Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор РФ абвінаваціў «Правы сэктар» ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Расеі


Юры Чайка.

Юры Чайка.

Генэральны пракурор Расеі Юры Чайка абвінаваціў украінскую партыю «Правы сэктар» ў спробах арганізаваць масавыя беспарадкі і зладзіць дзяржаўны пераварот.

У дакладзе генэральнага пракурора для Рады Фэдэрацыі гаворыцца, што гэтыя дзеяньні плянавалася зрабіць праз паблік у сацыяльнай сетцы Вконтакте. Вытрымкі з дакумэнту прыводзіць агенцтва «РІА Навіны».

«Заблякаваны доступ да старонак у сацыяльнай сетцы Вконтакте, з дапамогай якіх прыхільнікі ўкраінскай нацыяналістычнай групоўкі» Правы сэктар «рабілі спробы арганізацыі масавых беспарадкаў і несанкцыянаваных публічных акцый з мэтай дзяржаўнага перавароту ў Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў дакладзе Чайкі.

Рада Фэдэрацыі выслухае даклад генэральнага пракурора ў сераду, 27 красавіка.

Пракуратура дамаглася блякаваньня доступу да пабліку забароненага ў Расеі «Правага сэктару» яшчэ 3 сакавіка 2014 году, паведамляў TJournal. Тады для карыстальнікаў з расейскімі IP-адрасамі аказаліся недаступнымі адразу 13 супольнасьцяў, самымі буйнымі зь іх былі «Українська революція | Євромайдан | Евромайдан» і афіцыйнае прадстаўніцтва «Правага сэктару» у гэтай сацыяльнай сетцы.

У той жа дзень Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу ў дачыненьні да лідэра «Правага сэктара» Дзьмітрыя Яраша за «публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці».

У верасьні 2015 году суд у Чалябінску асудзіў блогера Канстанціна Жарынава за репост звароту «Правага сэктара» ў Вкантакце да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна і адразу ж амніставаў яго. Аналягічныя прысуды за рэпост «Правага сэктару» выносіліся ў Забайкальлі і Барнауле.

У Чачні судзяць двух грамадзян Украіны Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха. Клых быў адным з пачынальнікаў «Правага сэктара». Падсудных абвінавачваюць у тым, што ў 90-я гады яны ў ліку іншых актывістаў ультранацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО ваявалі ў Чачні на баку сэпаратыстаў. У крымінальнай справе як баевікі УНА-УНСО згадваюцца таксама Дзьмітрый Яраш і былы прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк.

XS
SM
MD
LG