Лінкі ўнівэрсальнага доступу

OCCRP: Сябра Пуціна атрымліваў грошы, аб крадзяжы якіх заяўляў Магніцкі


Такі постэр на прыпынку грамадзкага транспарту ў Маскве зьявіўся 6 красавіка.

Такі постэр на прыпынку грамадзкага транспарту ў Маскве зьявіўся 6 красавіка.

230 мільёнаў даляраў, якія, як мяркуецца, былі скрадзеныя з бюджэту Расеі, «аселі» на рахунках адразу некалькіх афшорных кампаній. Гэтую схему раскрыў яшчэ Сяргей Магніцкі.

Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) заявіў пра сувязь віялянчэліста Сяргея Ралдугіна, блізкага сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, з афшорам, на які былі выведзеныя сродкі з расейскага бюджэту. Такім чынам супрацькарупцыйны цэнтар пацьвярджае схему крадзяжу, якую раней раскрыў юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі.

Паводле дадзеных OCCRP, частка выкрадзеных 230 мільёнаў даляраў у 2008 годзе ў выніку некалькіх апэрацый была перакладзеная на рахунак кампаніі Delco Networks, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Паводле зьвестак Міжнароднага кансорцыюму журналісцкіх расьсьледаваньняў (ICIJ), гэтая кампанія ў тым жа годзе купіла 70 тысяч акцый «Раснафты» у Панамскага афшора Ралдугіна пад назвай International Media Overseas. У OCCRP прыйшлі да высновы, што сродкі такім чынам у рэшце рэшт прыйшлі ў кампанію блізкага да расейскіх уладаў чалавека.

3 красавіка Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьсьледаваньняў апублікаваў матэрыял аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады некалькіх краінаў сьвету. Расеі была прысьвечаная значная частка гэтага расьсьледаваньня. У ім гаворыцца, што блізкія да Пуціна людзі праз банк «Расея» і панамскія афшорныя кампаніі «адмылі» больш за 2 мільярды даляраў. У Крамлі расьсьледаваньне называюць «інфармацыйным укідам». Сам Уладзімір Пуцін пацьвердзіў, што Ралдугін займаецца бізнэсам, аднак заявіў, што віялянчэліст усе грошы аддае на куплю музычных інструмэнтаў.

Сяргей Магніцкі — юрыст фонду Hermitage Capital памёр у маскоўскім сьледчым ізалятары 16 лістапада 2009 году. Афіцыйная прычына сьмерці — сардэчная недастатковасьць. Сваякі юрыста сьцьвярджаюць, што ў СІЗА яму не аказвалі неабходную мэдыцынскую дапамогу, зьбівалі і трымалі ў дрэнных умовах.

XS
SM
MD
LG