Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Пускай ты нынче не в строю,
Но под одеждой штатскою
Всегда и всюду узнаю
Я выправку солдатскую!

(З савецкай песьні).

«Што зрабілася з Кебічам?» — пытаюцца ў мяне, маючы на ўвазе ягоную новую кнігу, дзе ён выступае апалягетам «руского мира» і фактычна адмаўляе Беларусі ў існаваньні як незалежнай дзяржаве.

Падтэкст пытаньня — факт, што Вячаслаў Кебіч быў падпісантам Белавескага пагадненьня і першым прэм’ерам незалежнай Беларусі у гады нацыянальнага Адраджэньня. Як гэта спалучыць зь ягонай жа цяперашняй ацэнкай Белавескіх пагадненьняў як «дзяржаўнага перавароту»?

«Людзі мяняюцца» — самае простае тлумачэньне. Але — далёка ня поўнае.

А ў дачыненьні да Кебіча — увогуле недакладнае.

Бо не зьмяніўся Вячаслаў Францавіч.

І Віскулі — гэта выключэньне ў ягонай палітычнай біяграфіі. Можна сказаць, няшчасны выпадак. З кім не здараецца?

А вось кансалідаваньне былой камуністычнай намэнклятуры адразу пасьля жніўня 91-га і пераўтварэньне камуністычнай дэпутацкай большасьці ў праімпэрскую парлямэнцкую фракцыю, адмова скарыстаць час і распачаць эканамічныя рэформы, уцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы праз Дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД, імкненьне замяніць беларускія грошы на расейскі рубель, нарэшце, ўвядзеньне прэзыдэнцтва і выбарчая кампанія з закрыцьцём незалежных СМІ — вось гэта пасьлядоўная палітыка Кебіча. І ў гэтым — сапраўдны Вячаслаў Францавіч.

Увогуле, каб зразумець трэцюю кнігу Кебіча — трэба прачытаць першую, «Искушение властью» (Менск, выдавецтва «Парадокс», 2008).

Уласна, дастаткова прачытаць некалькі абзацаў, і каб пазбавіць чытача ад неабходнасьці перагортваць некалькі сотняў старонак — прывяду некалькі цытатаў (мушу сказаць, ня першы раз — ужо рабіў гэта ў кнізе «Дзевяноста першы»).

У гэтых цытатах з кнігі Кебіча я не зьмяніў ніводнага слова — толькі пераклаў іх з расейскай на беларускую.

«Працуючы на заводзе інжынэрам, аднойчы атрымаў павестку, якая патрабавала зьявіцца ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі... Капітан Іваноў (і цяпер памятаю ягонае прозьвішча) запрасіў да сябе ў кабінэт і бяз усякіх разважаньняў сказаў:

— Мы за вамі назіраем яшчэ са студэнцкіх часоў. Ведаем, што чалавек вы ідэйна вытрыманы, добра падрыхтаваны. Інстытут закончылі з чырвоным дыплёмам. Такія людзі нам патрэбныя. Запрашаем вас на службу ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

Убачыўшы маю нерашучасьць, прапанаваў:

— З адказам не прысьпешваю. Падумайце. Але падумайце добра!

Па апошніх ягоных словах я зразумеў — адхіляць падобныя прапановы не прынята. Але ўсё ж па нейкай паважнай прычыне адмовіўся. Даведаўшыся пра маё рашэньне, Іваноў з усьмешкай сказаў:

— Ну што ж, працуйце. Сустрэнемся пазьней!

І праз паўгады мяне паклікалі на трохмесячныя курсы па вывучэньню крыптаграфіі, якія праводзіліся па лініі Галоўнага ўпраўленьня выведкі. І пайшло-паехала! Праз паўгода — новыя трохмесячныя зборы і званьне лейтэнанта; праз год — яшчэ адны і званьне капітана...»
(стар. 256-266).

І яшчэ:

«Шмат гадоў пазьней, у 1984 годзе, калі я ўжо быў другім сакратаром Менскага абкаму партыі, мне давялося ў апошні раз прыгадаць пра сваю прафэсію разьведчыка (вылучана мной — С.Н.). Трэба было выявіць аднаго здрадніка, які акапаўся ў Заходняй Нямеччыне. Сытуацыя нечым нагадвала тую, што выяўленая ў фільме «Мёртвый сезон»... І тады мяне па лініі ЦК КПСС накіравалі ў ФРГ на чале дэлегацыі для абмену вопытам з кампартыяй адной з фэдэральных земляў. Пра сапраўдны характар гэтай місіі ня ведаў ніхто нават у ЦК КПБ. Заданьне я выканаў. Больш падрабязна ў дэталі гэтай апэрацыі паглыбляцца ня буду. Хаця даўно ўжо няма той дзяржавы, якой я прысягаў, і падпіска аб неразгалошваньні страціла сваю сілу, але ёсьць унутраны абавязак. Я не разумею тых людзей, якія, зьняўшы мундзір, сьпяшаюцца ў палітычных мэтах выбалтаць усе службовыя таямніцы... Я такім чынам аўтарытэт сабе ніколі не набываў. Дарэчы, і мундзір па гэтай прычыне таксама ніколі не апранаў, хаця маю права яго насіць. Ён вісіць у мяне дома як памяць пра маю незвычайную ваенную службу»​(стар. 267-268).

«Хаця даўно ўжо няма той дзяржавы» (чытай — імпэрыі), якой прысягаў Вячаслаў Францавіч — але прысязе ён ня здраджваў. І мундзір, як бачым, захаваў.

Так, была падтрымка Зянона Пазьняка 25 жніўня 1991 года пры галасаваньні за Незалежнасьць, і ў сьнежні 91-га подпіс — нароўні са Станіславам Шушкевічам — пад Белавескімі пагадненьнямі, але ж мы дамовіліся, што гэта — толькі прыкрыя выпадкі ў біяграфіі Вячаслава Францавіча.

І галоўнае — гэтыя памылкі Вячаслаў Францавіч змыў.

Бо ў вызначальны для Беларусі момант — на першых прэзыдэнцкіх выбарах — Вячаслаў Францавіч застаўся верны прысязе.

Апошняя цытата:

" Па сутнасьці справы, мы выступалі з Аляксандрам Лукашэнкам з аднолькавых палітычных пазіцыяў, змагаліся не паміж сабой, а за прэзыдэнцкае крэсла, розьніца была толькі ў падыходах да дасягненьня пастаўленых мэтаў. І таму галоўным вынікам першага тура трэба, мяркую, лічыць паразу стаўленікаў нацыяналістычных сілаў Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча. Чый уклад у агульную перамогу над кандыдатамі ад БНФ (Шушкевіч ня быў кандыдатам БНФ — С.Н), мой альбо Аляксандра Лукашэнкі, аказаўся больш важкім, хай вырашыць час" (стар.433-434).

Мне толькі цікава было б даведацца — у піжаме піша Вячаслаў Францавіч свае тэксты ці для такой нагоды дастае з шафы дарагі сэрцу мундзір?

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG