Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандажэўскі: Насельніцтва пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў будзе выміраць

  • БелаПАН

Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

Карэннае насельніцтва раёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, будзе выміраць. Такі прагноз былога рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытута, доктара мэдыцынскіх навук, прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які цяпер узначальвае каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе» (Кіеў, Украіна).

Свой пункт гледжаньня вучоны аргумэнтуе тым, што на працягу многіх гадоў, уключаючы савецкі пэрыяд, Беларусь фактычна была ахвярай радыёактыўнага заражэньня.

Па цэлым шэрагу раёнаў Беларусі можна канстатаваць гібель карэннага насельніцтва.

«Па цэлым шэрагу раёнаў Беларусі можна канстатаваць гібель карэннага насельніцтва, — заявіў Бандажэўскі ў інтэрвію БелаПАН. — Улады актыўна падтрымліваюць міграцыю насельніцтва ў пацярпелыя раёны Беларусі, каб яны не станавіліся пусткамі. Такім чынам фармальна дэмаграфічная сытуацыя паляпшаецца, а ўплыў радыёактыўнага выпраменьваньня на здароўе размываецца. Пры гэтым інфармацыя пра стан здароўя карэннага насельніцтва пацярпелых рэгіёнаў у Беларусі для дасьледчыкаў недаступная».

«Ясна, што папуляцыя карэнных жыхароў будзе выміраць. Тыя групы насельніцтва, якія атрымалі менш радыяцыі, будуць выміраць больш павольна, а тыя, хто падпаў пад больш агрэсіўнае заражэньне або працяглае ўзьдзеяньне малымі дозамі, — хутчэй», — лічыць Бандажэўскі.

Паводле яго слоў, ключавая праблема палягае ў тым, што многія людзі і ў Беларусі, і ва Ўкраіне пэрыядычна ўжываюць прадукты зь вельмі высокім узроўнем забруджваньня. Гэта грыбы, ягады і сельгаспрадукцыя, вырашчаная на забруджаных тэрыторыях.

Паводле дасьледаваньня, якое праводзілася ў 2014-2015 гадах у Іванкаўскім і Палескім раёнах Украіны, у дзяцей ёсьць схільнасьць да парушэньня жыцьцёва важных цыклаў, зьвязаных, у прыватнасьці, з удзелам фоліевай кіслаты. А ад гэтага цыклу залежаць шматлікія працэсы — у сфэры рэпрадуктыўнага здароўя, сардэчна-сасудзістай сыстэмы, анкалягічных захворваньняў.

Многія дзеці маюць павышаны ўзровень амінакіслоты гамацыстэіна, а значыць, у іх вялікая рызыка ўзьнікненьня сардэчна-сасудзістых і анкалягічных захворваньняў, цукровага дыябэту, хранічным невыношваньні цяжарнасьці, прыроджанай паталёгіі.

Так, многія дзеці маюць павышаны ўзровень амінакіслоты гамацыстэіна, а значыць, у іх вялікая рызыка ўзьнікненьня сардэчна-сасудзістых і анкалягічных захворваньняў, цукровага дыябэту, хранічным невыношваньні цяжарнасьці, прыроджанай паталёгіі.

Тэндэнцыі ва Ўкраіне і Беларусі ў частцы ўплыву ўзьдзеяньня радыяцыі на здароўе людзей падобныя, але ў Беларусі гэтая праблема не вывучаецца, дасьледаваньні не праводзяцца, падкрэсьліў прафэсар Бандажэўскі.

«А яны патрэбныя, бо існуюць сытуацыі, калі неабходна прымаць дадатковыя меры для стварэньня спрыяльных умоваў жыцьця людзей. У адваротным выпадку яны гінуць. У Беларусі нэгатыўны ўплыў на здароўе насельніцтва аварыі на Чарнобыльскай АЭС не абмяркоўваецца. Ва Ўкраіне ўлады, хай і не дапамагаюць, але не перашкаджаюць праводзіць такія дасьледаваньні, і праблема не замоўчваецца», — адзначыў Юры Бандажэўскі.

Юры Бандажэўскі — беларускі вучоны, буйны спэцыяліст у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, сапраўдны сябра Нью-Ёркскай акадэміі навук. Вывучаў нэгатыўнае ўзьдзеяньне малых доз радыяцыі на жывы арганізм. У 1999 годзе быў зьняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытута і арыштаваны па падазрэньні ў атрыманьні хабару. Вучоны правёў за кратамі шэсьць гадоў. Праваабаронцы абвясьцілі Бандажэўскага палітвязьнем, заяўляючы, што сапраўднай прычынай арышту вучонага стала яго нязгода з палітыкай уладаў па пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС.

XS
SM
MD
LG