Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу за зьбіцьцё журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага


Сьледчы камітэт пасьля трохмесячнай праверкі вырашыў не заводзіць крымінальную справу па факце зьбіцьця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда Фрунзенскага раёна 25 студзеня.

Сьледчы Сямён Піцко пагадзіўся з вэрсіяй супрацоўнікаў міліцыі і адзначыў, што Дабравольскі сваімі дзеяньнямі даў падставы лічыць сябе правапарушальнікам, а гэта азначае, што прымяненьне сілы ў дачыненьні да яго было апраўдана. Увесь дакумэнт — на 12 аркушах.

У пастанове Сьледчага камітэту адзначаецца, што Павал Дабравольскі «пракраўся» ў службовае памяшканьне, куды вялі затрыманых, а таксама што ён быў «апрануты ў грамадзянскую вопратку», на якой адсутнічалі якія-небудзь элемэнты, якія пацьвярджалі б яго прыналежнасьць да СМІ.

Паводле вэрсіі супрацоўніка АМАПу Шышко А.А., Павал Дабравольскі схапіў іншага амапаўца Кавальчука за куртку, нецэнзурна лаяўся, выкрыкваў: «мянтоўскае бязьмежжа». У руках у яго не было ні відэакамэры, ні фотаапарата, адсутнічаў журналісцкі бэйдж прадстаўніка СМІ.

Таксама Шышко заявіў, што Дабравольскі супраціўляўся дзеяньням супрацоўнікаў АМАПу і «ў нейкі з момантаў, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу». Паводле слоў Шышко, затрыманых ніхто не прыніжаў і не зьбіваў.

Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі

Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі

«Знаходзячыся ў пакоі, Дабравольскі П.П. паспрабаваў падняцца, пры гэтым размахваў рукамі. Каб супакоіць Дабравольскага П. П. ён (Шышко А.А.) і Пунчык П.В. прыціснулі яго да падлогі і завялі рукі за сьпіну. Лежачы на падлозе, Дабравольскі П.П. казаў, што ў супрацоўнікаў міліцыі будуць непрыемнасьці па службе, што ён напіша артыкул у СМІ, які «наробіць шмат шуму».

Дарэчы, праз паўтара месяца гэты ж супрацоўнік АМАП Шышко стаў сьведкам па справе Ўладзіміра Мацкевіча і сьцьвярджаў у судзе, што бачыў філёзафа на акцыі пратэсту, калі той на самай справе быў у Варшаве.

Амапаўцы Кавальчук і Пунчык далі аналягічныя тлумачэньні. Апошні заявіў, што «фіксаваў Дабравольскага да падлогі», каб не дапусьціць яго нападу на супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах Пунчыка, Дабравольскі «не жадаў супакойвацца, зьдзяйсьняў актыўныя дзеяньні целам і нагамі», а потым пагражаў распаўсюдзіць у інтэрнэце «інфармацыю, якая ганьбіць супрацоўнікаў міліцыі».

Міліцыянт дапускае, што Дабравольскаму маглі нанесьці «нязначныя цялесныя пашкоджаньні», калі яго прыціскалі да сьцяны і «фіксавалі на падлозе». Аднак ён адмаўляе, што карэспандэнту наносілі ўдары.

Павал Дабравольскі ў судзе, 1 сакавіка 2016 году

Павал Дабравольскі ў судзе, 1 сакавіка 2016 году

Сьледчы камітэт прыйшоў да высновы, што міліцыянты дзейнічалі правамерна, спыняючы супрацьпраўныя дзеяньні затрыманых.

«Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не нясуць адказнасьці за шкоду, прычыненую прымяненьнем у прадугледжаных заканадаўствам выпадках фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў, калi нанесеная шкода сувымерная сіле пераадольваемага процідзеяньня», — адзначаецца ў пастанове.

Характар цялесных пашкоджаньняў у Шыціка, Сяргея і Дабравольскага, на думку сьледзтва, аб’ектыўна ўпісваецца ў карціну «спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў затрыманых», якую апісалі міліцыянты.

На падставе ўсяго гэтага Сьледчы камітэт прыняў рашэньне адмовіць у крымінальнай справе ў дачыненьні да супрацоўнікаў АМАПа «за адсутнасьцю ў дзеяньні складу злачынства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG