Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля выхаду новай кнігі Вячаслава Кебіча пад назвай «Ці любім мы Расею?», дзе былы прэм’ер стандартнымі фразамі савецкага агітпропу ўсяляк пляжыць беларушчыну і ўсхваляе Расею, шмат хто пытаецца — што зрабілася зь Кебічам?

Сяргей Навумчык адказвае так: з Кебічам нічога не зрабілася новага і як доказ гэтага прыводзіць цытаты зь першай кнігі былога прэм’ера Беларусі, дзе той прызнаецца ў супрацоўніцтве з КДБ і нават расказвае, што выконваў таемныя місіі за мяжой, г.зн. быў штатным нелегальным разьведчыкам і мае вайсковае званьне.

Але на мой погляд, справа тут глыбейшая. Кебіч, як і большасьць сёньняшніх беларусаў, паходзіць зь сялян. У выніку цяжкай гісторыі і дэнацыяналізацыі як сьледзтва гэтай гісторыі беларусы страцілі арыстакратыю і мяшчанства. Больш за 300 гадоў нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту ў форме палянізацыі, русыфікацыі і прыгону, асабліва 70 гадоў савецкіх рэпрэсіяў і бяспраўя, вытварылі ў беларускіх сялянах асаблівы тып канфармізму і прыстасаванства. Але ня толькі. Найперш яны выпрацавалі ў людзях жывёльны страх. Страх перад імпэрыяй, перад уладай і яе магчымымі рэпрэсіямі.

Беларусы дагэтуль не паверылі ў свабоду, бо дагэтуль яе ня маюць. Усё можа вярнуцца і ўсё вяртаецца. Людзі прывыклі да гвалту сілы над сабой. Я ведаю некаторых менскіх інтэлігентаў, якія вырасьлі ў сем’ях беларускіх пісьменьнікаў і журналістаў, і якіх гэтыя самыя пісьменьнікі і журналісты ўсяляк засьцерагалі ад беларушчыны — каб дарагія дзеці і ўнукі былі далей ад граху... Імёны гэтых людзей сёньня ва ўсіх на слыху. Нехта выканаў параду бацькоў і дзядоў і цяпер агітуе за расейскую мову, нехта не прыслухаўся. Але матывам іх выхавальнікаў быў страх перад сілай, якая пануе і пануе над беларусамі, якая не адпускае і нікуды не адступае. Удар (рэпрэсіі) магчымы ў кожную хвіліну.

І вось менавіта таму каталік з паходжаньня Вячаслаў Францавіч Кебіч у выбарчую прэзыдэнцкую кампанію 1994 году доўга-доўга поўз на каленях у Жыровіцкім кляштары перад іконай Жыровіцкай Божай Маці, каб нарэшце дапаўзьці і пацалаваць... руку мітрапаліту Філарэту.

Народ беларускі кемлівы і чуйны. Ён бачыць, куды хіляцца шалі гісторыі чарговым разам — якая сіла і дзе зноў паўстала і запанавала. І вось улічваючы, што цяпер адбываецца ў Расеі, хто і як там цяпер пануе, Кебіч, на маю думку, зноў распластаўся і папоўз на жываце для таго, каб... уратаваць бізнэс дзяцей і ўнукаў. Менавіта дзеля гэтага і дзеля іх ён клянецца ў сваёй любові да імпэрыі. Чаго ня зробіш для сваіх дзяцей, калі адчайна баісься і разумееш, што зь імі могуць зрабіць новыя валадары, якія прызнаюць распад СССР (г.зн. Віскулі, да якіх Кебіч мае самае непасрэднае дачыненьне) найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя. Бацькі за дзяцей, як вядома, могуць і жыцьцё аддаць.

А ўжо кнігу напісаць (ці падпісаць сваім імем), дык пагатоў...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG