Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Ворагі Масквы цяпер становяцца і ворагамі Беларусі — гэта каляніяльная практыка


Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Гузь
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Гузь

25 красавіка беларускія памежнікі не ўпусьцілі ў Беларусь дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігара Гузя, паставіўшы ў пашпарт адпаведны штамп.

Народны дэпутат Украіны ехаў на аўтамабілі ў Беларусь, каб сустрэцца зь беларускімі актывістамі, паўдзельнічаць у прэсавай канфэрэнцыі на тэму «Беларусь і Ўкраіна перад пагрозай страты незалежнасьці», а таксама ўзяць удзел у Чарнобыльскім шляху.

Як патлумачыў Ігар Гузь Радыё Свабода, «беларускія памежнікі, там былі таксама супрацоўнікі КДБ, цьвердзілі, што мяне не пускаюць у Беларусь па патрабаваньні Расейскай Фэдэрацыі. Што ёсьць папера, што я непажаданая асоба ў РФ».

Сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які павінен быў сустракацца зь Ігарам Гузём, такім чынам патлумачыў дзеяньні беларускіх уладаў:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Дэпутата Дзяржаўнай Думы Ўкраіны Ігара Гузя не ўпусьцілі ў Беларусь на запыт Расейскай Фэдэрацыі. Гэта азначае, што ў Крамлі ўказваюць сувэрэннай дзяржаве, каго пускаць, каго не, хто пажаданы, а хто не. Гэта каляніяльная практыка, якая паказвае ступень „незалежнасьці“ Лукашэнкі ад „старэйшага брата“ Пуціна. Гэта азначае, што Эўропе даўно пара спыняць размовы, што Лукашэнка — гарант незалежнасьці і „міратворац“ ва ўрэгуляваньні ўкраінскага канфлікту. Ігар Гузь вядомы як украінскі народны дэпутат, які адстойвае інтарэсы Беларусі ў Вярхоўнай Радзе, парлямэнце Ўкраіны. А цяпер ён — „пэрсона нон грата“ ў Беларусі».

Лідэр БСДП «Народная грамада» Мікола Статкевіч кажа, што Беларусь даўно дамагалася ад Расеі прыняцьця агульнага сьпісу няўязных і, адпаведна, невыязных. Расея доўга не пагаджалася, бо беларускі сьпіс быў даволі доўгі, роўны па памерах расейскаму.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

«Але ўрэшце Беларусь угаварыла Маскву. А цяпер выходзіць, што ў Расеі шмат ворагаў. І ворагі Масквы цяпер становяцца і нашымі ворагамі. Як кажуць, „за што змагаліся, на тое і нарваліся“.

Але я думаю, што беларускія ўлады ў сытуацыі з народным дэпутатам Украіны Ігарам Гузём крыху „лукавяць“. Гузь быў на Чарнобыльскім шляху і раней, адседзеў на Акрэсьціна, ён даволі вядомая асоба ў нашай краіне. Ён зьбіраўся ўзяць удзел і ў сёньняшнім Чарнобыльскім шляху. Улады пабаяліся, што Ігар Гузь можа падняць цікавасьць беларусаў да акцыі.

Але праблемы з гэтымі агульнымі расейска-беларускімі сьпісамі будуць непазьбежна ўзьнікаць. У Расеі вельмі шмат ворагаў, вось і з Турэччынай ужо стасункі ўскладніліся. І калі Беларусь будзе дакладна выконваць міжнародныя пагадненьні з Расеяй, то, паўтаруся, усе шматлікія ворагі Масквы могуць стаць і ворагамі Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG