Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чалавек, які залез на будаўнічы кран, спусьціўся і быў затрыманы міліцыяй


Інцыдэнт адбываецца ў цэнтры Менску на стадыёне «Дынама», які цяпер рэканструюецца.

Рабочы Міхаіл распавёў Свабодзе, што мужчына, які залез на кран, нібыта зь Віцебскай вобласьці.

Ён зьявіўся на стадыёне «Дынама» каля 13.00 і сказаў, што будзе патрабаваць грошай, бо яму не плацілі заробак ужо паўгода. Як ён патрапіў на будаўнічы кран, хто яго пусьціў — невядома. Міхаіл кажа, што мужчына не працуе на гэтай будоўлі, але паколькі там задзейнічаны шмат будаўнічых арганізацый і ня ўсе адзін аднаго ведаюць, то цалкам гэтага выключаць нельга.

На месца здарэньня прыбылі ратавальнікі і журналісты незалежных СМІ.

Кранаўшчык спускаецца ўніз

Кранаўшчык спускаецца ўніз

Кранаўшчык, які быў разам з мужчынам, што залез на кран, спусьціўся і цяпер размаўляе з міліцыянтамі. Сам пратэстовец застаецца на кране.

Тым часам кіроўца, які выяжджаў на машыне з будоўлі, пасьпеў сказаць журналістам:

«Здымайце, хай чалавек распавядзе, як усё насамрэч адбываецца, а ня тыя карцінкі, якія нам малююць».

«Міліцыя забараняе журналістам здымаць мужчыну на стадыёне "Дынама". Пад забарону трапілі ў тым ліку і журналісты АНТ», — піша ў Фэйсбуку прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі.

16.50 Карэспандэнт Свабоды паведаміў, што да стадыёна «Дынама» прыехаў прэс-сакратар упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкама Аляксандар Ластоўскі. Ён паведаміў, што рабочы, які залез на кран, сапраўды працуе аддзелачнікам, родам ён зь Віцебску, і яму не заплацілі заробак за некалькі месяцаў. Запазычанасьць складае некалькі мільёнаў рублёў. Будаўнік запатрабаваў, каб да яго прыехала тэлебачаньне. На пляцоўку прыехала здымачная група каналу АНТ, і яе прапусьцілі бліжэй да крану. Кранаўшчык, які знаходзіўся з пратэстоўцам, спусьціўся ўніз, перадаў міліцыянтам нейкія паперы, якія, магчыма, яму аддаў жыхар Віцебска. Кранаўшчык пакінуў жыхару Віцебска тэлефон, празь які зь ім і кантактуюць.

18.25 Чалавек, які залез на кран, спусьціўся ўніз, і яго павялі ў мікрааўтобус. Там зь ім цяпер размаўляюць супрацоўнікі сілавых структур. Мікрааўтобус знаходзіцца за агароджай будоўлі, журналістаў туды не дапускаюць, яны могуць назіраць толькі на адлегласьці.

Стала вядома імя чалавека: Дзьмітры Сталяроў.

Мужчына спускаецца ўніз з будаўнічага крану

Мужчына спускаецца ўніз з будаўнічага крану

Затрыманьне

Затрыманьне

18.40 Да будоўлі прыехаў начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкама генэрал міліцыі Аляксандар Барсукоў. Ён таксама знаходзіцца ў мікрааўтобусе.

19.09 Чалавека, які залез на кран, перасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезьлі ў Ленінскі РУУС для разьбіральніцтва.

Прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандар Ластоўскі паведаміў журналістам, што Сталярову сапраўды ня выплацілі заробак за некалькі месяцаў, агульная сума — каля 40 мільёнаў рублёў. За гэты інцыдэнт у дачыненьні да правапарушальніка можа быць заведзеная адміністрацыйная справа, бо ніякіх сур’ёзных наступстваў інцыдэнт ня выклікаў. Але спадар Сталяроў раней быў судзімы і быў пад падпіскай аб нявыезьдзе, якую ён парушыў, прыехаўшы зь Віцебску ў Менск. Так што супрацоўнікі міліцыі будуць вызначацца з кваліфікацыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG