Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: крыўдна, што Захад многія гады ціснуў нас санкцыямі, фінансаваў нашу апазыцыю


Аляксандар Лукашэнка наведвае Ельскі раён
Аляксандар Лукашэнка наведвае Ельскі раён

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дапамога міжнароднай супольнасьці ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі была і застаецца нязначнай — каля 1-2% ад унутраных выдаткаў.

«Вядома, крыўдна, што Захад многія гады ціснуў нас санкцыямі, фінансаваў нашу апазыцыю, замест таго каб аказаць нам важкую падтрымку. Гэта было б у духу тых самых агульначалавечых каштоўнасьцяў і гуманізму, якія ён так дбайна адстойвае. Тым больш што беларусы сталі закладнікамі катастрофы, якая здарылася ня зь іхнай віны», — сказаў Лукашэнка, выступаючы ў Ельску.

Паводле ягоных слоў, шкода, нанесеная беларускай эканоміцы чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца прыкладна ў 235 млрд даляраў. Ён адзначыў, што чарнобыльская катастрофа стала агульным болем для Беларусі, Украіны і Расеі:

«Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб’яднаньня намаганьняў дзеля таго, каб на зьмену „чорнай былі“ для нашых народаў прыйшло шчасьлівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёньня прыпыненая, але не ліквідаваная на ўсходзе Ўкраіны».

Камэнтуючы крыўды Лукашэнкі на адрас Захаду, палітоляг Аляксандар Класкоўскі сказаў карэспандэнту Свабоды:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Відавочна, што ўлады спэкулююць на тэме чарнобыльскай катастрофы, магчыма, можа нават і перабольшваюць шкоду, хоць яна насамрэч вельмі вялікая для Беларусі. Ці, ва ўсякім разе, перабольшваюць выдаткі, якія нібыта панёс беларускі ўрад дзеля ліквідацыі наступстваў Чарнобыля.

Тое, што Лукашэнка ўплятае дапамогу апазыцыі — гэта некарэктна ў шмат якіх дачыненьнях. Па-першае, не параўнаць маштабы, бо падтрымка апазыцыі з боку Захаду і ў лепшыя для яе часы была даволі сьціплая. Па-другое, апазыцыяй, відаць, ён называе і трэці сэктар, і незалежныя СМІ, хоць тут трэба раскладваць па палічках. Нават у суме гэтая дапамога ня вельмі вялікая, і цяпер яна скарацілася. У любым выпадку, дзеля ліквідацыі наступстваў Чарнобыля былі патрэбныя і яшчэ спатрэбяцца многія мільярды даляраў. Таму гэтае проціпастаўленьне абсалютна штучнае. Гэта проста нагода яшчэ раз даць высьпятка і беларускай апазыцыі, і тым палітыкам на Захадзе, якія клапоцяцца пра дэмакратычную будучыню Беларусі.

Ну, і калі Беларусь не была вінаватая ў гэтай катастрофе, то Захад тым больш не вінаваты. Наадварот, Захад пацярпеў ад таго, што Масква замоўчвала наступствы. Таму тут прэтэнзіі ня ў бок Захаду можна паварочваць.

А хто быў вінаваты ў тым, што доўгі час дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і Захадам былі вельмі кепскія і толькі цяпер толькі трошкі пачынаюць нармалізавацца? Найперш гэта было з-за недэмакратызму беларускіх уладаў, з-за рэпрэсіяў, і гэта накладала адбітак на ўсе сфэры ўзаемадзеяньня з Захадам. Калі б уявіць сабе, што Беларусь была б адкрытая Захаду, то за мінулыя гады заходняя дапамога, у тым ліку і на ліквідацыю наступстваў Чарнобыля, магла б быць значна большай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG