Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У глябальным праекце „Новы Шаўковы шлях“ Беларусь толькі на падхваце», — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністар эканомікі Літвы Эвалдас Густас афіцыйна прапанаваў уладам Казахстану далучыцца да праекту кантэйнэрнага цягніка «Вікінг», у якім удзельнічае і Беларусь, каб працягнуць маршрут аж у Кітай. З такой ініцыятывай ён выступіў на пасяджэньні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Літвы і Казахстану ў Астане, — перадае Балтыйская служба навінаў.

«Мы зацікаўленыя прыкметна пашырыць геаграфію гэтага праекту і стварыць транспартны калідор ад скандынаўскіх краін у Кітай», — заявіў літоўскі міністар.

«Фактычна ідзе гаворка пра далучэньне „Вікінга“ да руху па так званым „Новым Шаўковым шляху“, што дае магчымасьць краінам Эўразьвязу пастаўляць свае тавары ў Кітай, абмінаючы Расею», — тлумачыць сытуацыю кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Але калі гаворка ідзе пра такія глябальныя доўгатэрміновыя праекты, то нельга забывацца, што, акрамя эканамічных інтарэсаў, адразу ж ацэньваюцца і іх геапалітычныя наступствы. Праекты кшталту „Новага Шаўковага шляху“ патрабуюць адзінай палітыкі ад ягоных удзельнікаў. А гэтага пакуль няма.

Магчыма, што Казахстан і пагодзіцца на такую прапанову. У Астане ня хочуць класьці ўсе яйкі ў адзін кошык. Там бачаць, што далёка ня ўсё ідзе гладка з Эўразійскім эканамічным саюзам.

Беларусь мае спадзяваньні на гэты праект як на магчымасьць атрымаць дадатковыя транзытныя грошы. Што з гэтага можа атрымацца, пакуль сказаць складана. Мы ў гэтым праекце не асноўныя гульцы, хутчэй — так, на падхваце».

«Галоўная праблема „Вікінга“ ў тым, што на яго пашырэньне патрэбныя вельмі вялікія грошы», — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Таму і ідуць спробы далучыць да гэтага праекту Кітай альбо ягоныя фінансавыя рэсурсы. І тут ёсьць найгалоўнейшае пытаньне: ці рызыкне Пэкін удзельнічаць у праекце, маршрут якога прынцыпова абмінае Расею? Бо «Вікінг» шмат у чым трымаецца на жаданьні шэрагу краін дамагчыся зьніжэньня сваёй энэргазалежнасьці ад Масквы. Да таго ж ён дазваляе дапоўніць яшчэ адзін добра вядомы і нелюбімы Крамлём праект — «Адэса — Броды».

Пакуль у «Вікінг» уваходзяць пяць удзельнікаў — Баўгарыя, Беларусь, Латвія, Літва і Ўкраіна. Агульная працягласьць маршруту Ільлічоўск (Украіна) — Менск (Беларусь) — Драўгісьце (Літва) складае 1766 кілямэтраў. Час у дарозе — 52 гадзіны. Цягнік злучае ланцуг марскіх кантэйнэрных і кантрэйлерных лініяў Балтыйскага рэгіёну з аналягічнай сыстэмай Чорнага, Міжземнага і Касьпійскага мораў.

Зацікаўленасьць праектам выказваюць у Азэрбайджане, Грузіі, Казахстане, Кітаі, Румыніі, Турэччыне, Фінляндыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG