Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ракета ня вылецела з-за няспраўнай аўтаматыкі ў прысутнасьці Пуціна


Першы пуск ракеты-носьбіта з касмадрома «Усходні» ў Амурскай вобласьці, заплянаваны на раніцу серады, адмянілі за паўтары хвіліны да старту з-за таго, што не спрацавала аўтаматыка.

Рэзэрвовай датай пуску ракеты «Саюз-2.1а» з трыма касьмічнымі апаратамі ў Раскосмасе называюць 28 красавіка, прыкладна ў пяць гадзін раніцы па маскоўскім часе.

«За паўтары хвіліны да старту аўтаматыка дала адбой. Прычыны высьвятляюцца. Ракета захавалася, захаваліся ўсе тры спадарожніка. Гэта сьведчыць аб тым, што тэлемэтрыя працуе нармальна. Сыстэма нам паказала, што лепш запуск адкласьці», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Раскосмасу Ігар Буранкоў.

27-га красавіка касмадром «Усходні» наведаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ён вырашыў затрымацца там да таго моманту, як сытуацыя з пераносам першага пуску праясьніцца, паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.

Будаўніцтва касмадрому «Усходні», якое абышлося расейскім падаткаплатнікам у 400 мільярдаў рублёў, называюць адным з найбуйнейшых праектаў апошніх гадоў. Яно пачалося ў 2012 годзе і ў 2015-м павінна было завяршыцца, але перашкодзілі маштабныя крадзяжы: па дадзеных Генпракуратуры, пры будаўніцтве было скрадзена 7,5 млрд рублёў.

У выніку праведзеных праверак сьледчыя органы завялі больш за 20 крымінальных справаў, зьвязаных з прысваеньнем, растратамі і махлярствам.

Будаўнікі «Усходняга» некалькі разоў аб’яўлялі страйкі і галадоўкі з-за затрымак заробкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG