Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускім ўладам патрэбен такі рэлікт савецкага мінулага, як суботнік? Ці маюць тут значэньне эканамічныя чыньнікі, Чаму дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі пышна ўжо не сьвяткуюць, а суботнікі яшчэ праводзяць?

Карбалевіч: У мінулую суботу ў Беларусі прайшоў традыцыйны суботнік. Як звычайна, ў ім у прымусовым парадку удзельнічалі ўсе, хто працуе на дзяржпрадпрыемствах і установах. На недзяржаўных прадпрыемствах плацяць грашыма ў фонд суботніка. Сам Лукашэнка працаваў на будаўніцтве стадыёна «Дынама».

Навошта гэта трэба ўладам, Лукашэнку? Найперш, гэта даніна традыцыі, сіла інэрцыі, звычкі, настальгія па СССР, неабходны рытуал. Захаваньне рытуалу ў дзяржаўным ці грамадзка-палітычным жыцьці існуе ў многіх краінах, хоць яны ўжо даўно страцілі рацыянальны сэнс. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі. Таму Беларусь тут не эксклюзіў.

Але ў суботніку ёсьць і рацыянальны палітычны сэнс. Гэта тэст на здольнасьць «вэртыкалі» да мабілізацыі насельніцтва. Гэта ў пэўным сэнсе праверка на паслухмянасьць насельніцтва, на палітычную добранадзейнасьць. Калі людзей можна прымусіць працаваць бясплатна, і яны не пярэчаць, то з гэтым народам можна рабіць, што заўгодна. Ён і на выбары прыйдзе такімі ж стройнымі шэрагамі.

гэта ў пэўным сэнсе праверка на паслухмянасьць насельніцтва, на палітычную добранадзейнасьць

Таксама тут існуе прапагандысцкі момант. Гэта пэўны рытуал. Суботнік стварае ілюзію адзінства народа, ягонай кансалідацыі вакол улады. Той факт, што і прэзыдэнт разам з усім насельніцтвам працуе, павінна падкрэсьліць ягонае яднаньне з народам. Гэта сымбаль, кшталту ленінскага бервяна на суботніку.

Каліноўскі: Суботнікам беларускія ўлады дасягаюць дзьвюх мэтаў. Першая — ўлада падкрэсьлівае сваю пераемнасьць з савецкай уладай і савецкімі традыцыямі, адной зь якіх якраз і быў суботнік. Другая мэта, схаваная, але тым ня менш, можа, і галоўная — калі тры мільёны чалавек бясплатна папрацуюць альбо пералічаць некаторую суму у так званы фонд суботніка — дзяржава атрымлівае вялікі прыбытак. Не толькі грашовы. Насельніцтва робіць шмат малааплатнай і бруднай працы, на якую прынамсі ў вялікіх гарадах няма ахвочых — прыбірае сьмецьце, фарбуе агароджы і гэтак далей. Калі б такую працу рабілі прыбіральшчыцы з ЖЭСаў, яна б расьцягнулася на тыдні. А тут людзі вышлі, прыбралі ўсё пасьля зімы. Улада відавочна не забываецца на матэрыяльныя выгоды ад гэтага сьвята працоўных. Падлічылі, што зараз 100 тысяч даляраў зарабілі. Ва ўмовах крызысу гэта няблага.

Карбалевіч: Сакрэт «чыстага Менску».

Дракахруст: Прыгадваю, як суботнікі праходзілі ў савецкі час у акадэміі навук, дзе я працаваў — гэта пара гадзінаў працы, а потым п’янка на працы. Я не зусім згодны з калегамі. Мне здаецца, што галоўная прычына, чаму захоўваецца гэты рэлікт — гэта ідэалягічная схема. Асабліва мы ў гэтым пераканаемся, калі паглядзім навокал. Зразумела, гэтага няма ва Ўкраіне, дзе скідаюць помнікі Леніну. Але гэтага няма і ва Ўзбэкістане — краіне, дарэчы, нашмат больш рэпрэсіўнай, чым Беларусь. Таварышчу Карымаву і ў галаву не прыйдзе клясьціся Леніным і Сталіным. І Пуціну гэта не прыйдзе ў галаву. Як мы чулі, ён хутчэй крытыкуе Леніна, маўляў, якую імпэрыю разваліў. У афіцыйны дыскурс і Сталін не вернуты.

Заявы пра Леніна і Сталіна як сымбаляў народу былі 10 гадоў таму. Гэтыя атрыбуты больш не даюць Лукашэнку сілы

Усім постсавецкім краінам, дэмакратычным і недэмакратычным, свабодным і несвабодным, Сталін і Ленін не патрэбныя. А Лукашэнку патрэбныя. Ён стварае такі міні-Савецкі Саюз. Я памятаю ягонае выказваньне, «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу». Ну гэтага ж ніхто б не сказаў, уключна з Пуціным. Лукашэнка будуе нацыю, якая аб’яднаная сваёй вернасьцю савецкай спадчыне, якой здрадзілі ўсе, і рускія ў тым ліку. А беларусы — такія чыстыя, засталіся вернымі. І для гэтага такія рэліктавыя рэчы структурна патрэбныя.

Карбалевіч: З аднаго боку ўсё так. Але зь іншага боку чым далей, тым больш усе савецкія атрыбуты і сымбалі адыходзяць на задні плян. Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі — сьвята ў Беларусі, але афіцыйна ён не сьвяткуецца. Ну, камуністы ўскладуць кветкі да Леніна, але гэта ад імя грамадзкіх арганізацыяў. І 1 траўня таксама не сьвяткуецца, там прафсаюзы невялікі сход у парку робяць — і ўсё.

Заявы пра Леніна і Сталіна як сымбаляў народу былі 10 гадоў таму. Гэтыя атрыбуты больш не даюць Лукашэнку сілы. Яны яшчэ давалі ў 90-я гады, калі быў яго электарат з настальгіяй, цяпер гэты электарат сыходзіць біялягічна, а новаму насельніцтву Беларусі ўсе гэтыя савецкія сымбалі да ліхтара. А вось за суботнік ён чамусьці трымаецца, як за нейкі апошні атрыбут гэтай сыстэмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG