Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія анколягі не чакаюць бліжэйшымі гадамі ніякіх рэвалюцыйных адкрыцьцяў у лячэньні раку


Ілюстрацыйнае фота. Прафіляктыка мэляномы

Ілюстрацыйнае фота. Прафіляктыка мэляномы

У бліжэйшыя гады ніякіх рэвалюцыйных адкрыцьцяў у лячэньні анкалягічных захворваньняў ня будзе, лічыць намесьнік дырэктара па навуковай працы РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, доктар мэдычных навук Сяргей Красны. Чакаць, што нейкае адно лякарства будзе эфэктыўнае ў дачыненьні да ўсіх варыянтаў анкалягічных захворваньняў, не выпадае.

«Ня будзе створана чароўнай таблеткі ад раку, якая ўсё пераможа», — сказаў ён.

Адмыслоўца падкрэсьліў, што анкалягічныя захворваньні вельмі складаныя. «Калі раней думалі: расшыфруем геном, даведаемся пра ўсе мутацыі і адразу ж падбяром лекі і пераможам, а пяць гадоў таму мы ведалі пяць-шэсьць мутацыяў, якія прыводзяць да раку, то сёньня такіх мутацыяў мы ведаем ужо больш за 600. Мала таго, дзьве клеткі ў пухліне, якія разьмяшчаюцца побач, маюць розную генэтычную структуру. Таму чакаць, што нейкае адно лякарства будзе эфэктыўнае ў дачыненьні да ўсіх варыянтаў анкалягічных захворваньняў, вельмі складана», — цытуе навукоўца БелаПАН.

Акрамя таго, адзначыў Сяргей Красны, усе вядомыя лекі ад раку цалкам хваробу не вылечваюць — у асноўным яны накіраваныя на падаўжэньне жыцьця. Таму, дадаў ён, трэба было б казаць не пра «дзейсныя лекі», а пра «дзейсныя мэтады дыягностыкі і лячэньня» раку.

«Асноўны прарыў мне бачыцца пакуль у раньняй дыягностыцы анкалягічных захворваньняў», — сказаў ён.

Паводле інфармацыі анколягаў, у Беларусі сьмяротнасьць ад раку скарацілася за апошнія пяць гадоў на 5,6%, але павялічылася захворвальнасьць.

Дадзеныя, прадстаўленыя Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіях Беларусі, сьведчаць пра тое, што за апошнія пяць гадоў захворваньні на злаякасныя новаўтварэньні зрабіліся крыху часьцейшымі — з 459,1 чалавек на 100 тысяч насельніцтва да 465. Амаль кожны трэці з хворых — у працаздольным узросьце. Акрамя таго, у 2013 годзе зарэгістравана 296 новых выпадкаў злаякасных утварэньняў у дзяцей да 18 гадоў (у 2009 годзе — 247).

На пачатак 2014 году на дыспансэрным уліку знаходзілася 252 954 анкалягічныя пацыенты (кожны 41-шы жыхар Беларусі), што амаль на 34 тысячы больш, чым пяць гадоў таму.

XS
SM
MD
LG