Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Членкар РАН Аляксей Яблакаў не выключае, што цікавасьць Беларусі да ядзернай энэргетыкі зьвязаная з жаданьнем атрымаць атамную зброю


Аляксей Яблакаў.

Аляксей Яблакаў.

Вядомы расейскі біёляг, член-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук Аляксей Яблакаў не выключае, што цікавасьць Беларусі да стварэньня ўласнай атамнай станцыі зьвязаная з жаданьнем уладаў атрымаць атамную зброю.

Гэтую тэму, як паведамляе БелаПАН, Яблакаў закрануў 24 красавіка ў Менску падчас дыскусіі ў межах міжнароднай канфэрэнцыі «Чарнобыль+30», якая праходзіць пад эгідай экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» пры падтрымцы кіеўскае філіі Фонду Генрыха Бёля (Нямеччына), Сусьветнай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Эўрапейскай партыі зялёных.

Паводле слоў навукоўца, атамная энэргетыка «наўпрост зьвязаная з атамнай зброяй». «Атамная энэргетыка — гэта атамная бомба, якая дае электрычнасьць. Гэты выраз нобэлеўскага ляўрэату Пятра Капіцы абсалютна фізычна дакладны. На любой атамнай станцыі адбываюцца тыя ж самыя працэсы, што і ў атамнай бомбе», — растлумачыў ён.

Яблакаў мяркуе, што для Расеі, у прыватнасьці, цікавасьць у ядзернай энэргетыцы ў першую чаргу складае ваенны патэнцыял:

«Калі краіна мае доступ да мірных атамных тэхналёгіяў, то яна прайшла палову шляху для таго, каб мець атамную зброю. А атамная зброя — гэта зброя дзяржаўнага шантажу, як мы цяпер бачым у Расеі».

«Я не выключаю, што і кіраўніцтва ў Беларусі таксама мае на ўвазе ня толькі атамную энэргію. Маючы калясальны навуковы патэнцыял — „Сосны“ (Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў „Сосны“), а гэта магутны навуковы атамны цэнтар, калі ў вас будзе свой уласны плютоній, зрабіць атамную бомбу — гэта не [праблема]», — сказаў расейскі вучоны.

У сучасным сьвеце, як адзначыў Яблакаў, энэргетыка ў ядзернай галіне знаходзіцца на другім месцы, на першым жа — «палітычныя амбіцыі і пытаньне шантажу». «Гэта адна з прычын, чаму ААЭ, Эгіпет, Іран хочуць пабудаваць атамныя станцыі. <...> Сёньня мы бачым, як [Паўночная] Карэя шантажуе ўвесь сьвет», — падсумаваў член-карэспандэнт РАН Аляксей Яблакаў.

Калі б не чарнобыльская катастрофа, Беларусь была б развітой еўрапейскай краінай

Таксама Аляксей Яблакаў заявіў, што каб у 1986 годзе ня здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, Беларусь сёньня была б разьвітой эўрапейскай краінай.

«Беларусь магла б жыць непараўнальна лепш, калі б не Чарнобыль, гэта была б іншая краіна, разьвітая эўрапейская краіна, — сказаў навуковец. — Беларусі давялося выдаткаваць на наступствы Чарнобыля, напэўна, дзесьці 250 млрд даляраў — ад пяці да сямі бюджэтаў краіны пайшло марна. Так, сапраўды, трэба было падтрымліваць людзей, перасяляць, будаваць нанова, але ўсяго гэтага можна было не рабіць [не здарся чарнобыльская аварыя], пакінуць грошы Беларусі, і жыцьцё было б іншым».

Паводле слоў навукоўцы, да гэтага часу ў асноўным з-за наступстваў аварыі на ЧАЭС зь Беларусі эмігравала прыблізна 15% насельніцтва:

«Паехалі самыя актыўныя, тыя, каму хацелася разьвівацца. Цяпер яны будуць атрымліваць прэміі па літаратуры, фізыцы ў ЗША, Францыі, але ня тут».

Расейскі навуковец адзначыў, што дакладную колькасьць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС назваць цяжка. Тым ня менш ён выказаў здагадку, што наступствы катастрофы забралі жыцьці ня менш за 200 тысяч беларусаў, яшчэ прыкладна ў 1 млн узьніклі розныя захворваньні, у тым ліку анкалягічныя і сардэчна-сасудзістыя.

Наступствы гэтай тэхнагеннай аварыі, хай і кропкава, паводле слоў Яблакава, у Беларусі адчуваюць і сёньня: «Адчуваюць, калі народзіцца дзіця з прыроджаным парокам разьвіцьця, таксама калі ў Беларусі робіцца 500-700 абортаў штогод, каб не нараджаліся вырадкі».

Яблакаў адзначыў, што, згодна з распрацаваным для Саюзнай дзяржавы атлясам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, вялікія тэрыторыі заражаных лясоў, палёў і рэк застануцца да 2056 году. Больш за тое, зьяўляюцца новыя небясьпекі, у прыватнасьці ўтварэньне амэрыцыя-241.

«Зьвесткі па Беларусі сьведчаць, што плошча небясьпечнага забруджваньня амэрыцыем павялічыцца ў чатыры разы да 1.300 квадратных кілямэтраў, — сказаў навуковец. — Амэрыцый такі ж моцны выпраменьвальнік, як цэзій і стронцый. Калі плютоній выпускае альфа-выпраменьваньне, якое распаўсюджваецца на 1,5 см і ад яго можна адгарадзіцца паперай, то ад амэрыцыя адгарадзіцца нельга — прамяні проста працінаюць чалавека».

«Мы ня ведаем усіх наступстваў радыяцыі, і крыўдна, што яны ўсё менш і менш дасьледуюцца. Колькі навуковых устаноў у Беларусі займаліся наступствамі чарнобыльскай катастрофы? Зараз усе яны колькасна скарочаныя ў дзесяткі разоў, загнаныя ў Гомель. Лічыце, што беларусы спынілі гэтую працу. Гэта злачынства перад беларусамі і чалавецтвам, што перасталі дасьледаваць наступствы ўзьдзеяньня радыяцыі і дапамагаць людзям», — падсумаваў Яблакаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG