Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліенку аштрафавалі на 20 базавых, справу Касінерава адправілі на дапрацоўку


Судзьдзя Вікторыя Шабуня, архіўнае фота

Судзьдзя Вікторыя Шабуня, архіўнае фота

26 красавіка ў Цэнтральным судзе Менску прайшлі працэсы над моладзевымі актывістамі Зьмітром Паліенкам і Вячаславам Касінеравым.

На Зьмітра Паліенку быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць аб’яднаньня з Расеяй, які прайшоў 2 красавіка каля амбасады Расеі.

Зьміцер Паліенка

Зьміцер Паліенка

Зьміцер Паліенка на пікеце быў у масцы, але сьведкі-міліцыянты заявілі суду, што пазналі актывіста і ідэнтыфікавалі яго асобу паводле адмысловай базы фатаздымкаў. Судзьдзя Міхаіл Хома аштрафаваў Зьмітра Паліенку, які ў суд не зьявіўся, на 20 базавых велічынь (4 200 000 беларускіх рублёў).

Актывіста Вячаслава Касінерава судзілі за тое, што ён 8 красавіка каля будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Сапёраў у Менску вывесіў банэр «Рукі прэч ад антыфашыстаў».

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Вячаславаў Касінераў быў затрыманы міліцыянтам Уладзімерам Боханам, які, паводле ягоных слоў, «проста праяжджаў побач». Паводле сьведкі гэта было а 18.15 вечара. Але ў пратаколе, які склаў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Дзяніс Прэсьняк, пазначана, што правапарушэньне адбывалася а 18.50.

«Суд ня можа разглядаць справу, у якой ня высьветлены час правапарушэньня, і мусіць адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку», — зазначыла судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Вячаслаў Касінераў не хаваў у судзе, што правёў акцыю каля Сьледчага камітэту з мэтай салідарнасьці са сваімі сябрамі-антыфашыстамі.

«Сьледчы камітэт яўна перасьледуе антыфашыстаў Валавіка, Бойку і Цэхановіча паводле палітычных прычын. Іх ужо другі месяц трымаюць на Валадарцы, мы спрабуем ім дапамагаць, чым можам. У Вадзіма Бойкі бацькі інваліды, у Ільлі Валавіка за гэты час нарадзіўся сын. Справа іх двухгадовай даўніны, там страты былі на 280 тысяч, іх даўно кампэнсавалі, але прыйшоў загад перасьледаваць „левых“, вось за іх і ўзяліся», — распавёў пасьля суду Вячаслаў Касінераў.

Сам Вячаслаў Касінераў вядомы як «графіціст», які быў аштрафаваны паводле крымінальнай справы аб намаляваньні лёзунгаў «Беларусь мусіць быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе».

XS
SM
MD
LG