Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды новая праграма жыцьця Беларусі стане рэальнай, а не манілаўскай? Ці адважыцца Лукашэнка публічна даць адмашку на рэформы? Ці абернуць магчымыя рэформы ў старыя абалонкі?

Карбалевіч: Падчас традыцыйнай паездкі па чарнобыльскіх раёнах Лукашэнка закрануў розныя тэмы грамадзка-палітычнага жыцьця. Найперш, зьвярнуў бы ўвагу, што ён упершыню растлумачыў, навошта зьбіраецца праводзіць Усебеларускі народны сход. Ён сказаў: «У такі час людзям патрэбныя арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі».

Што арыенціры патрэбныя, з гэтым нельга спрачацца. Цікава тое, што Лукашэнка такімі арыенцірамі бачыць, паводле савецкай традыцыі, пяцігадовыя пляны зь лічбамі валавых паказьнікаў. Ён таксама прагаварыў асноўныя ідэі, якія ён зьбіраецца выказаць на гэтым сходзе.

Яшчэ Лукашэнка адзначыў, што «праграма будзе абсалютна рэалістычнай, не манілаўшчынай». Важная заўвага. Паводле новага пяцігадовага пляну, валавы ўнутраны прадукт за пяцігодку павінен вырасьці на 10%. Нагадаю, што на мінулую пяцігодку, якая з трэскам праваленая, плянаваўся рост ВУП на 62–68%, а рост заробкаў — да адной тысячы даляраў. Крызыс апусьціў улады на зямлю.

Былі развагі пра мадэрнізацыю, якая выявілася правальнай. Дарэчы, апошнім часам Лукашэнка асьцерагаўся ўжываць само слова «мадэрнізацыя». Бо занадта вялікія скандалы зьвязаныя з гэтым праектам. І цяпер ён выдае правал за дасягненьне.

Яшчэ адзін прыём. Лукашэнка кажа, што давайце будзем ацэньваць не апошнія гады, а больш працяглы пэрыяд — што для яго больш выйгрышна.

Згадаў Лукашэнка таксама пра чарнобыльскія праблемы. Галоўная ідэя: трэба праводзіць рэабілітацыю заражаных зямель і вяртаць іх у гаспадарчы абарот. Незразумела, навошта гэта рабіць. Зямель у Беларусі хапае. Ёсьць праблема зь іх неэфэктыўным выкарыстаньнем.

Глод: Я, як і Валер Карбалевіч, найперш адзначыў, што кіраўнік дзяржавы ўпершыню сказаў, пра што пойдзе размова на чарговым Усебеларускім народным сходзе. Пра тое, што сход адбудзецца, ужо ведалі. Але што канкрэтна зьбіраюцца абмяркоўваць яго ўдзельнікі, да ўчорашняга вечара было невядома.

Заробак у 1000 даляраў быў той лічбай, на якую арыентавалі людзей на гэтую пяцігодку. І абыйсьці яе, зусім не згадаць пра яе, мне падаецца, Лукашэнка ня зможа. Праўда, ужо сёньня можна сьмела прадугадаць, чым кіраўнік Беларусі патлумачыць невыкананьне гэтых абяцанак. Усё сьпішуць на так званы ўсясьветны крызіс. Будуць казаць, што ва ўсім сьвеце заробкі зьніжаюцца, а якасьць жыцьця пагаршаецца. І, маўляў, гэты працэс ахоплівае ня толькі Беларусь. Гэта ўсё можна зразумець.

Але ёсьць і пакуль не зразумелыя для мяне рэчы. Напрыклад, ці застанецца Лукашэнка пры тых старых савецкіх парамэтрах, пра якія толькі што казаў Валер Карбалевіч? Ці будуць абвешчаныя нейкія новыя зрухі? Пакуль я не выключаю, што ўсё ж прыйдзецца зноў казаць пра мадэрнізацыю, хоць нехта слушна заўважыў, што нідзе няма такіх правалаў, як у тых галінах гаспадаркі, якія зьбіраліся мадэрнізаваць.

я не выключаю, што ўсё ж прыйдзецца зноў казаць пра мадэрнізацыю, хоць нехта слушна заўважыў, што нідзе няма такіх правалаў, як у тых галінах гаспадаркі, якія зьбіраліся мадэрнізаваць

Думаю, што Лукашэнка будзе нешта казаць і пра рэформы. Хоць ён і забараніў ураду ўжываць гэтае слова, забараніў прыходзіць да яго з прапановамі пра рэформы, жыцьцё ідзе так, што пераседзець гэтую сытуацыю і спадзявацца, што яна «рассмокчацца» сама па сабе, немагчыма. І мне падаецца, што кіраўнік дзяржавы пачынае гэта разумець. Таму я чакаю ад гэтага сходу высьвятленьня сытуацыі — ці зноў Лукашэнка набярэцца сілаў і скажа, што будзем рабіць усё, як рабілі раней, выпраўляючы пэўныя хібы і памылкі, ці ўсё ж ён дасьць зялёнае сьвятло на рэформы. Можа, яны будуць ня вельмі значнымі, але ўсё ж яны павінны нейкім чынам адбыцца. А можа, нават хтосьці з дэлегатаў альбо гасьцей сходу набярэцца сьмеласьці і ўголас скажа пра гэта.

Дракахруст: У мяне ўражаньне, што ўсяго гэтага, пра што казаў зараз Уладзімер Глод, на сходзе ня будзе. І мэта яго ня ў тым, каб агучыць нейкую праграму пераўтварэньняў.

На мой погляд, галоўная задача сходу — своеасаблівы сэанс сацыяльнай тэрапіі: супакоіць людзей, удыхнуць у іх нейкія спадзяваньні. Гэта як у старым анэкдоце: хто такі зануда? Гэта чалавек, які на пытаньне, як справы, пачынае сапраўды распавядаць, як яго справы. Людзей, якія будуць слухаць Лукашэнку, наўрад ці будуць цікавіць, напрыклад, стаўкі рэфінансаваньня. Яны хочуць пачуць словы, якія іх натхняюць, якія дапамогуць жыць далей.

Заявы ў стылі Чэрчыля, што я не абяцаю вам нічога, акрамя крыві, поту і сьлёз, тут не пачуеш

Што тычыцца рэформаў, то ў нядаўняй маёй перадачы «Праскі акцэнт» выступаў экспэрт Ігар Тышкевіч, які адзначыў, што для Лукашэнкі слова «рэформы» — гэта табу. Ён заўсёды быў супраць іх. Урэшце, у 1994 годзе ён прыйшоў да ўлады, каб абараніць народ ад антынародных рэформаў. Зараз ён можа прапанаваць нейкія рэчы, якія па сутнасьці будуць рэформамі, але абгарнуць іх у нейкую іншую абалонку: сказаць, што гэта «мадэрнізацыя», «паляпшэньне дзяржаўнага кіраваньня» і г.д.

Бо ўжо і падвышэньне камунальных тарыфаў, і замарожваньне заробкаў, і лібэралізацыя цэнаў, і падвышэньне пэнсійнага ўзроўню — усё гэта рэформы. Але рэформы, пра якія кажуць і прадстаўнікі МВФ, і беларускія лібэральныя эканамісты, — гэта рэч яшчэ менш прыемная. Бо калі адбудуцца структурныя рэформы, з заводаў вылецяць на вуліцу дзясяткі тысяч людзей. І нікуды ад гэтага не падзецца. А казаць пра гэта з трыбуны сходу было б самагубствам.

Заявы ў стылі Чэрчыля, што я не абяцаю вам нічога, акрамя крыві, поту і сьлёз, тут не пачуеш.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG