Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парашэнка распавёў, калі Саўчанка можа вярнуцца ва Ўкраіну


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным пра альгарытм і тэрмін вызваленьня ўкраінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, якая знаходзіцца ў расейскай турме.

Пра гэта ён паведаміў у нядзелю ў інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам, не ўказаўшы канкрэтна, пра які альгарытм вызваленьня ідзе гаворка.

«Мы атрымалі сьвятло ў канцы тунэлю: была дасягнутая дамоўленасьць пра альгарытм вырашэньня гэтай праблемы, была дасягнутая дамоўленасьць пра папярэдні тэрмін. Я пра гэтыя тэрміны распавёў і маці, і сястры (Саўчанкі — РС.), і тым маім прадстаўнікам, якія займаюцца каардынацыяй гэтых дзеяньняў», — сказаў Парашэнка.

Ён дадаў, што самалёт з Надзеяй Саўчанкай можа прызямліцца на ўкраінскай зямлі празь некалькі тыдняў.

«У мяне ёсьць цьвёрдая надзея, што прэзыдэнцкі самалёт разам з маімі прадстаўнікамі на працягу некалькіх тыдняў верне Надзею ва Ўкраіну. Думаю, што для мяне асабіста і для многіх ўкраінцаў гэта будзе вялікае сьвята», — сказаў Парашэнка.

Раней адзін з адвакатаў Надзеі Саўчанкі Марк Фэйгін заявіў, што Саўчанка наўрад ці вернецца ва Ўкраіну да канца траўня. Ён адзначыў, што ў панядзелак, 25 красавіка, па просьбе Саўчанкі павінна адбыцца яе сустрэча з адвакатамі, падчас якой яна вызначыць далейшыя пляны.

XS
SM
MD
LG