Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш прыехаць з Кіева ў Менск, запытайся дазволу ў Маскве


Ці адрэагуюць беларускія ўлады на патрабаваньне апазыцыі скасаваць «сьпісы палітычных неўязных»? Ці адпавядае беларускім геапалітычным інтарэсам мець агульны з Расеяй сьпіс неўязных? Ці ня дураць беларусы ўкраінцаў, спасылаючыся на Маскву?

Глод: Лідэры дэмакратычных сілаў Беларусі сёньня раніцай выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць скасаваць «сьпісы палітычных неўязных». Заяву падпісалі Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч ды іншыя.

Канкрэтнай падставай для такога супольнага звароту стала забарона на ўезд у Беларусь народнага дэпутата Ўкраіны, намесьніка кіраўніка Камітэту замежных спраў Вярхоўнай Рады, чальца ўкраінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ігара Гузя.

Беларуская апазыцыя канстатуе, што Ігару Гузю быў забаронены ўезд пасьля запыту адпаведных органаў Расейскай Фэдэрацыі. І гэта, лічаць апазыцыянэры, сьведчыць пра несамастойнасьць Беларусі ў зьнешняй палітыцы. Краіна на вачах страчвае сваю суб’ектнасьць на міжнароднай арэне. Такая палітыка кіраўніцтва Беларусі нэгатыўна адбіваецца на іміджы краіны.

Апазыцыянэры адзначаюць, што Расея, асабліва ў апошнія гады, вядзе надзвычай агрэсіўную зьнешнюю палітыку. Кола краінаў, зь якімі яна на доўгія гады сапсавала адносіны, шпарка павялічваецца. Таму Беларусі трэба максымальна адмяжоўвацца ад супольнай з Крамлём зьнешняй палітыкі.

І першым крокам на гэтым шляху павінна стаць адмова Беларусі ад пагадненьня аб сумесных расейска-беларускіх сьпісах «непажаданых для ўезду палітычных асобаў».

такія сьпісы ператвараюцца ў сродак барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, гэта відавочна

Такія сьпісы сапраўды існуюць. Пра гэта казалі ў Палаце прадстаўнікоў, што я чуў на ўласныя вушы, кіраўнікі беларускіх сілавых структураў. І міністар унутраных спраў Шуневіч, і старшыня КДБ Вакульчык. Яны абгрунтоўвалі стварэньне такіх сьпісаў неабходнасьцю эфэктыўнай барацьбы з тэрарызмам, пагрозы якога ўвесь час нарастаюць. Цяжка сказаць, наколькі гэта сапраўды дапамагае, бо, зразумела, такая інфармацыя сакрэтная.

Але што такія сьпісы ператвараюцца ў сродак барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, гэта відавочна. Хутчэй, яны складаюцца дзеля барацьбы не з тэрарыстамі, а з каляровымі рэвалюцыямі.

Тое, што дэмакратычныя палітыкі з трэціх краін трапляюць у прыцэл расейскіх спэцслужбаў, цалкам лягічна: ва ўмовах усё большага падабенства рэжымаў Расея будзе лавіць апанэнтаў Лукашэнкі на сваёй тэрыторыі, а Беларусь будзе здаваць Маскве ворагаў Пуціна.

Заяву апазыцыйныя лідэры зрабілі. Але ці прыслухаецца да іх афіцыйны Менск? Я ўпэўнены — не. А вашы меркаваньні, калегі?

Валер Карбалевіч: Сытуацыя трохі дзіўная, калі Беларусь не ўпускае да сябе паводле тых сьпісаў, якія прадставіла Расея. Адна справа, калі гэта сьпісы, якія сфармавалі беларускія ўлады. Хоць і тут ёсьць вялікія пытаньні.

У апошнія два гады замежная палітыка Беларусі і Расеі ўсё больш розьніцца

Зразумела, што не пускаюць тых людзей, якія вельмі крытычна выказваюцца пра беларускі рэжым. Аднак і тут бываюць незразумелыя сытуацыі. Напрыклад, быў вялікі скандал, калі ў Беларусь не ўпусьцілі Астрыд Зам — кіраўніцу Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, якая шмат зрабіла для разьвіцьця беларуска-нямецкіх дачыненьняў і ні ў якім разе не была заўважаная ў моцнай крытыцы дзейнага рэжыму.

Іншая справа, калі гаворка ідзе пра сьпісы, якія прадставіла Расея. У апошнія два гады замежная палітыка Беларусі і Расеі ўсё больш розьніцца. Напрыклад, сёлета Лукашэнка езьдзіў у Турэччыну, летась — у Грузію. А гэта краіны, зь якімі Расея ў канфліктных адносінах. А пра адносіны Беларусі з Украінай і Расеі з той жа Ўкраінай ужо і казаць няма чаго.

Калі замежная палітыка дзьвюх краін не супадае, то як могуць быць агульныя сьпісы? І прыклад з украінскім дэпутатам якраз і пацьвярджае абсурднасьць такой сытуацыі.

гэта і праява такой хітраватай беларускай пазыцыі — нешта зрабіць і сказаць: гэта ня мы, гэта нас Расея прымусіла

Калі казаць пра агульную працу расейскіх і беларускіх памежнікаў, то яшчэ можна зразумець стварэньне адзінага сьпісу невыязных. Гэта б закрыла выезд расейцаў празь Беларусь альбо беларусаў праз Расею ў трэція краіны. Маю на ўвазе тых людзей, якія знаходзяцца пад крымінальнымі справамі, ня выплацілі свае пазыкі і да т.п. Тут нейкую лёгіку можна ўгледзець.

А вось агульныя сьпіскі неўязных — гэта абсурд. Таму заява апазыцыі па сутнасьці правільная. Аднак я ня думаю, што яна на нешта моцна паўплывае.

Глод: Я хачу ўдакладніць адну рэч. Калі ў нашых сілавікоў пытаюцца, навошта нам такі супольны сьпіс, яны адказваюць, што існуе Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі. Таму ёсьць і агульны сьпіс. Але юрысты-міжнароднікі адзначаюць — Саюзнай дзяржавы як суб’екта міжнароднага права не існуе. Таму і сьпісы гэтыя пазазаконныя.

Дракахруст: Калі беларускія ўлады скасуюць або падкарэктуюць гэтыя сьпісы, гэта будзе зроблена ніяк не на патрабаваньне беларускай апазыцыі. Хутчэй гэтае патрабаваньне ўмацуе ўлады ў думцы, што сьпісы трэба захоўваць.

епш выглядаць марыянэткай, чым ісьці на прамы скандал

Мне цяжка сказаць, наколькі гэтыя сьпісы працуюць, так бы мовіць, аўтаматычна. Калі канкрэтна аналізаваць выпадак з дэпутатам Гузем, то я ня ўпэўнены, што ўся справа ў расейскіх сьпісах. Бо я не выключаю, што ён мог фігураваць і ў беларускім сьпісе. Некалькі гадоў таму ён быў у Беларусі, удзельнічаў у маніфэстацыі, быў затрыманы, правёў некалькі дзён за кратамі. Беларускія ўлады ўспрымаюць яго як нейкага Чэ Гевару каляровай рэвалюцыі. Да таго ж, і спадар Гузь гэтага не хавае, ён мае дачыненьне да рэкрутаваньня беларускіх добраахвотнікаў дзеля вайны ва Ўкраіне. А беларускія ўлады кажуць, што гэта забаронена. З пункту гледжаньня літары беларускага закону гэтыя дзеяньні злачынныя.

А Гузь гэтымі дзеяньнямі займаецца. І таму мне здаецца, што гэтага, падыходзячы фармальна, цалкам дастаткова, каб прыняць самастойнае рашэньне, незалежна ад таго, ці ёсьць ён у адпаведных расейскіх сьпісах.

Аднак я не выключаю і таго, што гэта і праява такой хітраватай беларускай пазыцыі — нешта зрабіць і сказаць: гэта ня мы, гэта нас Расея прымусіла. Лепш выглядаць марыянэткай, чым ісьці на прамы скандал. Вы нас яшчэ і пашкадуйце, што мы так цярпім пад Масквой.

Глод: Але нашы сілавікі сказалі спадару Гузю, што яго не пусьцілі менавіта з-за расейскіх сьпісаў. Праўда, наколькі беларускія сілавікі былі шчырыя? Тут ёсьць пытаньне.

Дракахруст: Сказалі, каб дэпутат менавіта такую трактоўку падзеяў панёс. А як насамрэч, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG