Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска змагаецца за вяртаньне Крыму Ўкраіне і лічыць, што так дапамагае Беларусі

  • Паўло Зубʼюк

Яўгенія Андраюк

Яўгенія Андраюк

Беларуская актывістка Яўгенія Андраюк працуе ва ўкраінскай арганізацыі «Крым-СОС», якая займаецца праблемамі акупаванага Крыму. Пра свой удзел у гэтай арганізацыі яна распавядае Свабодзе.

Пад уражаньнем ад усяго таго, што тут адбываецца, асабліва ад тых адказаў, які давалі простыя грамадзяне на крызіс, на канфлікт, я засталася на даўжэйшы час.

— Хутка будзе два гады, як я прыехала ва Ўкраіну, гэта здарылася ў ліпені 2014 году. Усё насамрэч было даволі проста, я прыехала працаваць са сваёй магістарскай працай, да гэтага вучылася ў Нямеччыне ды Швэцыі. Аля пасьля, пад уражаньнем ад усяго таго, што тут адбываецца, асабліва ад тых адказаў, які давалі простыя грамадзяне на крызіс, на канфлікт, я засталася на даўжэйшы час. Пазьней я пазнаёмілася з камандай «Крым-СОС» — і вось так атрымалася, што я засталася тут.

— Чаму менавіта «Крым-СОС» і як ты ўлілася ў калектыў? Ты ж не зьвязаная з Крымам. Як сталася, што гэта цябе зацягнула?

— Першае — гэта адчуваньне каманды, гэта людзі. То бок калі я прыехала — не было такога, што я была зацікаўленая менавіта ў крымскім пытаньні. Гэта было лета 2014 году, усе тады займаліся гуманітарнай дапамогай перасяленцам з Усходу, там была вельмі вялікая хваля людзей. Таму ў мяне гэта былі нейкія асабістыя эмацыйныя зносіны з камандай, мы пасябравалі, сталі адзінай сям’ёй. А пасьля ўжо, калі спала хваля перасяленцаў, мы сталі вяртацца больш да крымскіх пытаньняў. І тут быў вельмі карысны мой міжнародны досьвед, тыя навыкі, якія ў мяне былі — і тут ужо я пачала разумець, наколькі блізкая сытуацыя ў Крыме з тымі кантэкстамі, у якіх я дагэтуль працавала. Тады я больш уцягнулася ў тэму — і цяпер гэта ўжо частка майго жыцьця.

— Беларускія добраахвотнікі і валянтэры, якія дапамагаюць Украіне, вельмі часта кажуць, што гэтым самым дапамагаюць і Беларусі. Ці ёсьць і ў цябе такое адчуваньне?

Я адчуваю, што тое, што мы цяпер робім ва Ўкраіне, будзе аднойчы вельмі карысным у Беларусі. Тыя веды, тыя навыкі, якія я цяпер тут атрымліваю.

— Я думаю, што так. У мяне, напэўна, крыху іншая пэрспэктыва — я адчуваю, што тое, што мы цяпер робім ва Ўкраіне, будзе аднойчы вельмі карысным у Беларусі. Тыя веды, тыя навыкі, якія я цяпер тут атрымліваю. Гэта больш практычнае, а больш філязофскія рэчы — няма больш блізкага, чым Украіна, чым гэты канфлікт — гэта настолькі ж нашае, наколькі і іхняе. Будучы ўцягнутай у гэта, я адчуваю, што робячы гэтую справу, я раблю гэта і дзеля Беларусі.

— Ці можаш ты распавесьці, над якімі праектамі працуеш цяпер?

— У нас два вялікія кірункі, над якімі мы працуем — гэта пытаньне дэакупацыі Крыму і пытаньне ўнутрана-перамешчаных асобаў, ці гэтак званых перасяленцаў, ва Ўкраіне. Зь перасяленцамі мы працуем як зь людзьмі з Крыму, так і з Усходу. Пераважна мы працуем на тэрыторыі цэнтральнай і заходняй Украіны, то бок на больш стабільных тэрыторыях. Мы аказваем дапамогу пачынаючы ад гуманітарнае і да інтэграцыйнае, гэта досыць вялікі аб’ём работы. Я ўцягнутая як у пытаньні па індывідуальных кейсах, так і агулам у пытаньні каардынацыі ўсіх працэсаў, якія ёсьць.

Пытаньне Крыму больш складанае, таму што ў нас няма ніякага доступу ў Крым і ня вельмі бясьпечна працаваць там адкрыта. Таму мы больш працуем на ўзроўні адукацыйным і на ўзроўні інфармацыйным. У нас ёсьць журналісцкі цэнтар, які працуе з пытаньнямі Крыму, мы аналізуем інфармацыю, публікуем яе. А таксама, наколькі гэта магчыма, падтрымліваем стасункі з тымі, хто ў Крыме цяпер.

Забарона Мэджліса дасьць легальную базу, каб перасьледаваць амаль кожнага крымскага татарына.

— Цяпер у Крыме пачалася новая хваля рэпрэсіяў супраць крымскататарскіх актывістаў і актывістаў увогуле. Што ты можаш распавесьці пра гэтую сытуацыю?

— Ну, агулам у Крыме ёсьць дзьве вялікія групы, якія перасьледуюцца — гэта крымскія татары і праўкраінскія актывісты. Зразумела, чаму праўкраінскія актывісты. А крымскія татары — найбольш кансалідаваная сіла на Крымскім паўвостраве, таму зь першых дзён акупацыі яны сталі асаблівым аб’ектам рэпрэсіяў, якія абвастрыліся, на жаль, у апошнія некалькі месяцаў.

Асабліва цяпер мы бачым — справа забароны Мэджлісу. Мэджліс забаронены ў адміністратыўным парадку пракуратурай Крыму і Мін’юстам Расеі. Мэджліс — не палітычная партыя, не арганізацыя, гэта інстытут самакіраваньня крымскіх татараў, выканаўчы орган Курултая — агульных збораў крымскіх татараў. Вядома, забарона яго як асноўнае сілы кансалідацыі ставіць пад вялікае пытаньне, наколькі далей змогуць бясьпечна крымскія татары знаходзіцца ў Крыме, таму што так ці інакш амаль кожны крымскі татарын зьвязаны з Мэджлісам. Акрамя цэнтральнае структуры, у Мэджліса ёсьць шмат лякальных аддзяленьняў, больш за 250 па ўсім Крыме, амаль у кожным паселішчы крымскіх татараў ёсьць свой маленькі Мэджліс. Таму забарона Мэджліса дасьць легальную базу, каб перасьледаваць амаль кожнага крымскага татарына.

Вобшукі — штодзённая практыка ў Крыме, як у крымскіх татар, якія зьяўляюцца актывістамі і лідэрамі, так і ў самых звычайных людзей, звычайных сямей.

У лютым прайшлі масавыя ператрусы. І ўвогуле вобшукі — штодзённая практыка ў Крыме, як у крымскіх татар, якія зьяўляюцца актывістамі і лідэрамі, так і ў самых звычайных людзей, звычайных сямей. Вельмі часта рэйды, перапісы тых, хто практычна пражывае, тых, хто зарэгістраваны на месцах знаходжаньня. Літаральна днямі былі ператрусы ў журналістаў, ва ўсіх журналістаў, якіх мы ведаем, прайшлі вобшукі. Самае страшнае, што ёсьць, — гэта тое, што тэндэнцыя, на жаль, пагаршаецца толькі. То бок быў такі час пэўнага зацішша ў першай палове 2015 году, але, на жаль, пасьля блякады мы бачым на пачатку 2016 году абвастрэньне. З гэтым павязаная новая хваля выездаў людзей з Крыму — і, на жаль, няма ніякіх азнакаў, што сытуацыя стане лепшай, больш бясьпечнай для людзей, якія там жывуць.

— Вось ты зараз апісваеш праблемы, а на пачатку казала, што гэтыя веды могуць спатрэбіцца таксама і ў Беларусі. Як, на тваю думку, гэты досьвед можа спатрэбіцца ў Беларусі?

— Тое, што тычацца вымушанага перамяшчэньня — гэта тое, што цяпер таксама ёсьць у Беларусі. Беларусь прыняла 300 000 уцекачоў з Украіны. І тут, канечне, гэта было б вельмі добра: кансалідацыя намаганьняў і абмен вопытам, што робіцца ў Беларусі і што робіцца ва Ўкраіне.

Першае, што я маю на ўвазе, — гэта той працэс, які ідзе цяпер ва Ўкраіне. Які б ён ні быў. Мы ўсе цяпер, актывісты, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі сочым і часам упадаем у пэсымізм. Але я лічу, што Ўкраіна ідзе па шляху перабудовы постсавецкага грамадзтва.

Я веру, што Беларусь таксама гэтым шляхам будзе ісьці. Таму патрэбны той вопыт, які ва Ўкраіне зараз будзе набірацца — і грамадзкага ўдзелу ў працэсе рэфармаваньня, і вельмі цікавы працэс рэфармаваньня дзяржаўных органаў.

Я веру, што Беларусь таксама гэтым шляхам будзе ісьці. Таму патрэбны той вопыт, які ва Ўкраіне зараз будзе набірацца — і грамадзкага ўдзелу ў працэсе рэфармаваньня, і вельмі цікавы працэс рэфармаваньня дзяржаўных органаў. Таму што акрамя відавочных — як рэформа паліцыі — таксама ідуць рэформы іншых дзяржаўных органаў. Напрыклад, мы зараз абмяркоўваем працэс рэформы пракуратуры і шмат іншых рэчаў.

Я веру, што некалі мы будзем ажыцьцяўляць падобныя працэсы ў Беларусі. Таму той вопыт, які цяпер у нас ёсьць, пасьля будзе прымяняцца і дзеля Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG