Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня 26 красавіка 2016: «Чарнобыльскі шлях» у Менску


Чарнобыльскі шлях — 2015. Архіўнае фота.

Чарнобыльскі шлях — 2015. Архіўнае фота.

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.



Афіша:

У Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да 30-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Збор удзельнікаў акцыі ад 18.00 да 18.30 назначаны каля кінатэатру «Кастрычнік». Потым адбудзецца шэсьце па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абразу Божай Маці «Спагнаньне загінулых», дзе ад 20.00 да 21.00 заплянаваны мітынг і цырымонія ўскладаньня кветак. Арганізатарамі «Чарнобыльскага шляху» выступілі Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Беларуская партыя «Зялёныя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ганаровай старшынёй аргкамітэту стала ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

У Вялікім тэатры Беларусі (Менск, пл. Парыжскай Камуны, 1) выканаюць «Рэквіем Джузэпэ Вэрдзі». Выкананьне прымеркаванае да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі. Пачатак а 19.00.

У Тэатры ім. Я. Купалы (Менск, вул. Энгельса, 7) пройдзе прэм’ерны паказ спэктаклю «Дзьве душы» паводле аповесьці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1740 — заснаваная Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, што належала князям Радзівілам.

1863 — нарадзіўся Яўстафі Арлоўскі, беларускі краязнавец, гісторык, пэдагог.

1929 — нарадзіўся Юры Туронак, беларускі гісторык.

1986 — здарылася самая вялікая тэхнагенная катастрофа XX стагодзьдзя — выбухнуў чацьвёрты блёк Чарнобыльскага рэактаруа. Ужо традыцыйна гэты дзень адзначаецца ў Беларусі масавай маніфэстацыяй «Чарнобыльскі шлях». У часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі «Чарнобыльскі шлях» стаў апазыцыйным.

У памяці:

1883 — памёр Напалеон Орда, беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік.

Міхаіл Пташук. Магіла на Ўсходніх могілках.

Міхаіл Пташук. Магіла на Ўсходніх могілках.



2002 — памёр Міхаіл Пташук, беларускі кінарэжысэр, актор, прадусар.

Цытата:

«Той чарнобыльскай ноччу,
Як у жудасным сьне,
Напамінам прарочым
Скаланула мяне —
Бліскавіцай урану можна сьвет спапяліць.
І пякельнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.

Больш ня радуюць кветкі
І ня клічуць грыбы.
Не магу я
Быць гэткім,
Як да гэтага быў.
Роздум змрочным тыранам
Будзе роспач цьвяліць.
Незагойнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць».


Генадзь Бураўкін, фрагмэнт верша «Той Чарнобыльскай ноччу» (1987)

XS
SM
MD
LG