Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары Бараўлянаў, пасёлка ў прыгарадзе Менску, плянуюць 28 красавіка правесьці акцыю пратэсту супраць высечкі лесу і будаўніцтва дажджавой каналізацыі.

Адзін з мясцовых жыхароў Аляксандар распавёў карэспандэнту Свабоды, што акцыя пройдзе ў Бараўлянах каля шлягбаўму па вуліцы 40 гадоў Перамогі.

«Мэта пратэсту — спыніць вынішчэньне нашага лесу, якое раптоўна пачалося ўчора. Лес старадаўні, гэта любімае месца для адпачынку жыхароў дамоў, якія знаходзяцца акурат ля лесу. Мы хочам захаваць лес і не дапусьціць будаўніцтва дажджавой каналізацыі паблізу жылых дамоў. Прыехала тэхніка і пачалі рэзаць дрэвы. Некалькі дзесяткаў дрэваў ўжо сьпілавалі. Заплянаваныя аб’екты ствараюць пагрозу для экалёгіі нашага раёна. Іх памер прыблізна сто на дзьвесьце мэтраў. Месца гэтага збудаваньня вельмі недарэчнае, што і выклікала абурэньні грамадзянаў. Грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва не было наладжана належным чынам. Ліўневую каналізацыю маглі б узьвесьці ў іншым месцы, за гэтым лесам у полі. Але ўлады чамусьці не хочуць гэтага рабіць і не ўлічваюць меркаваньні жыхароў», — распавёў карэспандэнту Свабоды Аляксандар.

Раней прайшоў сход жыхароў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Паводле Аляксандра, каля трохсот удзельнікаў сходу выказаліся супраць будаўніцтва дажджавой каналізацыі на месцы лесу:

«І вось нягледзячы на тое, што мы не дачакаліся адказу ад пракуратуры, Камітэту дзяржкантролю і іншых дзяржаўных установаў, у нас пачалі апэратыўна высякаць лес».

Рэпартаж з Бараўлянаў — пазьней на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG