Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ладзяць Кангрэс беларускай культуры. Трусаў: гэта абарона ад «русского мира»


У Менску рыхтуецца Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры, на які зьбяруцца больш за 300 дасьледчыкаў, навукоўцаў па культуралёгіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратура- і мовазнаўстве з розных краін.

Замежныя госьці будуць з Расеі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Японіі , Ірану, Польшчы, Літвы, Славаччыны.

Арганізатары мерапрыемства — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На кангрэс запрошаныя прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, іншыя сябры ўраду.

Паведамляецца, што галоўная мэта Міжнароднага навуковага кангрэсу беларускай культуры — «захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры».

На сайце кангрэсу сьцьвярджаецца, што «форум закліканы садзейнічаць разьвіцьцю дасьледаваньняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэньню міжнароднага супрацоўніцтва навукоўцаў розных краін».

Сярод тэмаў, якія будуць абмеркаваныя ўдзельнікамі форуму: нацыянальная культура, мова і літаратура; культура рэгіёнаў Беларусі і нацыянальных супольнасьцяў; беларуская дыяспара ў сьвеце: этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасьць; гісторыка-культурная спадчына, музэі, запаведнікі; традыцыйная культура, архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва і іншыя.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў лічыць, што сам факт правядзеньня кангрэсу — зьява станоўчая. Навізна ў тым, што раней такія мерапрыемствы ладзілі няўрадавыя арганізацыі:

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Такія кангрэсы ладзіліся і раней. Але гэтым займаліся ня ўлады, а Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Таксама прыяжджалі дасьледчыкі з розных краін, і таксама ўсё праходзіла ў Акадэміі навук. Дзяржава гэтыя мерапрыемствы дазваляла і ў пэўнай ступені спрыяла іх правядзеньню.

Сёлета ўпершыню дзяржава ўзяла ўсё ў свае рукі. Гэта і зразумела — часы мяняюцца, зьмянілася палітычная сытуацыя ў краіне, наступае „русский мир“. Адпаведна робяцца захады. Нават у апошнім пасланьні Аляксандар Лукашэнка хоць і казаў, што няма ў нас мяккай беларусізацыі, але моцна крытыкаваў расейскіх нацыяналістаў.

Гэты кангрэс — палітычнае мерапрыемства. Гэта адказ на выпады тых, хто сьпіць і бачыць, каб Беларусь далучылася да Расеі. Беларускія ўлады гэтаму супраціўляюцца.»

Кангрэс пройдзе 5-6 траўня 2016 году. Адкрыцьцё — у Вялікай канфэрэнц-залі Прэзыдыюму НАН Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG