Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўропы зьбірае беларускіх судзьдзяў і пракурораў. На вучобу


У Менску 28–29 красавіка адбудзецца рэгіянальная канфэрэнцыя па прафэсійнай падрыхтоўцы судзьдзяў і пракурораў, арганізаваная Радай Эўропы сумесна з Генпракуратурай Беларусі.

Як паведамляюць у Радзе Эўропы, удзельнікі канфэрэнцыі будуць абменьвацца досьведам прафэсійнай падрыхтоўкі.

Генэральны дырэктар па правах чалавека і захаваньні законнасьці Філіп Буайе, які будзе прадстаўляць на канфэрэнцыі Раду Эўропы, адзначыў, што прафэсійная падрыхтоўка судзьдзяў і пракурораў — «важная частка стратэгіі для эфэктыўнага ажыцьцяўленьня Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека на нацыянальным узроўні». Ён таксама лічыць важным, што Беларусь праявіла зацікаўленасьць да рэалізацыі эўрапейскіх стандартаў у гэтай сфэры.

Ад Беларусі ў канфэрэнцыі будзе ўдзельнічаць Генэральны пракурор Аляксандар Канюк, старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч і намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Валер Міцкевіч. Таксама ў канфэрэнцыі возьмуць удзел прадстаўнікі судовых органаў і навучальных устаноў Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Казахстану, Расеі, Малдовы, Кіргізстану і Ўкраіны.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў у інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што толку ад гэтай канфэрэнцыі будзе няшмат.

«Эўрапейскія экспэрты, вядома, скажуць правільныя рэчы, але малаверагодна, што ўдасца зьмяніць нешта ў нашай сытуацыі. Судзьдзі паслухаюць, скажуць — так, сапраўды, магчыма, трэба больш незалежнымі быць, больш выслухоўваць довады бакоў, асабліва абвінавачаных, але будуць рабіць гэтаксама, як і раней. Мне здаецца, гэта проста будзе мерапрыемства дзеля галачкі і для эўрапейскіх структур, і для нашых», — сказаў ён.

Пастухоў лічыць, што канфэрэнцыя была б больш карыснай, калі б на яе запрасілі беларускіх незалежных юрыстаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, якія б маглі выказаць сваё меркаваньне наконт неабходнасьці рэфармаваньня судоў і пракуратуры Беларусі, а таксама агучыць канкрэтныя прапановы.

«А паколькі зьбіраюць толькі афіцыйных прадстаўнікоў беларускіх судоў, эфэкт будзе нязначны», — дадаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG