Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Украіны: у Адэсе 2 траўня ў выпадку беспарадкаў будзе адкрыты агонь


Зоран Шкірак

Зоран Шкірак

Дарадца кіраўніка МУС Зоран Шкірак абверг заяву губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі аб перапраўцы ў Адэсу тысячы байцоў нацыянальнай гвардыі.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Зоран Шкірак заявіў, што ў выпадку ўзьнікненьня беспарадкаў у Адэсе 2 траўня праваахоўныя органы будуць страляць па ўзброеных правакатарах на паражэньне.

У эфіры тэлеканалу «112 Украіна» Шкірак сказаў, што хоча астудзіць гарачыя галовы тых, хто, магчыма, мае намер выкарыстоўваць гэтую гадавіну ў мэтах дэстабілізацыі ўнутранай сытуацыі, што падразьдзяленьні, якія ўжо знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці, у выпадку ўзьнікненьня такіх спробаў будуць дзейнічаць жорстка і бескампрамісна. Паводле яго слоў, калі «ў такіх правакатараў зьявіцца ў руках зброя, рэакцыя праваахоўнікаў будзе адпаведная, гэта значыць будзе стральба на паражэньне».

Пры гэтым Шкірак паабяцаў, што МУС прадухіліць магчымыя беспарадкі.

Раней дарадца міністра абверг заяву губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі аб перапраўцы ў Адэсу тысячы байцоў нацыянальнай гвардыі. Паводле яго слоў, у горадзе дастаткова супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб справіцца зь любымі выклікамі.

У Адэсе пратэстоўцы, якія патрабуюць адстаўкі мэра гораду ў сувязі з паведамленьнямі аб яго афшорных холдынгах, застаюцца на месцы пасьля ўчорашняга жорсткага нападу на іх лягер і раненьне некалькіх актывістаў. Сёньня пратэстоўцы аднавілі свой намётавы лягер перад мэрыяй Адэсы і аднавілі мірны пікет супраць мэра Генадзя Труханава.

26 красавіка лягер атакавала група з прыблізна 20 чалавек, узброеных бэйсбольнымі бітамі. Трое пратэстуючых атрымалі раненьні, у тым ліку раны галавы і страсеньне мозгу. Камэры відэаназіраньня былі адключаныя ў гэты час і не зафіксавалі нападу. Мясцовыя ўлады заявілі, што пяцёра нападнікаў былі затрыманыя.

Пратэстоўцы начуюць каля будынка мэрыі зь 10 красавіка пасьля таго, як з панамскіх дакумэнтаў стала вядома, што Труханаў праводзіў сакрэтныя апэрацыі з афшорнымі рахункамі. Згодна з інфармацыяй, мэр быў зьвязаны з больш чым 20 афшорных холдынгамі, дзе ён быў зарегістраваны як грамадзянін Расеі, нягледзячы на тое падвойнае грамадзянства ва Ўкраіне забаронена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG