Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне суд даў дазвол на затрыманьне камандуючага Чарнаморскага флёту Расеі


Аляксандар Вітко

Аляксандар Вітко

Генпракуратура Ўкраіны паведаміла, што суд даў дазвол на затрыманьне камандуючага Чарнаморскага флёту Расеі Аляксандра Вітка.

Суд прыняў такое рашэньне па хадайніцтву Галоўнай ваеннай пракуратуры Ўкраіны, якая падазрае Вітка ва ўчыненьні асабліва цяжкіх злачынстваў супраць Украіны.

Паводле генпракуратуры, Вітку абвясьцілі аб падазрэньні і выклікалі на допыт на 25 красавіка, але ён не зьявіўся. У сувязі з гэтым пракуратура вырашыла зьвярнуцца ў суд з хадайніцтвам аб яго затрыманьні «з мэтай прыводу яго для ўдзелу ў разглядзе хадайніцтва аб ужываньні меры стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай».

«26 красавіка ў сувязі з тым, што Вітко хаваецца ад органаў сьледзтва з мэтай ухіленьня ад крымінальнай адказнасьці, пастановай пракурора абвешчаны вышук падазраванага, правядзеньне якога даручана Дэпартамэнту крымінальнага вышуку Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. 27 красавіка сьледчым судзьдзёй Пячэрскага раённага суда Кіева хадайніцтва пракуратуры задаволены ў поўным аб’ёме і дадзены дазвол на затрыманьне камандуючага Чарнаморскага флёту Расеі», — заявілі ў пракуратуры.

Раней ГПУ паведамляла аб пачатку супраць Вітка крымінальнай вытворчасьці па факце разьвязаньня і вядзеньня прадстаўнікамі ўлады і Ўзброеных сіл Расеі агрэсыўнай вайны супраць Украіны, у выніку чаго загінулі людзі і быў акупаваны Крым.

Аляксандар Вітко нарадзіўся ў Віцебску, яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Воршы.

XS
SM
MD
LG