Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што замінае выдачы крэдыту? Ці ўплываюць на рашэньне Фонду палітычныя і геапалітычныя чыньнікі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод​.


Дракахруст: Калі коратка — пакуль не. Візыт беларускай дэлегацыі на штогадовае пасяджэньне радаў кіраўнікоў МВФ і Сусьветнага банку, якое адбылося ў Вашынгтоне 13-16 красавіка, скончыўся безвынікова: рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту пад новую праграму эканамічных пераўтварэньняў у краіне прынятае не было.

Беларускі бок падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі Фонду прэзэнтаваў праграму захадаў, накіраваных на рэфармаваньне беларускай эканомікі, але гэтая праграма не задаволіла МВФ. У МВФ адзначылі прагрэс у рэалізацыі ўрадам і Нацбанкам Беларусі мер эканамічнай палітыкі, але прагрэс, падобна, недастатковы з пункту гледжаньня МВФ.

Што тычыцца пэрспэктываў атрыманьня крэдыту Беларусьсю, то яны вельмі цьмяныя.


Што тычыцца пэрспэктываў атрыманьня крэдыту Беларусьсю, то яны вельмі цьмяныя.

Хутчэй за ўсё, у МВФ патрабуюць даволі сур’ёзных зьменаў эканамічнай палітыкі ў краіне. Ня выключана, што спрэчным момантам зьяўляецца прыватызацыя, бо многія іншыя патрабаваньні МВФ, такія як падвышэньне тарыфаў на паслугі ЖКГ, лібэралізацыя цэнаў і замарожваньне заработнай платы ў краіне, беларускія ўлады выконваюць.

З 5 па 21 красавіка ў Менску знаходзіліся адмыслоўцы МВФ і Сусьветнага банку, якія праводзілі маніторынг у рамках Праграмы ацэнкі фінансавага сэктару. Як гаворыцца ў выніковым прэс-рэлізе, «фінансавы сэктар, які характарызуецца даміноўным становішчам дзяржаўных інстытутаў, сутыкаецца з унутранымі структурнымі праблемамі, далярызацыяй і узьдзеяньнем зьнешніх нэгатыўных фактараў. Урэгуляваньне праблемных актываў, якое павінна быць непарыўна зьвязанае з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў, мае вялікае значэньне для захаваньня фінансавай стабільнасьці», лічаць экспэрты.

Наступствы нежаданьня праводзіць структурныя рэформы — слабасьць фінансавага сэктару, кепскія актывы банкаў — даўгі дзяржпрадпрыемстваў. Падаецца, што альбо беларускія ўлады пойдуць насустрач пажаданьням МВФ і зробяць крокі ў накірунку рэструктурызацыі прадпрыемстваў, альбо ўключацца палітычныя фактары.

Альбо беларускія ўлады пойдуць насустрач пажаданьням МВФ і зробяць крокі ў накірунку рэструктурызацыі прадпрыемстваў, альбо ўключацца палітычныя фактары.


Ня выключана, што крытыкай Расеі, якая прагучала ў штогадовым пасланьні прэзыдэнта, ён выклікае агонь на сябе. Расея прадэманструе незадавальненьне, Захад захоча абараніць Беларусь і прыйдзе на дапамогу. Расейцы ўжо грошы выдзелілі, а што ж Захад адлыньвае?

Глод: Я неаднаразова прысутнічаў на прэсавых канфэрэнцыях, якія традыцыйна праводзяць місіі Міжнароднага валютнага фонду па выніках сваіх візытаў у Беларусь. І заўважыў для сябе такую рэч: паколькі частка журналістаў прыходзіць на брыфінг упершыню, хтосьці зь іх абавязкова задае адно і тое ж пытаньне: ці ўплывае палітычная сытуацыя ў Беларусі на рашэньне МВФ аб выдзяленьні крэдыту? І кожны раз прадстаўнік Фонду тлумачыць, што палітычны чыньнік ня мае ніякага значэньня, што МВФ не палітычная арганізацыя.

Наколькі гэта шчыры адказ, мне падаецца, можна спрачацца. Цяжка ўявіць, што МВФ не вывучае палітычную сытуацыю ў краіне, якая просіць крэдыт. Я пераканаўся ў гэтым, калі Дэвід Хофман, кіраўнік місіі па Беларусі, два гады таму казаў: нам мала гарантыі беларускага ўраду, нам патрэбная гарантыя прэзыдэнцкай адміністрацыі. То бок, з гэтых словаў зразумела, што МВФ ведае, хто кіруе ў Беларусі эканомікай і дзе прымаюцца галоўныя рашэньні. Гэта пацьвярджаецца і тым, што прадстаўнікі фонду неаднаразова заяўлялі: для крэдытнай праграмы з Беларусьсю неабходная гатоўнасьць беларускіх уладаў на самым высокім роўні праводзіць глыбокія рэформы ў эканоміцы.

Таму, на мой погляд, пытаньне палягае ў тым, гатовае беларускае кіраўніцтва на радыкальныя рэформы ці не? А час паказвае, што такая гатоўнасьць наўпрост карэлюе зь цяжарам эканамічнай сытуацыі ў краіне.

Пытаньне ў тым, ці гатовае беларускае кіраўніцтва на радыкальныя рэформы. А такая гатоўнасьць наўпрост карэлюе зь цяжарам эканамічнай сытуацыі ў краіне.


Калі было зусім дрэнна і была вострая патрэба ў пазыковых грошах, то ўрад пагаджаўся на любыя рэформы, толькі б атрымаць гэтыя грошы. Як толькі сытуацыя выпраўлялася і вастрыня праблемаў у эканоміцы спадала, то кіраўніцтва часьцяком адмаўлялася і ад гэтых рэформаў, і нават раней прынятыя на сябе абавязацельствы да канца не даводзіла.

Цяпер сытуацыя дастаткова складаная. Грошай не хапае, але крэдыт Фонду стабілізацыі Эўразійскага саюзу пайшоў. Таму я сумняюся, што беларускае кіраўніцтва пагодзіцца на тыя рэформы, якія звычайна прапануе МВФ. З другога боку, да прэзыдэнцкіх выбараў (пры ўмове, што яны ня пройдуць датэрмінова ў 2017 годзе) яшчэ далёка. І цяпер самы час рабіць непапулярныя ў палітычным пляне захады. Як заўжды, апошняе слова будзе за Лукашэнкам. І што ён вырашыць, я асабіста прагназаваць не бяруся.

Пакуль жа ў Беларусі застаюцца савецкія пяцігодкі, фактычна застаецца Дзяржплян, дамінуюць дзяржаўна-намэнклятурныя падыходы да эканомікі. Таму, як я бачу сытуацыю, у МВФ пакуль няма падставаў даць беларускім уладам крэдыт.

Карбалевіч: Перамовы беларускага кіраўніцтва з МВФ у нечым нагадваюць дэтэктыўны сюжэт. У лістападзе мінулага году ў Беларусь прыяжджала адмысловая місія МВФ дзеля перамоваў аб новым крэдыце. Перамовы цягнуліся некалькі тыдняў. Па іх выніках беларускія афіцыйныя асобы казалі, што амаль аб усім дамовіліся, засталіся дробныя пытаньні, крэдыт амаль у кішэні. Потым місія МВФ зьехала, перамовы працягваліся дыстанцыйна, але настрой быў аптымістычны. Афіцыйныя асобы на ўзроўні віцэ-прэм’ера Мацюшэўскага цьвердзілі, што дамову падпішам, магчыма, нават атрымае крэдыт ў студзені-лютым ці ў першым квартале гэтага году.

Фонд чакае ад беларускіх уладаў новых, сур’ёзных прапановаў. А іх няма. Сытуацыя падвісла.


3 сакавіка намесьнік міністра эканоміі Збароўскі паведамляе, што ў перамовах узьнікла паўза, працяг перамоваў адбудзецца ў красавіку. Паўза ўзьнікла таму, што, паводле маёй інфармацыі, Менск, па патрабаваньню Лукашэнкі адмовіўся ад тых дамоўленасьцяў, якія былі зафіксаваныя раней.

У красавіку ў Менску была місія МВФ. Але яна займалася толькі штогадовым эканамічным маніторынгам. У красавіку ў Вашынгтон на веснавую сэсію рады МВФ езьдзіла дэлегацыя Беларусі, у якую уваходзілі намесьнікі кіраўніка Нацбанку, міністра эканомікі, фінансаў, памочнік прэзыдэнта Руды. Перамовы пра крэдыт былі, але кароткія. Такое сур’ёзнае пытаньне на такой кароткай сустрэчы не вырашаецца. Таму, гледзячы па ўсім, сур’ёзныя, рэальныя перамовы аб крэдыце МВФ не аднавіліся. Ва ўсялякім разе, ніякай інфармацыі пра гэта няма. Думаю, Фонд чакае ад беларускіх уладаў новых, сур’ёзных прапановаў. А іх няма. Сытуацыя падвісла.

На ўзроўні той місіі, якая прыяжджае ў Менск, палітычны чыньнік не адыгрывае вялікай ролі — прыяжджаюць экспэрты, якія разважаюць толькі пра эканоміку. Палітычны момант можа ўзьнікнуць толькі на радзе дырэктараў, якая ўжо прымае рашэньне, даваць грошы ці не даваць. Вось там і палітыка, і геапалітыка могуць адыграць значную ролю. Але пакуль да гэтага справа проста не даходзіць.

Дракахруст: Прыгадаю прэцэдэнт у пацьверджаньне таго, што палітыка ўсё ж сваю ролю адыгрывае. У 2009-м годзе, калі Беларусь нармалізоўвала адносіны з Эўропай, узьнік вельмі востры канфлікт з Расеяй наконт беларускага малака, Расея паставіла бар’ер. І тады зьявіўся крэдыт Міжнароднага валютнага фонду.

Можна дапусьціць, што менавіта тады Беларусь структурныя рэформы і правяла. Але тых рэформаў мы неяк ня бачым. Аднак цалкам мае права на існаваньне тэорыя, што палітычныя чыньнікі ўсё ж тады пэўную ролю адыгралі.

Будзе як з выбарамі: зразумела, Беларусь кардынальна не зьмянілася, але навідавоку прагрэс, давайце падтрымаем.


30% беларускага ВУП утвараецца прыватным сэктарам, 70% — дзяржаўным. Ну, беларускія ўлады могуць пайсьці на нейкія крокі, каб гэтая доля ў 30% стала доляй у 35%. І гэта будзе як з выбарамі: зразумела, Беларусь кардынальна не зьмянілася, але вось, навідавоку прагрэс, было 30%, стала 35%, давайце падтрымаем. Я б не сказаў, што гэта лёгіка і з тэхналягічнага, і з палітычнага пункту гледжаньня ня можа спрацаваць.

Карбалевіч: 2009-ы год — гэта быў разгар сусьветнага фінансавага крызысу. І была такая ўстаноўка вялікіх дзяржаваў і МВФ, што трэба даваць крэдыт усім, хто папросіць, таму што трэба закідаць гэты крэдыт грашыма. Думаю, што гэты чыньнік адыграў ролю пры выдзяленьні крэдыту Беларусі ў 2009-м годзе.

Дракахруст: Магчыма, але вы гаворыце пра ўстаноўкі, а ўстаноўкі — гэта і ёсьць палітыка, яны наўпрост з аналізу сытуацыі ў Беларусі не вынікаюць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG