Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саакашвілі заклікаў увесьці ў Адэсу войскі Нацыянальнай гвардыі


У Адэсе супрацоўнікам паліцыі ўдалося разблякаваць будынак гарадзкой адміністрацыі, усе ўваходы якога перакрылі ўдзельнікі акцыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі мэра гораду Генадзя Труханава.

Дзеяньням дэманстрантаў папярэднічаў напад на лягер удзельнікаў пратэстаў. Група мужчын пад’ехала на аўтобусе да месца бестэрміновага пікету і пачала зьбіваць людзей. У выніку нападу трое мітынгоўцаў атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы, страсеньне мазгоў і цялесныя пашкоджаньні. Пяцёра нападнікаў былі затрыманыя міліцыяй.

Бестэрміновы пікет з патрабаваньнем адстаўкі мэра пачаўся ля будынка мэрыі Адэсы 10 красавіка. Нагодай для пратэстаў сталі дадзеныя з так званага «Панамскага архіву». З расьсьледаваньня вынікае, што мэр Адэсы Генадзь Труханоў і яго асяродзьдзе валодаюць больш чым 20 афшорнымі фірмамі на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Прычым пры іх рэгістрацыі, як сьцьвярджаецца, Труханаў паказаў расейскае грамадзянства. Сам мэр Адэсы гэтыя зьвесткі адмаўляе.

Саакашвілі заклікаў Парашэнку ўвесці ў Адэсу падразьдзяленьні Нацгвардыі.

Тымчасам, старшыня Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку ўвесьці ў Адэсу падразьдзяленьні Нацыянальнай гвардыі і дадатковыя часткі паліцыі. Пра гэта Саакашвілі заявіў у відэазвароце на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Я хачу, напярэдадні сумнай гадавіны 2 траўня і на тле таго, што ворагі Ўкраіны відавочна рыхтуюцца ў тым ліку ў Адэcе і Адэскай вобласьці... яшчэ раз зьвярнуцца да прэзыдэнта Ўкраіны і яшчэ раз запатрабаваць дапамагчы нам навесьці парадак», — сказаў ён.

2 траўня 2014 году ў Адэсе ў выніку масавых беспарадкаў з удзелам прарасейскіх і праўкраінскіх актывістаў загінулі 48 чалавек, пацярпелі каля 300. Сутыкненьні пачаліся ў цэнтры гораду, дзе былі застрэленыя некалькіх чалавек. Пасьля актывісты прыйшлі на Кулікова поле, на якім разьмяшчаўся намётавы гарадок сэпаратыстаў. Пачаўся пажар у Доме прафсаюзаў, у якім таксама загінулі людзі. Працягваецца судовае сьледзтва аб масавых беспарадках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG