Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» адмовіўся падпісваць дамову зь міліцыяй і плаціць 35 мільёнаў рублёў


Ілюстрацыйнае фота. Чарнобыльскі шлях 2015

Ілюстрацыйнае фота. Чарнобыльскі шлях 2015

25 красавіка сябра аргкамітэту, кіраўнік менскай арганізацыі руху «За Свабоду», адзін з заяўнікаў акцыі Юрась Меляшкевіч сустрэўся з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым, каб абмеркаваць арганізацыйныя пытаньні правядзеньня акцыі, якія тычацца руху калёны і працы міліцыі.

Як паведамляе прэс-служба руху «За Свабоду», Меляшкевіч прадставіў у міліцыю рашэньне аргкамітэту, які ня стаў падпісваць дамову на ахову правапарадку.

Юрась Меляшкевіч

Юрась Меляшкевіч

«Міліцыя ўсё роўна не выконвае абавязкі па дамове, — растлумачыў ён. — Яна прыцягвае да адказнасьці невінаватых, неабгрунтавана затрымлівае ўдзельнікаў акцыі. Таму я ня бачу сэнсу падпісваць гэтую дамову».

«У адпаведнасьці з заяўкай, якую мы падпісалі, мы ўсё роўна павінны несьці адказнасьць за забесьпячэньне правапарадку падчас акцыі. Калі дамова не забясьпечвае перадачу міліцыі гэтых функцыяў, то навошта яе падпісваць? Навошта плаціць за тое, што не палягчае нашу працу? Мы плацім падаткі, акцызы і зборы, і нічога дадатковага міліцыя ад нас, грамадзян, не павінна атрымліваць», — дадаў прадстаўнік аргкамітэту.

Паводле словаў Меляшкевіча, міліцыя хацела атрымаць ад арганізатараў «Чарнобыльскага шляху» 35,55 мільёны рублёў.

«У адказ мне сказалі, што калі мы не аплацім гэтую суму, то яны могуць спагнаць яе з нас іншымі спосабамі за невыкананьне закона „Аб масавых мерапрыемствах“. Я сказаў, што мы нясем адказнасьць за арганізацыю акцыі, мы падпісалі заяўку ў выканкам», — адзначыў ён.

У астатнім, паведаміў Меляшкевіч, сустрэча прайшла канструктыўна. «Мы дасягнулі пагадненьня, што на месцы правядзеньня мітынгу ня будуць выстаўляцца турнікеты і рамкі. Толькі для мінакоў будзе невялікая агароджа, каб не ствараць ім перашкодаў», — сказаў палітык.

У гэтым годзе Менгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў акцыі з 18.00 да 18.30 каля кінатэатра «Кастрычнік». Потым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спагнаньне загінулых», дзе з 20.00 да 21.00 заплянаваны мітынг і цырымонія ўскладаньня кветак.

Арганізатарамі «Чарнобыльскага шляху» выступілі Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Беларуская партыя «Зялёныя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ганаровай старшынёй аргкамітэту стала ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

XS
SM
MD
LG