаль ніколі не ўжываю».

8) Раздражняўся, калі пыталіся, дзе ён навучыўся размаўляць на беларускай мове.

Ларысе Геніюш жаліўся: «Вельмі цяжка мне пераносіць, калі ў мяне пытаюцца: „Где вы так хорошо выучили белорусский язык?“ Нібы я які-небудзь кітаец і жыву не ў Беларусі. Так прывучаны наш народ да чужой мовы, як сабака да палкі».

Мікола Ермаловіч

Мікола Ермаловіч

9) Ларыса Геніюш раіла яму шукаць падтрымкі ў ЦК

«Я параіла б Вам шукаць самому апоры і дапамогі ў нашым ЦК. Я чамусьці веру ў іх шырокі разгляд і розум»; «Па-маяму, Вы добра зрабілі, што зьвярнуліся ў ЦК. Гэта адзіная аб’ектыўная ўстанова дзяржаўнага ўзроўню і разгляду, якая здольная спыніць усялякі самадзейны садызм...»

10) Не любіў езуітаў, а польскіх паноў лічыў асноўнымі нашымі прыгнятальнікамі:

«Езуіты — авангард польска-каталіцкай навалы — пачалі завабліваць нашых людзей на дыспуты ў касьцёлы, адчыняць шматлікія школы зь бясплатным (!) навучаньнем. Як бачым, сучасныя „культурныя“ душыцелі далёка не арыгінальныя ў сваім спосабе дзеяньняў. Езуіты зрабілі шмат шкоды нашаму народу».

У лісьце да Зоські Верас пісаў: «...польскія паны, як паказвае статыстыка, былі ўсё-такі галоўнымі прыгнятальнікамі беларускага селяніна. За імі ішлі гандляры-яўрэі, і ўжо за апошнімі рускія памешчыкі і чыноўнікі, і свае кулакі».

11) Мінск для яго быў «рассаднікам здрады, рабства і халуйства»:

Менск. Прывакзальная плошча

Менск. Прывакзальная плошча

«Няма больш непакорнага Менску. Менск стаў Мінскам. Ён не бароніць больш ні сябе, ні Беларусь. Зь цьвярдыні-крэпасьці ён ператварыўся ў рассаднік здрады, рабства і халуйства. Ён стаў траянскім канём, горадам-спрутам, які прагавіта высмоктвае фізычныя і інтэлектуальныя сілы беларускага народа для патрэб сёньняшніх нашчадкаў тых, хто некалі бязьлітасна разбураў Менск, беручы на шчыт яго жанчын і дзяцей і не пакідаючы ў ім ні чалядзіна, ні скаціны».

Мікола Ермаловіч

Мікола Ермаловіч

12) У КДБ яго называлі «живым ископаемым»:

«Кожны, хто больш-менш быў не запалоханы, прытрымліваўся беларушчыны, быў на пільным уліку ў органах. Так, напрыклад, начальнік Маладзечанскага КГБ Іваноў у 66-м годзе назваў мяне „живым ископаемым“: „Вот и у нас есть такое живое ископаемое — свой динозавр“. Так ён лічыў, што ўсё беларускае — ужо выкапень, і толькі вось жывуць паасобныя экзэмпляры гэтай беларушчыны, і таму трэба быць вельмі пільным і змагацца зь імі, выкрываць іх і гэтак далей».

13) Быў выдатным аратарам

Анатоль Белы ўспамінаў: «...слухаць яго выступленьне было сапраўднай асалодай. Яго прамова напаўнялася нейкай эмацыянальнай сілаю, якая міжволі пачынала перадавацца слухачам. Яго рукі пачыналі ўзьнімацца ўгору, і гэта ўжо ня рукі, а скрыдлы, якія лунаюць над прасторамі Бацькаўшчыны. І, здаецца, яшчэ імгненьне, нейкі новы штуршок, і ён паляціць. І табой завалодвае жаданьне ляцець зь ім. Які ён быў натхнёны і прыгожы ў гэтую хвіліну! Я яго любіў і захапляўся яго талентам прамоўцы, яго вялікім уменьнем узьдзейнічаць на душы людзей».

Паводле прафэсара Аляксея Саламонава: «Ён быў выдатны лектар, моцны аналітык, валодаў незвычайнай памяцьцю. Чытаў, гаварыў безь ніякіх папер».

Літаратуразнаўца Ўладзімір Содаль згадваў: «Калі ён прамаўляў, то нібы словы свае красаў, гэткія яны былі ў яго агністыя. Агністымі іх рабіла і Міколава жэстыкуляцыя правай рукой. У рытміцы з сваімі словамі ён жэстыкуляваў ёю, нібы шашкай махаў».

14) Ставіў брату тройкі па гісторыі

Валянцін Ермаловіч

Валянцін Ермаловіч

Малодшы брат Валянцін успамінаў: «Ён у нас выкладаў гісторыю ў Дзяржынскай беларускай СШ. Брат братам, а мне ён ставіў тройку па гісторыі: ня мог ён дараваць ні мне, ні каму іншаму няўвагі да нашай далёкай мінуўшчыны, імкнуўся, каб кожнага гісторыя зацікавіла, запаланіла, каб абудзілася жаданьне яе вывучаць, ведаць і весьці справу беларускага Адраджэньня».

Кніга М. Ермаловіча "Старажытная Беларусь"

Кніга М. Ермаловіча "Старажытная Беларусь"

15) Аднакурсьнікі жартавалі зь яго на капусьніках

Мікола Аўрамчык успамінаў: "Яшчэ на першым курсе я зьвярнуў увагу на ціхмянага юнака, што трымаўся крыху абасоблена і вылучаўся сур’ёзнасьцю і замкнёнасьцю. Мяне асабліва зьдзіўляла, што гэты першакурсьнік з кепскім зрокам увесь вольны ад заняткаў час праседжваў у інстытуцкай чытальні, штосьці вычытваючы і канспэктуючы. На гэтай падставе наш вясёлы аднакурсьнік, журналіст Барыс Сасноўскі, жартаўліва пакепліваючы, распаўсюдзіў чутку, што Мікола Ермаловіч працуе над вялікім раманам. Памятаю, як на адным з капусьнікаў Барыс выступіў з жартаўліва-пацешным словам «Мікола Ермаловіч і яго раман «Камбайн».

16) Яго першы надрукаваны твор — верш, прысьвечаны сьмерці Максіма Горкага

Паводле гісторыка Анатоля Валахановіча: «Літаратурнай творчасьцю М.І.Ермаловіч займаўся з 1936 г. Дэбютаваў вершам, прысьвечаным сьмерці Максіма Горкага, у раённай газэце „Ударнік Дзяржыншчыны“ (г. Дзяржынск) 22 чэрвеня 1936 г.».

Мікола Аўрамчык

Мікола Аўрамчык

Мікола Аўрамчык дадае: «Прызнацца, я тады не падазраваў, што Мікола ў школе пісаў вершы, хоць ён разам зь іншымі з нас прыходзіў на пасяджэньні інстытуцкага літаратурнага гуртка, якім кіраваў Пятро Глебка».

17) Яму ў літаральным сэнсе слова «сонца асьляпіла вочы»

Паводле гісторыка Анатоля Мясьнікова: «З дрэнным, вельмі слабым зрокам ад самых народзінаў (я асабіста ня мог стрымаць сьлёз, калі Мікалай Іванавіч апавядаў, як тое было: маці жала жыта, а ён, толькі што народжаны, ляжаў пад збожжавай бабкай, і сонца, прайшоўшы па небе паўтары-дзьве гадзіны, паслала свае промні яму ў твар і прыпякло вочкі немаўлятку)».

Генрых Далідовіч таксама піша: «Здарылася так, што калі яму яшчэ было, можа, толькі паўгода, а то й менш, маці ўзяла яго на поле, дзе жала жыта. Там снапы склала, каб ад сонца яго берагчы, і калі снапы тыя ўпалі, Мікола Іванавіч у паўгода амаль асьлеп...»

Кніга М. Ермаловіча «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»

Кніга М. Ермаловіча «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»

18) Быў фізычна вельмі моцны

Паводле краязнаўцы Міхася Казлоўскага, Мікола Ермаловіч кожнай ранiцы прымаў халодны душ, рабіў фiззарадку, практыкаваўся з гiрамі.

Дачка Алена Ермаловіч згадвае, што яе бацька да глыбокай старасьці «...захаваў нязвыклую фізычную сілу (...) Штораніцы, устаўшы, ён рабіў зарадку, пасьля 5 хвілін сядзеў у халоднай вадзе ў ваньне, абціраўся ручніком».

Па ўспамінах пісьменьніка Генрыха Далідовіча: «...нават калі яму было пад 70 і мы паспрабавалі ўзяцца за руку й падужацца, дык ён маю руку так лёгенька паваліў».

19) Загінуў пасьля наезду таксоўкі

Паводле Андрэя Дынько, Мікола Ермаловіч «пайшоў з раніцы па газэты й часопісы на пошту (на паштовую скрынку ў пад’езьдзе выпісваць было немагчыма, бо кралі, а не чытаць ён як прыроджаны інтэлігент ня мог). Пераходзіў дарогу — шырачэзную малінаўскую магістраль. Таксіст не пасьпеў затармазіць. Міколу Ермаловіча машынаю цягнула яшчэ 25 мэтраў, галавою ён прабіў лабавое шкло. [У выніку] скальпаваная рана галавы, дысьлякацыя галаўнога мозгу, падвойны пералом тазу, пералом дзьвюх скабаў, пералом лыткі. Пры гэтым Мікола Ермаловіч яшчэ 12 гадзін быццам бы захоўваў сьвядомасьць».

20) Вобраз Міколы Ермаловіча ратаваў Ларысу Геніюш пры самых цяжкіх яе хваробах:

Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш

«Я моцна хварэла, ня думала, што выжыву... У гарачцы бачыла Ваш твар, такі спагадлівы. Нешта гаварыла ў гарачцы несамавітае, але не пытаюся ў мужа — што... я рада, што Вы ёсьць на сьвеце! Вы быццам працягнулі мне руку, каб я ачуняла... як Вашыя вочы? Як Вам працуецца? Глядзеце сябе!»

Пры падрыхтоўцы артыкула, сярод іншага, выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Яго чакала Беларусь чатыры стагодзьдзі. Зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў да 85-годзьдзя з дня нараджэньня Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы». Мн., 2007. Адказны за выпуск А. Белы.; матэрыялы Радыё Свабода, газэт «Наша Ніва», «СБ — Беларусь сегодня» ды інш.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG