Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 красавіка: Усясьветны дзень барацьбы з малярыяй, дзень народзінаў Зінаіды Бандарэнкі


Зінаіда Бандарэнка у студі Радыё Свабода.
Зінаіда Бандарэнка у студі Радыё Свабода.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня

Менск. У сувязі з 30-годзьдзем чарнобыльскай катастрофы адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя «Чарнобыль праз 30 гадоў. Ад аварыйнай сытуацыі да адраджэньня і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьця пацярпелых тэрыторый». Арганізатарамі выступаюць ўрад Беларусі і праграма разьвіцьця ААН. Перад удзельнікамі выступіць намесьнік генэральнага сакратара ААН, адміністратар ПРААН Хэлен Кларк. Месца правядзеньня — Палац Рэспублікі( Пл. Кастрычніцкая, 1) Пачатак а 12:00

Менск. Урачыстае мерапрыемства, падчас якога сярэдняй школе № 130 будзе прысвоена імя Рут Уолер. Уолер была амэрыканскай супрацоўніцай Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацый (місія ААН — ЮНРРА), якая дзейнічала ў Беларусі ў 1946-1947 гадах. Улетку 1946 году Уолер выратавала трох беларускіх дзяцей, якія танулі ў возеры. Пасьля гэтага яна захварэла на запаленьне лёгкіх і мэнінгіт і, нягледзячы на намаганьні лекараў, 4 жніўня таго ж году памерла. Амэрыканка пахаванач на Вайсковых могілках у Менску. Месца правядзеньня — вул. Янкі Лучыны, 16. Пачатак а 8:45.

Менск. Міжнародны фэстываль кантараў, прысьвечаны сьвяту Песах. Месца правядзеньня — Цэнтар «Бейт Сімха» (вул Шорная, 20.) Пачатак а 18:00

Менск. Пачне працу пэрсанальная выстава беларускага мастака Мікалая Мішчанка «Рэальнасьць чулай цішыні». У выставачнай залі «Арт-кафэ» будуць прадстаўленыя каля 40 працаў мастака, выкананых у тэхніцы акварэлі. Месца правядзеньня — НММ (вул. Леніна, 20) Пачатак аб 11:00

Горадня. У рамках Дзён культуры Ізраілю ў Беларусі адбудзецца паказ фільму Этгара Керэта «Мэдузы». Месца правядзеньня — Кінатэатр «Чырвоная Зорка» (вул. Сацыялістычная, 4) Пачатак а 18:00

Ёсьць нагода

Сёньня — Усясьветны дзень барацьбы з малярыяй

У гісторыі

1794 — падчас разгортваньня на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, у Вільні быў пакараны сьмерцю Сымон Касакоўскі. Касакоўскі — былы дзяржаўны дзяяч Княства, які здрадзіў незалежнасьці, перайшоў на бок Расеі і разам з расейскім войскам узяў удзел у інтэрвэнцыі. За гэты ўчынак паўстанцы прысудзілі Касакоўскага да сьмяротнае кары. Ён быў павешаны ў Вільні на вулічным слупе.

1863 — паўстанцы Каліноўскага на чале з Баляславам Калышкам пацярпелі паразу ад рэгулярнага расейскага войска ў бітве пад Біржамі. У выніку схоплены ў палон Калышка будзе празь дзень публічна павешаны на Лукіскай плошчы ў Вільні.

1945 — сустрэча на Эльбе савецкіх і амэрыканскіх войскаў

1945 — пачатак Сан-Францыскай міжнароднай канфэрэнцыі 50 краін па выпрацоўцы Статуту ААН

1974 — пачалася «Рэвалюцыя гвазьдзікоў» у Партугаліі, якая завяршылася скіданьнем дыктатарскага рэжыму Антоніё Салазара.

2005 — Баўгарыя і Румынія падпісалі дамовы пра далучэньне да Эўразьвязу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1214 — Людовік IX Сьвяты, кароль Францыі, кіраўнік 7-га і 8-га крыжовых паходаў.

1599 — Олівэр Кромвэль, ангельскі вайсковец і палітык.

1824 — Самуіл Магілевер, ураджэнец Беларусі, заснавальнік рэлігійнага сіянізму.

1868 — Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзяяч.

1874 — Гульельма Марконі, італьянскі радыётэхнік і прадпрымальнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1909.

1939 — Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі

1940 — амэрыканскі кінаактор Аль Пачына.

У гэты дзень памерлі:

1744 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном і фізык.

1913 — Міхайла Кацюбінскі, украінскі пісьменьнік.

Цытата

I адзін я ў пустыні,

I адзін я ў пустыні...

Кроў пачне закіпаць,

Потым зноўку застыне.

Хоць шукаюць сябры — ды мяне не знаходзяць

На паблытаных сьцежках вайны.

Караваны мяне абыходзяць,

Заміраюць у далях званы.

Толькі жоўты пясок неабсяжнай пустыні

Нада мною галосіць

То працяжна, то сіпла.

Толькі жорсткі пясок агнявая пустыня

Праз вачніцы мае усё сыпле і сыпле. (...)

Не хачу паміраць на чужой я зямлі!

Трэба ўзьняцца.

Я сьвінцовыя вейкі свае расчыніў,

Сьвет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны.

Толькі я ўжо устаў,

Бо удалечыні

Я убачыў вялікае сонца Радзімы.

Дык сьвяці, не гасі гэты сьветлы маяк,

Дарагая Радзіма мая!

Хай вятры у вушах па-вар’яцку гудуць,

Хай пясок скрыпіць і рыпяць суставы,

Але я іду,

Але я дайду

Да першай савецкай заставы.

Пімен Панчанка, фрагмэнт верша «Малярыя» («Іранскі дзёньнік», 1945-1947)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG