Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец красавіка, сядзім зь сябрам у ягонай кватэры на Бульвары, п'ем гарбату і глядзім у вакно. За вакном цёткі, захутаныя ў капюшоны й шалікі выгульваюць сваіх пэскаў.

– Трыццаць гадоў пасьля катастрофы… – кажа сябра і сумна так пасьміхаецца. – Мне акурат сон прысьніўся. Сёньня… Але перад тым я табе адну гісторыю распавяду. Чарнобыльскую.

Калі рэактар грымнуў, я асыстэнтам кінаапэратара на кінастудыі працаваў. І так склалася, што патрапіў у першую экспэдыцыю туды, у пацярпелыя раёны.

Дзён празь дзесяць пасьля выбуху дамовіліся мы зь сябрам –кінаапэратарам Сяргеем, што я дапамагу яму бабіны са стужкамі спарадкаваць. Хаджу па калідорах студыйных, чакаю яго са сходу партыйнага, раптам вылятае з залі, дзе сход той адбываўся, узбуджаны такі, чырвоны, ажно пот на твары. Пытаюся, што здарылася, а ён толькі губу закусіў ходзіць узад-уперад, маўчыць. Пасьля выпальвае:

– Ды ў Чарнобыль паслалі ў экспэдыцыю... пад Хойнікі.

Аказалася, што на сходзе тым, вырашалі каго паслаць. Аднаго камуніста паднялі, кажуць, паедзеш. Той кажа, не, не паеду. У мяне дзяцей няма яшчэ. Сьледам паднялі мэтра аднаго, кажуць, заданьне адказнае, трэба, каб усё прафэсійна было зьнята.

Мэтр, трэба аддаць належнае, па-элеганцку выкруціўся. Добра, кажа, паеду, але буду здымаць праўду. Падвісла няёмкая паўза, і для мэтра зараз знайшлася іншая тэрміновая праца. А тады ўжо да Сярогі пад'ехалі. Вы, кажуць, Сяргей, кандыдат у члены КПСС, вось вам партыйнае даручэньне. Што рабіць, адмовісься – капец кар'еры. Карацей, пагадзіўся Сярога.

Глядзіць мне ў вочы і пытаецца:

– Паедзеш са мной у групе асыстэнтам?

– Паеду, – адказваю. Як сябру адмовіць. Да таго ж гэта ўчынак быў такі мужчынскі. Мы ж на Хэмінгуэі гадаваліся... Ну і маладыя, хоць і напалоханыя чуткамі, але не ўсьведамлялі той катастрофы. Была такая цікавасьць юначая, а як там?.. Так што заскочыў да дому, джынсы новыя нацягнуў і на кінастудыю.

У Хойнікі прыехалі апоўдні, а там палівачка езьдзіць і палівае бясконца пляц перад райкамам. Коламі кружыцца, як завадная, пырскае і пырскае вадой. І больш нікога.

Прыехалі на поле калгаснае, здымаем, як цёткі капусту садзяць. Сядзяць на баране, што за трактарам, у павязках марлевых, і торкаюць у барозны рассаду. Пыл шалёны, яны зьверху нейкую плёнку нацягнулі, а пад ёй ён – як хмара чорная. Пытаемся, навошта плёнку нацягнулі? Адказваюць, што ад радыяцыі хаваюцца... А па ўскрайку поля «партызаны» ў хімабароне ходзяць з «гейгерамі», і пішчаць тыя «гейгеры» бязьлітасна.

Пасялілі нас у будынку інтэрната ПТВ. Навучэнцаў эвакуявалі, а нас туды. Аглядаемся. Зайшлі ў «ленінскі пакой». Пустая шэрая заля, тры крэслы і тэлевізар уключаны. Сюр такі. У тэлевізары Гарбачоў. Кажа, што эвакуацыя адбылася пасьпяхова. А нам толькі заўтра тую эвакуацыю здымаць...

Дык вось, жылі ў тым інтэрнаце яшчэ дзяўчынкі з мэдычнай вучэльні. Яны вайсковаабавязаныя, маладзенькія зусім. Перад тым нас папярэдзілі, каб мы не чапалі іх. Мы спачатку падумалі, што яны «фаняць». Можа і «фанілі», хто там разьбіраўся. Такія гадоў васямнаццаць, амаль школьніцы. Мы зайшлі, ведаеш, а яны ў вайсковай бялізьне ходзяць. Кальсоны там на завязках, кашулі белыя. У мяне першая асацыяцыя – зь фільмам «А зоры тут ціхія»… Такая фізычная прысутнасьць вайны... Аж дрыжыкі па скуры. Ня ведаю, дзе яны былі, што рабілі...

Мы на вячэру расклаліся, толькі пляшку адкаркавалі, а там – віск, енк. Выглянулі, дзяўчына бегае, як ашалелая, крычыць, а тры таваркі ейныя яе злавіць спрабуюць, супакоіць. Такія справы...

Павячэралі, выйшаў я пакурыць перад сном, гляджу, сядзіць адна, прыгожая такая, валасы доўгія да плеч, сьлёзы цякуць і цякуць. Моўчкі. Я да яе падыходжу стаў-куру побач. Яна маўчыць, а пасьля пытаецца ў мяне:

– Дзядзенька, а мы памрэм?...

А мне самому дваццаць чатыры гады. Што адказаць? Як заклініла, а пасьля нешта пачаў такое звычайнае, абы не маўчаць...

І закат у неверагодным колеры. Фарбы насычаныя, малінавыя. Я нават у Таджыкістане ў пустэльні такога ня бачыў.

Пытаюся: як тваё імя?

– Лена, – адказвае.

– А мяне Алег клічуць.

Пагаварылі трошкі. Аказваецца, яны салдацікаў і пажарных з зоны правяралі й апрацоўвалі. Нагледзеліся ўсякага. Вайну, словам, сапраўдную пабачылі. Ні псыхоляга разам з імі, нікога. Толькі дзядзька заўхоз.

Наступным ранкам нам зьяжджаць ужо, і яны сваю хімабарону складаюць. Падышоў да яе і кажу:

– Лена, усё будзе добра. Чуеш.

Яна так, вачэй не падымаючы, хітнула галавой і пайшла... Тоненькая, валасы разьвіваюцца. Неяк так мне прыкра зрабілася, проста немагчыма. Нібыта мог дапамагчы нечым і не дапамог.

Але што ж, паехалі эвакуацыю здымаць. Сьлюнькоў прыехаў, партбос тагачасны. Вакол шапікі стаяць з каўбасой і гарэлкай. Танныя, за капейкі. Народ хто плача, хто маўчыць. Аўтобусаў калёны. Толькі камэру ўсталявалі, падыходзіць гэбіст і кажа:

– Ня трэба здымаць. Гэта не для прэсы.

А сьледам Сьлюнькоў да народу:

– Да ня бойцеся вы, мне зуб вырывалі, рэнтген рабілі, так там большая радыяцыя. Адпачнеце месяц і дадому вернецеся...

Так і не далі зьняць.

Паехалі далей. Статак кароў з-пад Чарнобыля прыгналі ў эвакуацыю. Здымаем панараму, кропкай заключнай цялё гадавалае выбралі. Прымерыліся, вядзём панараму, а кропкі няма. Думалі, праскочылі, адарваліся ад аб'ектыву, глядзім – цялё ляжыць. Падыходзім бліжэй, а яно проста сканала, не дачакаўшы нашае кропкі. Ляжыць нежывое.

Настрой – горш няма. Думаю, трэба ж такое на заключны кадар. А ў галаве Лена, дзяўчына тая. Думаю, вось на разьвітаньне ня тое сказаў. Ня так. Не паверыла. Па Станіслаўскаму ўсё.

Дарога, лес міма ляціць. Нарэшце пост дазымэтрычны. Выйшаў маёр такі ў акулярах, з жывоцікам. Памерыў. Кажа:

– Так, хапанулі хлопцы. Машыну, ясна, сьпішуць, а вам дома вопратку, абутак зьняць і закапаць на звалцы дзе.

– Што і джынсы? – пытаюся. – Яны ж новыя.

– І джынсы, – кажа.

Аказалася, што доктар-радыёлаг. Адышліся пакурыць, я ў яго пытаюся, маўляў, што парадзіш, каб радыяцыя выходзіла.

А ён мне:

– Адзінае магу парадзіць у такім выпадку – кроў здаваць. Рэгулярна. Кожны месяц. Такім чынам арганізм абнаўляецца. І цэлую лекцыю прачытаў, як там і што, пакуль курылі.

Селі ў машыну далей ехаць, і тут мяне як торкнула. Вось што трэба было ёй сказаць. Практычную параду, проста каб паверыла.

Мы ня надта далёка ад'ехалі, сказаў хлопцам, што пашпарт забыў. Вадзілу паабяцаў пару пляшак гарэлкі і – назад у той інтэрнат. Прылятаем, а там няма ўжо нікога. Толькі заўхоз іхны шоркаецца.

Я да яго, пытаюся: Можаш перадаць нататку, дзяўчынцы адной вашай. Ленай клічуць. Такая з даўгімі каштанавымі валасамі.

Ён мне ў адказ: А як? Яны на ратацыю выправіліся. Давай, калі неяк сустрэну, не забуду й не згублю, то перадам.

Я напісаў па памяці ўсю тую лекцыю маёрскую. Аддаю яму і кажу: Сам пачытай таксама, калі хочаш. Толькі перадай, дзеля Бога.

Ён так зірнуў на мяне ўважліва, узяў паперу, склаў акуратна і ў кішэню.

Рушылі да Менску, аж, здаецца, камень з душы... Зрабіў усё, што мог.

Дзякуй таму маёру-радыёлагу. Сярога ўпарціўся трохі, але я яго пераканаў. Так мы тры гады кроў здавалі кожны месяц. І на кроў, і на плязму, пакуль я на «боткіна» не захварэў. Можа ад таго й жывыя абодва дагэтуль. Адно я зрабіў не па доктарскай парадзе, джынсы ня выкінуў. Але хто ж у тыя часы мог джынсы новыя выкінуць. Нават радыёактыўныя.

А цяпер пра сон, нарэшце. Прысьнілася сёньня мне тая дзяўчынка-Лена. Ідзе, валасы разьвіваюцца, усьміхаецца і кажа мне:

– Трэба ж, столькі гадоў прайшло...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG