Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom ужо летам абяцае лічбавае інтэрактыўнае тэлебачаньне па ўсёй Беларусі


Новую плятформу будуць разьвіваць пад брэндам voka.

Тэлебачаньне ад Velcom змогуць паказваць як сучасныя тэлевізары з функцыяй Smart TV, так і састарэлыя мадэлі з HDMI-портам — для гэтага іх уладальнікаў забясьпечаць спэцыяльнымі прыстаўкамі STB (Set top Box). Сэрвіс таксама будзе даступны на кампутары з выхадам у інтэрнэт, паведамляе Белапан.

Сярод ключавых асаблівасьцяў — адсутнасьць фізычнай прывязкі да сеткі апэратара. Карыстацца ТБ змогуць не толькі абанэнты Velcom, гэта можна будзе зрабіць праз інфраструктуру любога інтэрнэт-правайдара ў краіне. Тэлебачаньне таксама будзе падтрымліваць усе асноўныя мабільныя плятформы — iOS, Android і Windows Phone.

Гледачы атрымаюць доступ ня толькі да вялікай колькасьці папулярных тэлеканалаў, але і да розных пакетаў відэакантэнту. Новую плятформу лічбавага тэлебачаньня будуць разьвіваць пад брэндам voka — аднайменным сэрвісам для прагляду мабільнага ТБ, якім ужо скарысталіся 200 тыс. уладальнікаў смартфонаў і пляншэтаў.

Сельскія жыхары і ўладальнікі дач змогуць падключыцца да стрымінгавага ТБ праз 3G-сетку Velcom, якая да канца году пакрые 97% тэрыторыі Беларусі. У гэтым выпадку апэратар не будзе тарыфікаваць мабільны трафік.

«Зьяўленьне новага сэрвісу ад Velcom, які працуе на базе тэхналягічнай плятформы SPB TV, дасьць беларусам большую свабоду выбару і шырокія магчымасьці па праглядзе тэлеканалаў і выкарыстаньні легальнага відэакантэнту ў любым пункце краіны», — растлумачыў начальнік аддзелу па распрацоўцы воблачных і кіраваных сэрвісаў кампаніі Velcom Дзьмітрый Кірыленка.

XS
SM
MD
LG