Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рабочыя асьвісталі Шушкевіча?


Станіслаў Шушкевіч выступае перад работнікамі.
Станіслаў Шушкевіч выступае перад работнікамі.

25 гадоў таму рабочыя Воршы выйшлі на рэйкі і блякавалі чыгуначныя шляхі. Прапанцуем разьдзел з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе».

1991-шы вачыма ўдзельніка.

Красавіцкі страйк 1991 году, які пачаўся спантанна з прычыны росту цэнаў, хутка перарос у палітычны. Рабочыя ўспрынялі патрабаваньні , якія вылучыў Беларускі Народны Фронт – абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, вывад камуністычных структур з прадпрыемстваў, роспуск з’езду нарордных дэпутатаў СССР, новыя выбары ў Вярхоўны Савет на шматпартыйнай аснове. Дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі парлямэнту для вырашэньня палітычных і эканамічных патрабаваньняў рабочых.

Быкаў: "Жадаю вам непахіснай цьвёрдасьці й вялікай рашучасьці"

“Горача вітаю рабочы кляс Менску, які гэтак гераічна выяўляе сваю рабочую згуртаванасьць ў дасягненьні агульнанародных мэтаў, у барацьбе за кавалак хлеба, дэмакратыю і галоснасьць, - зьвярнуўся ў тыя красавіцкая дні да страйкоўцаў Васіль Быкаў. -- Толькі вашая бескампрамісная барацьба можа прывесьці да ўсенароднай перамогі над грабежніцкімі захадамі Цэнтру й мясцовае партбюрактатыі. Жадаю вам непахіснай цьвёрдасьці й вялікай рашучасьці. Бог вам у дапамогу! Жыве Беларусь”.

Гэты зварот у “Навінах БНФ” Быкаў падпісаў – “народны пісьменьнік”.

Газэта "Навіны БНФ" са зваротам Васіля Быкава. Красавік 1991.
Адамовіч: "Беларусам давядзецца сутыкнуцца з вельмі актыўным супрацівам імкненьня да самастойнага і вольнага жыцьця"...

Падтрымаў рабочых і Алесь Адамовіч. “Беларусы – цярплівая нацыя, але калі ўціск робіцца занадта моцны, яны ўздымаюцца на барацьбу за справядлівую справу. І калі ўжо беларусы ўзьняліся на гэтую барацьбу, значыць, яны маюць намер перамагчы. Бяз гэтага намеру яны маглі-б яшчэ чакаць. Калі ж намер перамагчы нарадзіўся, умацаваўся, беларусы ідуць заўсёды да канца, - сказаў Адамовіч, але папярэдзіў: -- Беларусы павінны ўсьведамляць, што ім давядзецца сутыкнуцца з вельмі актыўным супрацівам іх імкненьня да самастойнага і вольнага жыцьця”.

Супраціў сапраўды быў магутны – кампартыя, якая захоўвала ўладу, выкарыстоўвалі розныя мэтады, каб спыніць страйк і загнаць людзей з плошчаў назад у цэхі, усё роўна як скаціну ў стойла.
Мы, дэпутаты БНФ, ў дасягненьні галоўных мэтаў былі адзіныя з лідэрамі страйкаму і выступалі сынхронна. Рабочыя ўбачылі ў дэпутатах БНФ абаронцаў сваіх інтарэсаў.

Усе нашыя з лідэрамі рабочага руху сумесныя намаганьні акумуляваліся на адным: прымусіць кіраўніцтва Вярхоўнага Савета склікаць нечарговую сэсію.

Пра Прэзыдыюм ВС

Але перш чым перайсьці да апісаньня драматычных падзеяў ў правым крыле Дому ўраду, будзе дарэчы сказаць некалькі слоў пра структуру якая супрацьстаяла Апазыцыі БНФ і страйкаваму камітэту –пра Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета.

У склад Прэзыдыюма ўваходзіла, паводле пасадаў, старшыня ВС Мікалай Дземянцей, ягоны першы намесьнік Станіслаў Шушкевіч, намесьнік Васіль Шаладонаў, а таксама старшыні пастаянных парлямэнцкіх камісіяў – усяго 25 чалавек.

З дэпутатаў Апазыцыі БНФ ў Прэзыдыюме быў толькі старшыня Камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях Пётра Садоўскі. Часам нашыя заявы падпісваў старшыня Камісіі па пытаньнях працы, цэн, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Аляксандар Сасноў.
Насуперак устойліваму цяперашняму меркаваньню, Генадзь Карпенка, старшыня Камісіі ВС па навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу нас, дэпутатаў БНФ, падтрымліваў рэдка, а часам і выступаў супраць. Карпенка ўвогуле вёў асобную палітычную гульню, і ў 1991 годзе на Прэзыдыюме і на сэсіях зьяўляўся ня часта – ён быў абраны мэрам Маладэчна, але пасаду старшыні камісіі ВС захоўваў за сабой. Зрэшты, Карпенка хаця б не перашкаджаў працаваць свайму намесьніку па камісіі Уладзімеру Заблоцкаму, які быў намесьнікам старшыні Апазыцыі БНФ Зянона Пазьняка.

Прэзыдыюм зьбіраўся недзе раз на тыдзень-два, зацьвярджаў праекты павесткі дня сэсіі ці вырашаў нейкія руцінныя пытаньні яе падрыхтоўкі. Вясной 1991 году палітычнае кіраўніцтва, як і ў папярэднія дзесяцігодзьдзі, заставалася ў бюро ЦК КПБ, куды ўваходзілі сакратары ЦК, старшыні Вярхоўнага Савета і Саўміну, старшыня КДБ і камандуючы вайсковай акругай. Бюро ЦК ужо не адыгрывала той ролі, якую мела пры Машэраве, але ўспрымалася чынавенствам (і камуністычнай большасьцю дэпутатаў ВС) як галоўны кіруючы ворган.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці 25 жніўня 1991 году бюро ЦК зьнікне (дзейнасьць кампартыі будзе прыпыненая), і Прэзыдыюм ВС аўтаматычна возьме на сябе яго функцыі, зробіцца гэткім “калектыўным прэзыдэнтам” – будзе выклікаць віцэ-прэм’ераў і міністраў, генэралаў і кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, прызначаць амбасадараў, узнагароджваць, надаваць званьні і вызначаць лёс асуджаных на сьмерць.

Але гэта будзе потым, а пакуль, вясной 1991-га, Прэзыдыюм ВС самае галоўнае права, якое меў – прызначыць сэсію. І менавіта гэтага дамагаліся мы, дэпутаты, сумесна з лідэрамі страйкаму.

Антончык: “Вы і толькі вы можаце спыніць страйк...”

19 красавіка члены Прэзыдыюму ВС правялі сустрэчу з прадстаўнікі страйкамаў у залі пасяджэньняў Прэзыдыюму на другім паверсе правага крыла Дому ўраду (калі не памыляюся, у гэтай залі ў лістападзе 2010 уручалі пасьведчаньні кандыдатам у прэзыдэнты).

На самым пачатку сустрэчы віцэ-прэм’ер Уладзімер Заламай паведаміў, што практычна ўсе эканамічныя патрабаваньні рабочых урад задаволіў.

Ён казаў пра падвышэньне заробкаў, пра скарачэньне – больш чым на чвэрць – чынавенскага апарату. І нават пра адмову ад так званага 5-працэнтнага “гарбачоўскага” падатку – паводле якога Беларусь выплочвала ў “саюзны бюджэт” болей, чым іншыя рэспублікі (акрамя Расеі).

І, канешне, як вялікае дасягненьне падавалася рашэньне ураду Кебіча – насуперак ранейшаму рашэньню Крамля -- зьменшыць цэны (хаця і ня ўсе).

“Як можна казаць пра нейкі сувэрэнітэт, калі наш урад ня ведаў, якімі будуць цэны?” – запытаўся кіраўнік страйкаму “Гарызонту” Алесь Галькевіч.

Можа быць, у першыя гадзіны страйку такія рашэньні пра цэны і заробкі рабочых бы і задаволілі. Але цяпер галоўнымі страйкамаўцы бачылі палітычныя патрабаваньні.

І тут да лідэраў рабочага руху зьвярнуўся першы намесьнік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч, які замяняў хворага Дземянцея:

”Фактычна, у нас няма спрэчкі пра тое, што пастаўленыя вамі палітычныя пытаньні патрэбна разглядаць. Але ёсьць пэўныя тэмпы, вялікі вагон нельга хутка разагнаць... Немагчыма сабраць у некалькі дзён дэпутатаў на сэсію – у такім выпадку яны павінны будуць разагнаць наш Прэзыдыюм як непадрыхтаваўшы сэсію.”

У гэтых словах Шушкевіча было няшмат праўды: па-першае, пастановы аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы ці дэпартызацыі, роўна як і аб датэрміновых выбарах не патрабавалі шматдзённай працы, па-другое, большасьць з дакумэнтаў былі ўжо распрацаваныя дэпутатамі Апазыцыі БНФ, мала таго – прапаноўваліся на папярэдніх сэсіях. Што да немагчымасьці склікаць сэсію у некалькі дзён – дык праз чатыры месяцы, у жніўні, нам удалося зрабіць гэта за тры дні (і за некалькі сутак дэпутаты БНФ падрыхтавалі блёк праектаў, якія заканадаўча аформілі незалежнасьць Беларусі) . Фактычна – незалежнасьць магла быць прынятая яшчэ ў красавіку, на чатыры месяцы раней. Ва ўмовах таго насычанага імклівага 91-га году чатыры месяцы значылі шмат.

Аднак Шушкевіч настойваў на тым, што прымаць палітычныя патрабаваньні цяпер ня варта:

“Кампартыя сапраўды стала ўладальніцай такой вялікай маёмасьці не заўсёды, можа быць, самымі дастойнымі мэтадамі... Гэтае пытаньне павінна зрабіцца прадметам разгляду на Вярхоўным Савеце. Але я прыхільнік іншага падыходу – калі кампартыя сама вырашыла б перадаць якія-небудзь будынкі і гэтак далей. Зараз, калі будзем вырашаць гэта галопам, можам парадзіць у грамадзтве такую сытуацыю, калі 500 тысяч камуністаў скажуць: “Я ўсё жыцьцё плаціў складкі, а цяпер гэтая маёмасьць будзе размазаная.”

“Шчыра кажучы, аргумэнт выклікае некаторае сумненьне – пракамэнтаваў аглядальнік газэты “Знамя юности” Віталь Цыганкоў. – Сярод беларускіх камуністаў шмат хто, наколькі мне вядома, падтрымліваюць ідэю нацыяналізацыі, паколькі большасьць шэраговых партыйцаў нічога з гэтага ня маюць”.

У немэтазгоднасьці скліканьня сэсіі пераконвалі страйкамаўцаў і іншыя члены Прэзыдыюму.

Булахаў: "Прыгадваеш 1917 год, выступы бальшавікоў-агітатараў"


“Назіраючы за дзеяньнямі страйкаму, прыгадваеш 1917 год, выступы бальшавікоў-агітатараў” (Дзьмітрый Булахаў). “Мы ня хочам гармідару на гэтай сэсіі… Пераконваем вас, што зробім высновы з сытуацыі, але трэба “сьпяшацца бяз сьпешкі” (Уладзімер Гаркун). Як і Булахаў, Гаркун, навогул большасьць членаў прэзыдыюму праз месяц, 21-га траўня, у першы дзень сэсіі, не падтрымаюць палітычныя прапановы рабочых.

Нарэшце, пасьля таго, як выказаліся і члены Прэзыдыюму ВС, і прадстаўнікі страйкаму, сустаршыня страйкаму і дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык прапанаваў “зараз, у гэтай залі, прагаласаваць пытаньні аб скліканьні пазачарговай надзвычайнай сэсіі для разгляду пастаўленых страйкоўцамі пытаньняў. Вырашыўшы станоўча гэтае пытаньне, вы і толькі вы можаце спыніць палітычны страйк у Беларусі. Мы не ўпаўнаважаныя цяпер вырашаць за калектывы, яны самі вырашылі страйкаваць, але вы ўпаўнаважаныя праняць рашэньне аб скліканьні сэсіі. Ёсьць дакумэнты, якія ўжо падрыхтаваныя, і тыя, за якія галасавалі народныя дэпутаты на папярэдніх сэсіях...” (Сяргей меў на ўвазе законапраекты, падрыхтаваныя Апазыцыяй БНФ, якія мы некалькі разоў спрабавалі ўключыць у павестку дня сэсіяў).


Прапанова Антончыка была цалкам законнай: паводле Канстытуцыі, Прэзыдыюм ВС меў поўнае права прызначыць сэсію; як прапаноўвалі страйкамаўцы і дэпутаты БНФ, прызначыць яе можна было на 23 красавіка. Чатырох дзён хапіла б, каб падрыхтаваць некалькі важнейшых палітычных пытаньняў.

Але Станіслаў Шушкевіч скарыстаў прыём, які неаднаразова ужываў спачатку як віцэ-сьпікер, а потым і як сьпікер.

Ён па-просту не паставіў прапанову Антончыка на галасаваньне.

І пасьля гэтага Шушкевіч абвясьціў закрытае пасяджэньне Прэзыдыюму ВС. Закрытае ня толькі для журналістаў, але і для дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Тое было наўпроставым парушэньнем Часовага Рэглямэнту Вярхоўнага Савета, -- “асноўнага закона”, паводле якога працаваў парлямэнт.

Шушкевіч: “Да чыстага парыву рабочых прымазаліся тыя, хто шукае выгады для сябе"...

Член Прэзыдыюму, дэпутат Апазыцыі БНФ Пётра Садоўскі спрабаваў пераканаць калег склікаць сэсію – але безвынікова. “Да нас далятае, што дыскусія ідзе на падвышаных танах… - пісаў у сваім рэпартажы Віталь Цыганкоў. -- . Нечакана з залі, дзе яна праходзіць, літаральна выскоквае Пётра Садоўскі і хутка сыходзіць па калідоры. Праз некалькі хвілінаў выходзяць іншыя члены Прэзыдыюму і паведамляюць, што ўсе ўжо стаміліся, нічога ня вырашана і на наступны дзень Прэзыдыюм зьбярэцца ізноў”.

А на наступны дзень у эфіры беларускага тэлебачаньня выступілі Станіслаў Шушкевіч і Міхаіл Мясьніковіч. “Да чыстага парыву рабочых прымазаліся тыя, хто шукае выгады для сябе.. У дзеяньнях страйкаму адчуваецца рука вопытных арганізатараў” – сказаў Шушкевіч.

Генпракур: "Як інфармацыя для Прэзыдыюму апынулася на стале страйкаму?"

У сераду 24 карасавіка мы з Галінай Сямдзянвай і Валянцінам Голубевым як “вопытныя арганізатары” нешта распрацоўвалі (а можа, "шукалі выгоды для сябе" - цяпер ужо і не прыгадаю) ў нашым “апазыцыйным” 363 пакоі, калі нам патэлефанавалі з прыёмнай Шушкевіча і запрасілі на пасяджэньне Прэзыдыюму.

-- Гэта нешта новае! -- сказала Галіна. – У Станіславе Станіслававічу прачнуўся дэмакрат.

Запрашэньне нас на Прэзыдыюм сапраўды выглядала нечаканым пасьля нядаўняга рашэньня Шушкевіча правесьці закрытае яго паседжаньне.

Але хутка прычыны сюрпрызу раскрыліся.

Пасяджэньне Прэзыдыюму было арганізавана з адной мэтай: паўплываць на нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Прычым, па першапачатковай задуме, у ролі “цяжкай артылерыі” павінны былі выступіць запрошаныя на Прэзыдыюм старшыня Вышэйшага Суду Каравай, генэральны пракурор Тарнаўскі, старшыня КДБ Шыркоўскі і міністар унутраных спраў Ягораў.

Перад пачаткам пасяджэньня Прэзыдыюму нам паведамілі, што ў Воршы рабочыя вылучылі ўмову: калі не прызначаецца сэсія ВС з разглядам палітычных патрабваньняў, будзе перакрытая чыгунка (груба кажучы – траса Масква-Парыж. Альбо Менск-Смаленск, як каму падабаецца. А таксама Ленінград - Адэса. Словам, увесь найважнейшы чыгуначны цэнтар эўрапейскай часткі СССР будзе заблякаваны).

Пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР 24 красавіка 1991 г. З архіву С. Навумчыка

Галіна Сямдзянава засталася ў пакоі апазыцыі на тэлефонах – падтрымліваць сувязь з Воршай. Мы спусьціліся на другі паверх, у залю Прэзыдыюму. У мяне захаваўся даволі падрабязны пратакол паседжаньня – здаецца, сёньня гэта адзіная крыніца інфармацыі пра тую падзею. Калі не лічыць невялікай нататкі ў “Свабодзе” Ігара Гермянчука. Думаю, захаваліся і магнітафоны запіс з расшыфроўкай (усе пасяджэньні Прэзыдыюму ВС запісваліся на стужку) – але недзе ў закрытых фондах. Зрэшты, іх маглі і зьнішчыць, як выкінулі на сьмеьтнік два гады назад з “палаты прадстаўнікоў” адзіны ў ёй поўны камплект стэнаграмаў сэсіяў ВС 12-га скліканьня.

Пасьля кароткага ўступнага слова Шушкевіча першым далі выступіць генэральнаму пракурору. Тым самым адразу была зададзеная танальнасьць размовы: не аналіз сытуацыі і пошук палітычнага выйсьця, а падбор адпаведных артыкулаў Крымінальнага Кодэксу.

Генпракурор: "Стыхія не бяз лідэраў Апазыцыі БНФ, Рабочага Саюза набыла арганізаваныя формы"..

Тарнаўскі: “... гэтым (ростам цэнаў – С.Н.) не спазьніліся скарыстацца сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі... Стыхія не бяз лідэраў Апазыцыі БНФ, Рабочага Саюза набыла арганізаваныя формы... Нас спрабуюць выкарыстаць у палітычным супрацьстаяньні. Патрабаваньні пра прыняцьцё карных захадаў непрымальныя... Выявілася беспрынцыпная пазыцыя кіраўнікоў прадпрыемстваў”.

“Як інфармацыя, падрыхтаваная для Прэзыдыюму, апынулася на стале страйкаму на другі дзень?” – абурыўся генпракурор.
Проста! – адкажу тагачаснаму генэральнаму пракурору сёньня. Праз супрацоўнікаў у апараце Вярхоўнага Савета, прозьвішчы якіх не лічу патрэбным называць нават сёньня (і тым больш сёньня), я меў доступ да такіх-сякіх дакумэнтаў. І, думаю, ня толькі я адзін. Натуральна, што перадаць інфармацыю рабочым я лічыў сваім абавязкам. На жаль, тады ў мяне не было машыны, таму даводзілася везьці ў страйкам копіі дакумэнтаў на тралейбусе, так што апэратыўнасьць была ня вельмі. Ну, але пасьпяваў.

“Артыкул 186-3 Крымінальнага Кодэксу БССР... Улічваючы аб’ём расьледаваньня, будзе створаная група, якая дасьць ацэнку” – завяршыў сваю прамову генпракурор і саступіў месца міністру ўнутраных спраў.

Сямдзянава: “Калі праз 7 хвілінаў ня будзе адказу, людзі лягуць на рэйкі”.

Ягораў: “ Хто панясе адказнасьць, калі 1,5 тысячы чалавек у Воршы натыкнуцца на тыя сілы, якія я туды паслаў. Нашы людзі ў працоўных калектывах расказваюць, у якіх выпадках міліцыя будзе ўмешвацца ў дзейнасьць калёнаў... Працяглай затрымкі грамадзкага транспарту не было...Ставілася мэта не дапусьціць пагромаў грамадзкіх будынкаў і ўстановаў. Спыненая спроба пікетаваньня студэнтамі інстытута замежных моў палітэхнічнага інстытута...”


Што зьбіраліся рабіць студэнты, мы так і не даведаліся – у гэты момант (у мяне дакладна пазначаны час – 15.25) у залю Прэзыдыюму ВС увайшла Галіна Сямдзянава з паведамленьнем з Воршы.

Сямдзянава: “Калі праз 7 хвілінаў ня будзе адказу, людзі лягуць на рэйкі”.

Ягораў: “Мы маем спосабы, каб не спыніўся транспарт…”

Генэрал Шыркоўскі: “КДБ не павінна быць у баку”

Пасьля Ягорава слова ўзяў старшыня КДБ БССР Эдуард Шыркоўскі.

“КДБ цьвёрда ўпэўнены: у апошні час разгарнулася жорсткая барацьба за ўладу. Дастаткова прасачыць падзеі, ды і паслухаць аратараў. На жаль, КДБ пачынаюць уцягваць у гэтую барацьбу”.
Выглядае, што, адпрацоўваючы лінію на максымальны (з улікам дэпутацкага статусу пакуль толькі палітычны і псыхалягічны) ціск на парлямэнцкую апазыцыю, старшыня КДБ, як і генпракурор і міністар унутраных спраў былі супраць таго, каб іх сіламі Прэзыдыюм ВС вырашыў тое, што сам павінен быў вырашыць палітычна. Фактычна, і Шыркоўскі і Ягораў разумелі, што калі Прэзыдыюм ВС ня пойдзе на патрабаваньні Апазыцыі БНФ і страйкаму (незалежнасьць, дэпартызацыя, новыя выбары) – іх прымусяць ужыць сілу, а потым іх жа і зробяць вінаватымі. Як зрабілі вінаватымі вайскоўцаў за Тбілісі ў 1988 і Вільню ў студзені таго ж 1991-га. Гэтая засьцярога выявілася ў прамове старшыні Вярхоўнага Суду Каравая, які сказаў, што яму не паступала матэрыялаў пра парушэньні ўказу аб масавых шэсьцях (а шэсьце 4 красавіка і ў іншыя дні было – у сто тысяч чалавек!).

Шыркоўскі яшчэ казаў пра “эмісараў страйкамаў” (хваля страйкаў у той час ішла і ў Расеі), пра 29 замежных журналістаў, якія “трымаюць сябе непаважліва ў дачыненьні да нас” (было незразумела, да каго гэта “нас” – да жыхароў Беларусі альбо да ўлады, а можа, да КДБ).

Старшыня КДБ: “Можна ўсяго чакаць, нават штурму Дому ўраду”.

Старшыня КДБ таксама паведаміў, што “вядзецца вялікая праца спэцслужбамі замежных краінаў на развал нашай дзяржавы “ (г.зн. СССР), выказаў занепакоенасьць, што дзесяткі тысячаў рабочых ужо прызвычаіліся зьбірацца ля Дому ўраду, і гэта небясьпечна, бо “можна ўсяго чакаць, нават штурму Дому ўраду”. Аднак супакоіў членаў Прэзыдыюму: “у быдынак яны ня ўвойдуць” (ужо ў эміграцыі я даведаўся, што у сутарэньнях Дому ўраду былі разьмешчаныя сотні спэцназаўцаў, прысланых Масквой з Закаўказьзя. Яны нічым не выдавалі сваёй прысутнасьці – магчыма, у Доме ўраду сутарэньні складаюць некалькі паверхаў і маюць аўтаномную сыстэму жыцьцязабесьпячэньня).

“Ідзе палітычная барацьба, і КДБ не павінна быць у баку” – завяршыў прамову генэрал Шыркоўскі.

“Значыць, КДБ будзе перашкаджаць людзям ажыцьцяўляць свае палітычныя патрабаваньні?” – парыраваў дэпутат БНФ Мікалай Крыжаноўскі.

Гілевіч: “Яны не ўспрымаюць чалавечае слова”

Члены Прэзыдыюму адзін за другім заклікалі нас “адумацца”, а да страйкамаўцаў прапаноўвалі “прымяніць уладу”.

Вядоўца паседжаньня Станіслаў Шушкевіч нам слова не даваў, даводзілася перабіваць выступоўцаў рэплікамі; Ігар Гермянчук і Валянцін Голубеў у знак пратэсту супраць такога стылю вядзеньня паседжаньня пакінулі залю.

Я з некаторымі іншымі калегамі (Мікалаем Крыжаноўскім, Юрыем Беленькім, Пётрам Садоўскім) застаўся ў залі – ужо ня памятаю, ці ўдалося мне выступіць. Калі ўдалося, дык свой выступ, натуральна, не запісаў. Затое занатаваў прамовы іншых калег па апазыцыі.

Так, Юры Беленькі зьвярнуў увагу на рэальнае скарачэньне даходаў: “балянс даходаў і расходаў такі: расходы зьнізіліся ўдвая”.

Садоўскі: "Дэклярацыя аб сувэрэнітэце не выконваецца"

Пётра Садоўскі заявіў, што “надышоў час прыняцьця палітычных рашэньняў. Ніхто рабочых не іспіраваў. Узаемадачыненьні з Цэнтрам (Масквой – С.Н.) не рэгулююцца ніяк. Дэклярацыя аб сувэрэнітэце не выконваецца. Што гэта за Савет Міністраў такі? Тэзіс пра “дэструктыўныя сілы” не адпавядае факталёгіі. Кебічу трэба браць на сябе адказнасьць”.

Садоўскага падтрымаў іншы член прэзыдыюму ВС , Аляксандар Сасноў. Ён прапанаваў памяняць павестку дня будучай сэсіі, і абмеркаваць альбо новую праграму ўраду, альбо, калі яе няма – пытаньне “круглага стала” пра кааліцыйны ўрад.

Потым узьняўся член Прэзыдыюму ВС, старшыня камісіі па пытаньнях культуры і адукацыі Ні Гілевіч. Паколькі Ніл Сымонавіч вельмі ўважліва ставіцца да інтэрпрэтацый сваёй дзейнасьці, працытую запіс ягонай прамовы, не прапусьціўшы ніводнай літары. Думаю, што запісаў блізка да арыгіналу – Гілевіч казаў павольна, кожнае слова нібыта з бронзы адліваў.

Гілевіч: "Мы чулі і чуем толькі мову ўльтыматумаў"

Гілевіч: “Сытуацыя ў рэспубліцы непрадбачная. Палохае такі настрой, якім ахоплены людзі, у тым ліку і некаторыя нашы дэпутаты. Гэты настрой ні да чаго добрага не прывядзе. Не магу зразумець патрабаваньня неадкладна склікаць сэсію – “атака з ходу”. Вось гавораць, што ўсю маёмасьць трэба зрабіць рэспубліканскай. Гэта – калясальная работа. Пра прыватную уласнасьць на зямлю – трэба ў народа запытацца. Людзей апантаў антыкамунізм. На заалягічнай нянавісьці да камуністаў ні да чаго добрага мы ня дойдзем. Калі вы (гэта да нас, дэпутатаў апазыцыі БНФ – С.Н.) хочаце нешта добрае ўнушыць людзям, якія ўвайшлі ў забастовачны камітэт… Калі вы, апазыцыя, будзеце далей слухаць кіраўнікоў страйкаму, гэта будзе ваша трагічная памылка. Дамаўляцца зь імі няма ніякага сэнсу: яны не ўспрымаюць чалавечае слова, а мы чулі і чуем толькі мову ўльтыматумаў.”

Як кантастуюць гэтыя словы НІла Гілевіча са зваротам да рабочых Васіля Быкава, які вітаў "рабочую згуртаванасьць" і жадаў страйкоўцам "непахіснай цьвёрдасьці і вялікай рашучасьці"!

Шушкевіч: “Вы робіце стаўку на несьвядомасць”

Наўпрост да нас зьвярнуўся і Шушкевіч: “Я пайшоў на плошчу, усё хацеў зрабіць. Але глядзіце, на каго вы робіце стаўку: на несьвядомасьць. У Воршы цяпер 20 чалавек селі на каляіну, але прыменяць належныя меры. Пазыцыя Антончыка – пазыцыя прадстаўніка гігемона. Мы павінны працаваць спакойна, як улада, і не ісьці на эмоцыі”.

Калі генпракурор і старшыня КДБ палохалі нас адказнасьцю, дык Гілевіч і Шушкевіч вялі гульню больш тонкую, спрабуючы аддаліць нас ад рабочых паводле інтэлектуальнага і сацыяльнага ўзроўню -- маўляў, і “чалавечае слова” яны не ўспрымаюць (жывёламі ці кім падаліся будучаму народнаму паэту Гілевічу рабочыя?), і “несьвядомыя” яны , ну а мы – “улада” (выглядае, што Шушкевіч ужо цалкам атаясамліваў сябе з гэтай уладай, гэтым кіраўніцтвам).

Мы заявілі, што застаемся на сваім: нечарговая сэсія, абвяшчэньне рэальнай Незалежнасьці, вывад камуністычных парткамаў з прадпрыемстваў.

Людзі на рэйках

Калі мы выйшлі з залі паседжаньня, даведаліся, што у Воршы на рэйках ужо не 20- чалавек, як сказаў Шушкевіч, а - сотні.

Рабочыя на рэйках у Воршы. 25 красавіка 1991 г. Здымак з газэты Свабода

Рух цягнікоў быў спынены. Такое у гісторыі Беларусі было ўпершыню. Ды, здаецца, і ў гісторыі СССР апошніх дзесяцігодзьдзяў – таксама.

Праз тры гадзіны блякаду зьнялі, але да забастоўкі далучыліся рабочыя Аршанскага лякаматыўнага дэпо.

У ноч з 24 на 25 красавіка супрацьстаяньне дасягнула максымальнай напружанасьці:; раніцай рабочыя ізноў селі на рэйкі.

Далей працытую газэтны рэпартаж.

“С. Шушкевіч.. а 12-й гадзіне 25 красавіка катэгарычна адмовіў дэпутату С.Антончыку, калі той прыйшоў да яго за прамым эфірам, каб тэрмінова заклікаць рабочых у Воршы ўстрымацца ад блякіроўкі чыгункі і гэтым папярэдзіць магчымае кровапраліцьце. “ У нас дастаткова сілаў, каб бяз вашага звароту спыніць рабочых у Воршы” – адказаў Шушкевіч».(“Свабода”, нумар 9, травень 1990 ).

У вэрсіі самога Шушкевіча дыялёг гучаў наступным чынам: “Сп. Антончык сказаў, што "мы спынім бясчынствы ў Воршы, калі нам будзе выдзелены эфір". Я яму адказаў, што "бясчынствы будуць спыненыя ў адпаведнасьці з законам і законнымі мэтадамі, таму што нашая ўлада яшчэ ў стане забясьпечыць бясьпеку людзей” («Навіны БНФ», 3, 1991).

Але вынік дыялёгу быў наступны:

“Ганьба Шушкевічу!” – скандавала шматтысячная грамада на пляцы”. (“Свабода”, нумар 9, травень 1991 ).

Як ні цяжка мне пісаць гэтыя радкі – але не Крэмль, не Лубянка, не ЦК КПБ на чале з Малафеевым, не Дземянцей, ня Кебіч – Шушкевіч паслаў у Воршу паўтары тысячы байцоў спэцназу. “Мне здаецца, ім хочацца вайсковага становішча. Да гэтага часу мы прымянялі плятанічныя мэтады, але шмат якія дзеяньні арганізатараў страйку мяжуюць са злачынствам” – пракамэнтаваў Шушкевіч свае дзеяньні (газэта “Коммерсантъ- власть”, 67, 1991).

У Воршу былі пасланыя паўтары тысячы байцоў АМАПУ – з Менску, Віцебску і з Магілеву.

У такіх умовах увечары 25 красавіка агульнанацыянальны страйкам быў вымушаны спыніць страйк.

Больш дакладна, фармулёўка была іншай – “прыпыніць” да чарговай сэсіі ВС, якая была прызначана на 21 траўня. І ня якой, натуральна ж, патрабаваньні рабочых і Апазыцыі БНФ прынятыя не былі.

Хто абяззброіў рабочы рух?

Ніколі не пагаджуся з тымі хто кажа, што красавіцкі 91-га году рабочы страйк ня меў выніку. Ён, бясспрэчна, нанёс магутны ўдар па камуністычнай сыстэме, разбурыў стэрэатып пра Беларусь як пра “рахманую” рэспубліку, а пра беларусаў – як пра “лагодны” , нават “пакорлівы” народ. Для нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, тыя красавіцкія дні былі добрай школай – назапашыны вопыт прыдаўся ў жніўні 91-га.

Мы б выйгралі чатыры месцы - а ў 91-ым, як цяпер зразумела, адзін дзень каштаваў месяцаў

І ўсё ж -- хто вінаваты ў тым, што самы магутны ў гісторыі Беларусі выступ рабочых ня меў таго палітычнага выніку, які мог бы мець? Бо калі б патрабаваньні страйкаму і апазыцыі БНФ былі выкананыя – ужо ў красавіку адбылося б тое, што адбылося 24-25 жніўня 1991-га (між іншым, Грузія прыняла Акт аб аднаўленьні незалежнасьці 8 красавіка 1991 гю).

Мы б выйгралі чатыры месцы – а ў тым 91-ым, як цяпер зразумела, адзін дзень каштаваў месяцаў…

Здавалася б, адказ просты – вінаватыя тыя, хто меў уладу, супраць каго і былі накіраваныя страйкі. Аднак такі адказ падаецца занадта прымітыўным сапраўды, наіўна было б чакаць, што кіраўніцтва ЦК КПБ, Саўміну, Вярхоўнага Свету адразу пагодзіцца на патрабаваньні, якія ставілі крыж на іх манаполіі на ўладу.

І лідэры страйкавых камітэтаў, і кіраўнікі дэмакратычных партый, якія пачалі утварацца, чакалі, што ў абарону рабочых выступіць чалавек, які называў сябе дэмакратам і які дзякуючы менавіта сваёй дэмакратычнай рыторыцы ўзышоў на палітычны Алімп.

На выбарах народных дэпутатаў СССР увесну 1989 году ў Менску не перамог ніхто, каго не падтрымліваў альбо супраць каго агітаваў Народны Фронт. За прарэктара БДУ, фізыка Станіслава Шушкевіча актывісты БНФ праводзілі мітынгі і разносілі ўлёткі. Спрыяньне БНФ Станіслаў Стаіслававіч атрымаў і на выбарах у Вярхоўны Савет БССР у сакавіку 1990-га. Да гэтых кампаніяў я ня меў дачыненьня, бо сам на выбары ішоў у Віцебску. Затое добра ведаю, колькі намаганьняў паклалі дэпутаты БНФ, каб на першай сэсіі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, ў траўні 1990-га, правесьці Шушкевіча на пасаду першага намесьніка старшыні ВС.

І, паклаўшы руку на сэрца, мы мелі і палітычнае, і маральнае права спадзявацца на ўзаемнасьць. Але ўжо самыя першыя месяцы працы ў Вярхоўным Савеце разьвеялі нашыя ілюзіі (вось таму вышэй ў ліку тых, хто ў часе страйкаў ускладаў спадзяваньні наШушкевіча, я не назваў дэпутатаў БНФ).

Зрэшты, палітычны партрэт Шушкевіча на фоне падзеяў 1991-га напішу іншым разам. Цяпер – толькі пра ягоную ролю ў зьвязку са страйкам.

Устрымаюся ад уласнай ацэнкі – прывяду тую, што прагучала ў тыя дні ў “Навінах БНФ”: “У справе абяззбройваньня беларускага дэмакратычнага рабочага руху Станіслаў Шушкевіч адыграў у пэўным сэнсе злавесную ролю. Ніхто: ні Мікалай Дземянцей, ні Анатоль Малафееў, ні Аляксей Камай ня здолелі б зрабіць гэтага. Зь імі проста ня сталі б гаварыць. Узяўшы на сябе адказнасьць за далейшае разьвіцьцё падзеяў, С. Шушкевіч ад ранейшай арыентацыі на ўзаемаразуменьне з народам прыйшоў да адмаўленьня права рабочых на ўдзел у палітычным працэсе”.

Шушкевіч: "Вы за тое, каб мы былі незалежныя. Я лічу гэта амаль што жартам"

Гэта быў уступ да таго самага інтэрвію, у якім, сярод іншага, Шушкевіч наступным чынам выказаўся пра галоўнае палітычнае патрабаваньне страйкоўцаў і БНФ – наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы: “.. я за справядлівы Саюз. Вы за тое, каб мы былі незалежныя. Я лічу гэта амаль што жартам. Я быў і застаюся прыхільнікам Саюзу” (“Навіны БНФ “Адраджэньне”, 3, 1991 ).

Тады мне не прыйшла гэтая аналёгія, а вось цяпер падумалася, што дзьве ключавыя фігуры, якія апынуліся па розныя бакі таго супрацьстаяньня рабочых і ўлады, два палітычныя антыподы – Антончык і Шушкевіч – мелі ў біяграфіі агульнае, тое, што, здавалася, павінна было б іх больш аб’ядноўваць, чым раз’ядноўваць. Бацькі абодвух адсядзелі ў ГАЛАГу; бацька Шушкевіча – 14, бацька Антончыка – 17 гадоў.

Чаму ж высновы, зробленыя імі з вопыту бацькоў, гэтак па-рознаму выявіліся ў дні, калі ўзьнікла – можа быць, упершыню ў беларускай гісторыі – рэальная магчымасьць зьнішчыць уладу камуністаў, уладу, якая гэтак бязьлітасна прайшлася па іх сем’ях?

У тыя самыя дні 1991 года ў суседняй Расеі страйкавалі рабочыя, шахцеры – і таксама супраць ЦК КПСС і Крамля, і таксама патрабавалі выгнаць камуністычныя парткамы з заводаў, правесьці новыя выбары.

Іх падтрымаў палітык, які таксама, як і Шушкевіч, мог бы сказаць пра сябе – “улада”. І нават у большай ступені мог сябе так назваць, бо быў не першым намесьнікам, а паўнамоцным старшынём парлямэнту, а да гэтага ўваходзіў у Палітбюро і кіраваў спачатку буйным рэгіёнам, а потым і сталіцай.

Старшыня ВС РСФСР Барыс Ельцын не абвінавачваў страйкамаўцаў у несьвядомасьці і гігеманізме, не заклікаў дэмакратычных лідэраў паўплываць на іх, каб спыніць пратэсты, нарэшце, не зьвяртаўся да сілавых міністраў з патрабаваньнем паслаць да шахцёраў і рабочых АМАП. Ён, наадварот, – у поўнай адпаведнасьці з клясычнымі законамі палітычнай барацьбы – скарыстаў рабочы рух Расеі для змаганьня з камуністычным кіраўніцтвам СССР. Так, Ельцын вёў барацьбу з Гарбачовым за ўладу – але здабыцьцё ўлады ёсьць адным з галоўных элемэнтаў палітыкі. Не адзіным, і на пэўных этапах разьвіцьця грамадзтва нават не самым важным, але -- істотным.

Для гісторыі важна, што Ельцын, дамагаючыся ўлады, наносіў удары па камуністычнай сыстэме. Потым, праўда, на парэштках той сыстэмы стварылі такое, што і блізка не нагадвае дэмакратыю.

Але тое ўжо расейская, іншая гісторыя. Ня наша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG