Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не дымавая заслона Украіны для МВФ», — Бальцаровіч пра працу ў Кіеве


Лешэк Бальцэровіч
Лешэк Бальцэровіч

Прызначэньне Лешэка Бальцаровіча прадстаўніком прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ва ўрадзе Ўкраіны зьяўляецца топ-тэмай у Польшчы.

Цяпер Бальцаровіч знаходзіцца ў Варшаве, дзе агучвае ў СМІ свае пляны рэформаў у суседняй дзяржаве. Польскія экспэрты канстатуюць, што прызначэньне Бальцаровіча — добра для іміджу Ўкраіны. Але мэханічны перанос напрацовак Бальцаровіча 25-гадовай даўніны на ўкраінскі палітычны грунт можа быць марным.

Лешэк Бальцаровіч сьцьвярджае, што Ўкраінай цікавіўся даўно. Паводле яго слоў, дабрабыт украінскай дзяржавы стратэгічна важны для Эўропы, у прыватнасьці для Польшчы.

Бальцаровіч абвяргае чуткі, што ўкраінская ўлада будзе выкарыстоўваць яго як дымавую заслону для Міжнароднага валютнага фонду. Паводле яго слоў, ён будзе будаваць каманду стратэгічных дарадцаў, якія будуць працаваць для прэзыдэнта, урада і Вярхоўнай Рады. Аднак, падкрэсьліў Бальцаровіч, гэта будзе адбывацца ў працоўным рэжыме і не ператворыцца ў публічнае шоў. Сярод іншага група ўзначаленых Бальцаровічам дарадцаў распрацуе плян аднаўленьня фінансавай дапамогі МВФ ва Ўкраіне і далейшага супрацоўніцтва з ЭЗ.

Марцін Сьвянціцкі, польскі палітык і эканаміст, дэпутат Сэйма пра прызначэньні Бальцаровіча дарадцам Парашэнкі адклікаецца станоўча.

«Я станоўча ацэньваю гэты факт, таму што Лешэк Бальцаровіч зьяўляецца выбітным рэфарматарам, выбітным эканамістам, які зьдзейсьніў удалую трансфармацыю ў Польшчы, і калі ён за нешта бярэцца, то ён ня будзе дэкарацыяй, гэта азначае, што ён сапраўды верыць у посьпех Украіны, у тое, што стаіць за гэта ўзяцца, што шанец ёсьць», — сказаў эканаміст.

Менавіта дзякуючы рэформам Бальцаровіча ў Польшчы сёньня жывецца значна лепш, чым 20 гадоў таму, адзначае Павел Залеўскі, сустаршыня Польска-ўкраінскага форуму. Паводле яго слоў, Бальцэровіч — верагодны партнэр для вядучых фінансавых устаноў сьвету, у тым ліку МВФ, Сусьветнага банка, а таксама для эўрапейскіх фінансавых устаноў.

«Аднак, я не хацеў бы, каб яго роля абмяжоўвалася толькі прадстаўленьнем украінскай пункту гледжаньня і атрыманьнем фінансавай дапамогі для Ўкраіны, таму што гэта было б пустой тратай яго патэнцыялу. Я вельмі хацеў бы, каб украінская ўлада ставіліся да яго сур’ёзна, так каб яго парады ўкараняліся ў жыцьцё. Думаю ў яго ёсьць ідэі пра тое як змагацца з галоўнай праблемай Украіны — з карупцыяй», — зазначыў Павал Залеўскі.

Сам Бальцаровіч заўважае, што рэфармаваньнем польскай эканомікі займаўся ня толькі ў пачатку 1990-х, але і пазьней. Менавіта тады ў Польшчы паскорылася прыватызацыя, адбылася пэнсійная рэформа і пераўтварэньні ў самакіраваньні, а таксама рэструктурызацыя вуглездабыўнай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG