Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэдура выдачы Надзеі Саўчанкі пачалася — адвакат Фейгін


Працэдура выдачы ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, засуджанай у Расеі за нібыта датычнасьць да забойства журналістаў ВГТРК у Данбасе летам 2014 году да 22 гадоў, пачалася.

Пра гэта паведамляе агенцтва навінаў РБК, спасылаючыся на адваката Саўчанкі Марка Фейгіна.

«Заява Саўчанка аб згодзе на выдачу для адбыцьця пакараньня ва Ўкраіне я атрымаў яшчэ 7 красавіка і тады ж перадаў у мінюст Украіны, які зрабіў запыт на адрас міністэрства юстыцыі Расеі ў адпаведнасьці з канвэнцыяй 1983 году аб выдачы асуджаных», — цытуе РБК Марка Фейгіна.

27 красавіка Надзея Саўчанка, паводле слоў яе сястры Веры Саўчанкі, атрымала адпаведныя дакумэнты на афармленьне паводле працэдуры выдачы, якое пацьвярджае, што працэдура запушчаная. Канвэнцыя аб выдачы асуджаных прадугледжвае, што рашэньне аб перадачы Саўчанкі для адбыцьця пакараньня ва Ўкраіне павінен прыняць суд, нагадаў Фейгін.

Дата суду пакуль невядомая і можа спатрэбіцца пэўнае працэсуальнае рашэньне для таго, каб вызначыць, які суд павінен гэтым заняцца, удакладніў адвакат. Рашэньне павінен прымаць суд па месцы адбыцьця пакараньня, але Саўчанка пакуль не этапаваная ў калёнію, таму можа быць вырашана, што яе справа будзе разгледжаная па месцы знаходжаньня ў СІЗА, дадаў Фейгін. Саўчанка, як і раней, утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ў Новачаркаску, і рашэньне будзе прымаць мясцовы суд, выказаў здагадку Фейгін.

Адвакат пры гэтым удакладніў, што пачатак працэдуры выдачы не перашкаджае, што тэарэтычна Саўчанку могуць памілаваць, што вызваліла б яе ад адбыцьця пакараньня ва Ўкраіне, аднак гэта прэрагатыва прэзыдэнта Расеі.

20 красавіка міністэрства юстыцыі Расеі паведаміла што атрымала ад Украіны запыт аб прадастаўленьні дакумэнтаў для вырашэньня справы з перадачай асуджанай у Расеі ўкраінскай грамадзянкі Надзеі Саўчанкі ва Ўкраіну з мэтай «далейшага адбыцця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі».

Пазьней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным аб альгарытме і тэрміне вызваленьня ўтрымліваліся ў Расеі ўкраінскай грамадзянкі Саўчанкі. У інтэрв’ю ўкраінскім тэлеканалам 24 красавіка Парашэнка дадаў, што самалёт з Надзеяй Саўчанкай можа прызямліцца на ўкраінскай зямлі «на працягу некалькіх тыдняў».

19 красавіка Пятро Парашэнка пасьля тэлефоннай размовы з Надзеяй Саўчанкай паведаміў, што ўкраінка пагадзілася часова спыніць сваё чарговае сухое галаданьне, якое яна трымала ад 6 красавіка, патрабуючы вызваленьня. 5 красавіка вырак расейскага суду па справе Надзеі Саўчанкі ўступіў у сілу. Яе засудзілі да 22 гадоў пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы, у прыватнасьці, у дачыненьні да сьмерці расейскіх журналістаў на Данбасе. Украінка і бок абароны адпрэчваюць усе абвінавачваньні.

XS
SM
MD
LG